Даўгабуды. Эксперт – аб прычынах зацяжных будоўляў

Общество

Як ідуць справы з даўгабудамі ў цэнтральным рэгіёне? Аб гэтым расказала першы намеснік старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Мінскай вобласці Святлана САКАЛОЎСКАЯ.

 – Наколькі актуальная праблема даўгабудаў для Мінскай вобласці?

 – Тут размешчаны каля 30 працэнтаў усіх аб’ектаў звышнарматыўнага будаўніцтва. Цяпер іх больш за 1000, у тым ліку тых, што ўзводзяцца з прыцягненнем дзяржаўных сродкаў, – 678. Прычым палова – аб’екты, якія лічацца такімі больш за пяць гадоў. Самым “старажытным” даўгабудам ужо каля 30 гадоў.

 – Чаму гэтымі аб’ектамі такі працяглы час ніхто не займаўся?

 – Прычыны розныя, але першапачатковая па вялікім рахунку агульная – недахоп грошай. Пасля – адсутнасць кантролю з боку зацікаўленых (забудоўшчыкаў і органаў улады на месцах) за колькасцю даўгабудаў, у тым ліку неправядзенне інвентарызацыі такіх аб’ектаў ці яе фармальнае правядзенне. Як вынік, аб’екты выпалі з уліку, незакансерваваны, прыходзяць у непрыгоднасць.

 – Але ж існуе статыстычная справаздачнасць па такіх аб’ектах?

 – Справаздачнасць ёсць, і забудоўшчыкі прадастаўляюць яе у рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства “Інстытут жылля – НІПТІС імя С. С. Атаева”. Аднак, як сведчаць вынікі кантролю, не ўсе і не ў поўным аб’ёме. Зараз заказчыкамі і забудоўшчыкамі вядзецца работа па ўдакладненні даных  справаздачнасці. Пры гэтым адзначу – вельмі марудна і не заўсёды якасна.

 – Ці ёсць запланаваныя мерапрыемствы па аб’ектах звышнарматыўнага незавершанага будаўніцтва?

– Так, раёнамі былі распрацаваны рэгіянальныя мерапрыемствы на 2016-2020 гады, на дадзены момант ідзе работа па распрацоўцы мерапрыемстваў на 2021-2025 г.г. Вымушана прызнаць, што асобныя раёны выконвалі работу “для адчэпнага”.

– Чаму такія вынікі?

– Паступае шмат тлумачэнняў. Але з нашага боку мы бачым адсутнасць комплекснага падыходу пры распрацоўцы такіх мерапрыемстваў і кантролю з боку мясцовых органаў улады за іх рэалізацыяй. Хочацца адзначыць безыніцыятыўнасць па дадзеным пытанні і з боку забудоўшчыкаў. Пры такіх абставінах нам давядзецца доўга і карпатліва працаваць па кожным даўгабудзе.

– Як ідуць справы ў Валожынскім раёне?

 – У справаздачнасці Валожынскага раёна на 1 ліпеня 2021 года лічацца 53 аб’екты звышнарматыўнага будаўніцтва, уключаючы аб’екты, якія па факце ўведзены ў эксплуатацыю і даўно эксплуатуюцца. Так, па аб’екце “Жылы дом № 1, в. Пяршаі (1-я чарга)”, згодна з інфармацыяй забудоўшчыка, работы выкананы, акт уводу аб’екта ў эксплуатацыю даціраваны чэрвенем 2013 года.

 Мерапрыемствы на 2016-2020 гады былі распрацаваны, аднак па іх не пралічана неабходнае фінансаванне, не вызначаны яго крыніцы. Па трох аб’ектах мерапрыемствы і ўвогуле не вызначаны.

 На 2021-2025 г.г. мерапрыемствы раёнам да цяперашняй пары не распрацаваны, што сведчыць аб адстунасці зацікаўленасці мясцовых органаў улады ў прапрацоўцы дадзенага пытання.

– Ці ёсць раёны ў Мінскай вобласці, якія спраўляюцца з гэтай праблемай?

– Можна адзначыць актыўную работу і далучэнне Слуцкага і Вілейскага раёнаў па рабоце з даўгабудамі, а вось Мінскі раён таксама паказаў сябе з адмоўнага боку.

 Работа ў гэтым кірунку працягваецца, і спадзяёмся, што яе вынікі будуць больш значнымі.

Наш кар.