З клопатам пра здароўе

Безопасность и здоровье Общество

На чарговай сесіі раённага Савета дэпутатаў, у рабоце якой прынялі ўдзел старшыня райвыканкама Яўген Круковіч, яго намеснікі, кіраўнікі структурных падраздзяленняў райвыканкама, старшыні Івянецкага пасялковага і сельскіх Саветаў дэпутатаў, было разгледжана пытанне аб выніках рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы “Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь” на 2016-2020 гады.

Старшыня раённага Савета дэпутатаў Пётр Бібік нагадаў, што яна была распрацавана ў адпаведнасці з прыярытэтнымі кірункамі сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна і нацыянальнай стратэгіі эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь. Праграма прадугледжвала стварэнне ўмоў для паляпшэння здароўя насельніцтва з ахопам усіх этапаў жыцця, шырокую інфармаванасць аб фактарах рызыкі, што паграджаюць здароўю, прапаганду здаровага ладу жыцця, фарміраванне самазахаваўчых паводзін, развіццё і ўмацаванне інстытута сям’і, павышэнне прэстыжу бацькоўства, скарачэнне ўзроўню смяротнасці, перш за ўсё ў працаздольным узросце, павелічэнне працягласці жыцця, паляпшэнне якасці і даступнасці медыцынскіх паслуг, развіццё ўнутраных эміграцыйных працэсаў, зніжэнне распаўсюджвання негатыўных з’яў: п’янства і алкагалізму, ВІЧ інфекцыі, хваробы на сухоты і інш.

Пра вынікі рэалізацыі праграмы расказаў галоўны ўрач Валожынскай цэнтральнай раённай бальніцы Павел Ганчар. Ён нагадаў, што важным паказчыкам эфектыўнасці працы ўсіх зацікаўленых структур па захаванні стабільнай дэмаграфічнай сітуацыі ў раёне з’яўляецца дасягненне дадатнага натуральнага прыросту, зніжэнне смяротнасці розных груп насельніцтва ад прычын, якімі можна кіраваць. На 1 студзеня 2021 года ў раёне пражывалі 34341 чалавек. У параўнанні з папярэднім годам адзначалася павелічэнне колькасці насельніцтва працаздольнага ўзросту на 2195 чалавек. Людзей старэйшага ўзросту 18664 чалавекі (54,3% ад усяго насельніцтва). Па даных ЗАГС у 2020 годзе ў раёне нарадзіліся 247 дзяцей. У той жа час памерлі 664 чалавекі.

У структуры агульнай смяротнасці першае месца займалі хваробы сістэмы кровазвароту, другое – анкалагічныя захворванні, трэцяе – знешнія прычыны. Было адзначана зніжэнне смяротнасці ад хвароб нервовай сістэмы і ад старасці.

Павел Алегавіч падкрэсліў, што на працягу 2016-2020 гадоў усімі зацікаўленымі службамі і ведамствамі рэалізоўваліся шматлікія мерапрыемствы. Медыка-дэмаграфічныя паказчыкі, такія як нараджальнасць, смяротнасць, чакаемая працягласць жыцця, захворванне, з’яўляюцца індыкатарамі сацыяльна-эканамічнага развіцця дзяржавы.

Праграма “Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь” уключае ў сябе 7 падпраграм і больш за 100 пунктаў мерапрыемстваў, прадугледжаных для яе рэалізацыі.

Павел Ганчар заўважыў, што мерапрыемствы першай падпраграмы “Сям’я і дзяцінства” накіраваны на мінімізацыю медыка-сацыяльных рызык, што звязаны з раннім фарміраваннем шкодных звычак, незапланаванай цяжарнасці, а таксама на павышэнне інфармаванасці і адукацыйнага ўзроўню асоб рэпрадуктыўнага ўзросту, умацаванне здароўя маці і дзіцяці, развіццё сістэмы падтрымкі сем’яў з дзецьмі і законных інтарэсаў дзяцей.

Рашэнне задач па зніжэнні ўплыву фактараў рызыкі неінфекцыйных захворванняў прадугледжвала падпраграма “Прафілактыка і кантроль неінфекцыйных захворванняў”. У гэтым пытанні важны акцэнт быў зроблены на міжведамаснае партнёрства, калі рашэннем пытанняў захавання і развіцця здароўя насельніцтва займаюцца не толькі органы аховы здароўя, але і ўсе гарадскія структуры.

У раёне праводзіцца прафілактычная работа па папярэджанні і пераадоленні п’янства і алкагалізму, што прадуледжвае адна з падпраграм. Выкананы на Валожыншчыне і мэтавыя паказчыкі падпраграмы “Хвароба на сухоты”. Шмат увагі надаецца рэалізацыі падпраграмы “Прафілактыка ВІЧ-інфекцыі”.

Дзякуючы падпраграме “Знешняя міграцыя” ў 2020 годзе ў раён прыбылі 120 чалавек. Нарматывы аб’ёмаў медыцынскай дапамогі, якія з’яўляюцца мэтавымі паказчыкамі падпраграмы “Забеспячэнне функцыянавання сістэмы аховы здароўя Рэспублікі Беларусь”, у раёне выконваюцца.

За перыяд з 2016 па 2020 гады на рэалізацыю мерапрыемстваў Дзяржаўнай праграмы “Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь”, якія  накіраваны на стабілізацыю колькасці насельніцтва і павелічэнне працягласці жыцця ў раёне было зрасходавана 58902825,91 рубля, што складае 99,9% ад запланаванага.

Пра вынікі рэалізацыі падпраграмы “Сям’я і дзяцінства” органамі сацыяльнай абароны паведаміла начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Святлана Ракавец. Яна нагадала, што сацыяльная палітыка, якая праводзіцца ў краіне, садзейнічае таму, каб дзяржаўная падтрымка сям’і выступала адным з ключавых напрамкаў дэмаграфічнай бяспекі. Адбываецца выплата дзяржаўных дапамог, прадастаўленне сямейнага капіталу, матэрыяльнай дапамогі да пачатку навучальнага года шматдзетным сем’ям, грашовыя выплаты да ордэна Маці, адначасовыя выплаты пры нараджэнні двойні, тройні і г. д., аказанне сацыяльных паслуг.

Штогод ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама атрымліваюць розныя віды дапамогі каля 350 сем’яў. 60% фінансавання ўсёй сістэмы дапамог прыходзіцца на выплаты па доглядзе за дзіцем да дасягнення ім 3-х гадоў. Значныя памеры дапамог у сувязі з нараджэннем дзіцяці. Яны дазваляюць кампенсаваць першапачатковыя выдаткі на набыццё прадметаў першай неабходнасці для немаўляці. Асобныя выплаты падугледжаны для сем’яў, дзе нараджаюцца двойні, тройні. Такіх за перыяд дзеяння Дзяржаўнай праграмы было 13. Прадугледжаны шэраг дапамог і для падтрымкі найбольш сацыяльна-неабароненых сем’яў, напрыклад, дзе выхоўваецца дзіця-інвалід. Штогод павялічваецца колькасць шматдзетных сем’яў. На 1 верасня на ўліку ў Валожынскім тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва такіх было 571 (1867 дзяцей) і 120 сем’яў, дзе растуць 123 дзіцяці-інваліды.

За 2016-2020 гады ўзнагароду “Ордэн Маці” атрымалі 16 матуль нашага раёна. За перыяд рэалізацыі праграмы сямейнага капіталу ў раёне адкрыты 467 дэпазітных рахункаў на агульную суму каля 4 млн 670 тысяч долараў. Са студзеня 2020 года шматдзетныя сем’і атрымалі права яго датэрміновага выкарыстання. З пачатку 2020 года ў адносінах да 174 сем’яў райвыканкам прыняў рашэнні па гэтым пытанні. 90% саіскальнікаў накіравалі грошы на паляпшэнне жыллёвых умоў.

На заканчэнне пасяджэння было адзначана, што за 2016-2020 гады праведзена вялікая работа для рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы, але яна павінна працягвацца і надалей. У чэрвені рашэннем раённага Савета дэпутатаў быў зацверджаны рэгіянальны комплекс мерапрыемстваў па рэалізацыі праграмы “Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь” на 2021-2025 гады.

Наш кар.