Зрабіць умовы працы больш бяспечнымі

Безопасность и здоровье

Рэйдавая група тэхнічнай інспекцыі Мінскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў наведала наш раён.

Спецыялісты праверылі захаванне заканадаўства аб ахове працы ва ўстановах і на прадпрыемствах. З гэтай мэтай пабывалі ў лясгасе, установах адукацыі, на сельгаспрадпрыемствах “Сівіца” і “Падбярэззе”, у раённым цэнтры па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый, Валожынскім раёне газазабеспячэння.

Пры правядзенні маніторынгу асаблівая ўвага надавалася пытанням бяспечнага выканання работ з павышанай небяспекай, правядзення інструктажу, забеспячэння працуючых сродкамі індывідуальнай абароны, арганізацыі перыядычнага кантролю за станам аховы працы, стварэння на прадпрыемствах належных санітарна-бытавых умоў.

Падчас рэйду тэхнічныя інспектары правялі гутаркі з работнікамі па прафілактыцы вытворчага траўматызму, важнасці захавання патрабаванняў аховы працы, вытворчай і працоўнай дысцыпліны. На канкрэтных прыкладах паказалі, да чаго прыводзяць халатныя адносіны да патрабаванняў інструкцый па ахове працы. Таксама далі кансультацыі па цікавячых работнікаў пытаннях. Асаблівую ўвагу надалі выкананню раздзела “Ахова працы” ў калектыўных дагаворах.

Вынікі маніторынгу будуць адлюстраваны ў адпаведных рэкамендацыях, якія дапамогуць зрабіць умовы працы ў арганізацыях больш здаровымі і бяспечнымі.

Вераніка ЗАГОРСКАЯ,

старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў