Рэгіянальныя навіны ад Наталлі ШТЭЙНЕР

Региональные новости

Тэл.: 67079, Velcom 3933728 nshtejner@mail.ru

Рашэннем райвыканкама ў верасні чарговым матулям, што нарадзілі трэцяе і наступнае дзіця, прызначаны сямейны капітал. Праўда, актыўнасць мінулых гадоў ужо не назіраецца. Сем’яў, якія рашыліся на трэцяе дзіця, усё менш, але, між тым, яны ёсць.

Сямейны капітал у бягучым месяцы прызначаны Надзеі Леанідаўне Зяньковай з Валожына і Таццяне Мар’янаўне Гутар з вёскі Відзейкаўшчына Вішнеўскага сельсавета. Нашмат больш тых, хто звярнуўся ў райвыканкам за датэрміновым размеркаваннем сродкаў сямейнага капіталу. Дазвол атрымалі валожынкі Анастасія Казіміраўна Нахай і Наталля Аляксандраўна Круглік, Алеся Юр’еўна Васілеўская і Аксана Мікалаеўна Лукашанец, Вераніка Фёдараўна Патаповіч і Анастасія Валер’еўна Падлужная з вёскі Выганічы Ракаўскага сельсавета, Алена Станіславаўна Рак і Алеся Валер’еўна Гасанава з Ракава, Ганна Рыгораўна Садоўская з Івянца, Надзея Уладзіміраўна Каленка з вёскі Капусціна і Вольга Аляксандраўна Радзюш з вёскі Саланая Валожынскага сельсавета. У асноўным жанчыны звяртаюцца, каб выкарыстаць сродкі на будаўніцтва ці набыццё жылля, на адукацыю старэйшым дзецям ці на пратэзаванне зубоў. Дарэчы, сямейны капітал можна выкарыстоўваць па частках і звяртацца за дазволам на яго выкарыстанне некалькі разоў.

З 13 верасня і па 17 кастрычніка на другім паверсе Валожынскага краязнаўчага музея разгорнута выстава “Каштоўны дар – народнае адзінства”.

На выставе прадстаўлены нумары газеты “Чырвоны сцяг”, якая з’яўлялася органам ЦК Кампартыі Заходняй Беларусі, за 1929-1933 гады, шматлікія дакументы польскага перыяду: пасведчанні аб нараджэнні, шлюбе, смерці, даведкі аб аплаце падаткаў, атрыманні спадчыны, ветэрынарныя даведкі. Цікавы дакумент – санітарныя правілы, якія існавалі ў мястэчку Валожын і падпісаныя бургамістрам Станіславам Шведам. Ёсць школьныя пасведчанні на польскай мове, бо ў той час не толькі вучыцца павінны былі па-польску, але і думаць. Невялікі раздзел складаюць фатаграфіі, практычна ўсе яны з сямейных архіваў і адлюстроўваюць асабістыя падзеі з жыцця простых людзей. Тагачасных фатаграфій Валожына і навакольных населеных пунктаў дайшо да нас вельмі мала. З касцельнай бібліятэкі Вішнеўскага касцёла ў музей перададзена дзіцячая і мастацкая літаратура на польскай мове.

У рамках Міжнароднага дня бібліятэк у Валожынскім сельскагаспадарчым ліцэі прайшла выхаваўчая гадзіна “З любоўю да Беларусі”.

На мерапрыемства ў бібліятэку былі запрошаны першакурснікі груп 15-108 і 19-41. Сустрэча атрымалася цікавай і надзвычай пазнавальнай. Навучэнцы ўважліва слухалі бібліятэкара Л. Садоўскую, якая расказала пра славутасці нашай краіны, дасягненні вядомых беларусаў у розных галінах жыцця, пра тое, якія ўмовы створаны для вучобы і адпачынку. Спынілася бібліятэкар таксама на правах і абавязках грамадзян, запісаных у Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Мерапрыемства завяршылася віктарынай “7 цудаў Беларусі”.

У доме-інтэрнаце для інвалідаў і старых людзей “Сямейны прычал”, што ў вёсцы Вайганы Вішнеўскага сельсавета, госці здараюцца вельмі часта. Яны прыязджаюць сюды з самымі рознымі намерамі: з гуманітарнай дапамогай, аказаннем іншай дапамогі і з канцэртамі.

Насельнікі ўстановы заўсёды радуюцца такім сустрэчам, новым знаёмствам. На канцэрты звычайна прыходзяць вяскоўцы, застаюцца родныя, якія прыязджаюць адведаць сваякоў. Апошні раз тут сустракалі ансамбль саксафаністаў пад кіраўніцтвам Уладзіміра Якутовіча з Салігорска. Музыканты прывезлі таксама наборы ласункаў для кожнага з жыхароў інтэрната. А дабрачынны фонд “Спірас” даставіў вялікую партыю канцтавараў. Больш за 20 сем’яў атрымалі для сваіх дзяцей-школьнікаў альбомы для малявання і фарбы, ручкі, алоўкі, абгорткі для сшыткаў і падручнікаў, іншыя прылады. Прадстаўнікі мінскай царквы “Благадаць” на мінулым тыдні даставілі ў Вайганы адзенне і абутак, дзіцячыя рэчы, цацкі. У сваёй майстэрні вернікі шыюць цёплыя коўдры, падушкі, якія таксама даставілі ў дом-інтэрнат. Больш за 100 чалавек з мнагадзетных сем’яў, матулі-адзіночкі і іншыя катэгорыі грамадзян змогуць набыць сабе неабходныя рэчы.

24 верасня святкавала дзень нараджэння заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Таццяна Уладзіміраўна Ліхачова – вядучая актрыса Віцебскага драматычнага тэатра імя Я. Коласа.

Аказваецца, нарадзілася будучая актрыса ў нашым горадзе ў 1952 годзе ў сям’і ваеннаслужачага. Прыемна, што яна ўсюды ўказвае, што нарадзілася ў Валожыне, хаця наўрад ці была хоць раз у дарослым жыцці. Але, пэўна, бацька служыў у Валожыне нядоўга, бо ў дашкольныя гады Таццяна выступала на сцэне ваеннага клуба ў Полацку, а ў школу пайшла ў Мінску. Цікава яшчэ і тое, што ў трупе дадзенага тэатра было некалькі ўраджэнцаў нашага раёна.