На крылах творчасці

Кругозор Культура

Шмат цікавых мерапрыемстваў, накіраваных на тое, каб пазнаёміць школьнікаў і іх бацькоў з магчымасцямі па арганізацыі вольнага часу хлопчыкаў і дзяўчынак, прайшло ў Івянецкім цэнтры творчасці дзяцей і моладзі падчас Тыдня ўстаноў дадатковай адукацыі.

 У першы дзень тут была арганізавана экскурсія з прэзентацыяй “Нашы дзверы адчынены для ўсіх!”. Адбыліся майстар-класы па лепцы з гліны, рукадзеллі. Наведвальнікі з задавальненнем разглядалі выставу вырабаў дэкаратыўна-прыкладной творчасці з ліку работ-пераможцаў выстаў і конкурсаў па выніках 2020/2021 навучальнага года. На базе Івянецкай сярэдняй школы прайшла выстава “Карусель творчасці” ўзорнай студыі “Натхненне”.

Творчая гасцёўня “Беларускія традыцыі – наш скарб” з прэзентацыяй работ удзельнікаў вышэйназванай студыі адбылася падчас Тыдня на базе цэнтра творчасці. У экспазіцыі выставы былі адлюстраваны такія напрамкі дэкаратыўна-прыкладной творчасці, як лепка з гліны, народная лялька, выцінанка, жывапіс.

У новым 2021/2022 навучальным годзе Івянецкі цэнтр творчасці працягвае актыўнае супрацоўніцтва з Ракаўскай і Івянецкай сярэднімі школамі, Пяршайскім, Дорскім і Суднікаўскім вучэбна-педагагічнымі комплексамі, Дорскай школай мастацтваў, Івянецкім домам-інтэрнатам для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, на базе якіх адкрываюцца аб’яднанні па інтарэсах “Канструяванне з дрэва”, “Выцінанка”, “Я – мастак”, “Вернісаж”, “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва”, “Спадчына”, “Дзейнасць вольнага часу”, “Спартыўныя гульні” і інш. Для прыцягнення дзяцей да заняткаў  у іх  прайшлі майстар-класы, індывідуальныя гутаркі, прэзентацыі выстаў і інш.

Шмат карыснай інфармацыі хлопчыкі і дзяўчынкі атрымалі падчас раённага дня бяспекі. Нямала новага яны даведаліся пра тое, як паводзіць сябе у розных небяспечных сітуацыях, а самае галоўнае, рабяты зразумелі, што многія няшчасныя выпадкі можна прадухіліць, выконваючы элементарныя правілы. Паралельна ў Івянецкім цэнтры творчасці дзяцей і моладзі працавала пляцоўка, дзе былі арганізаваны конкурсы і віктарыны. Яны не пакінулі хлопчыкаў і дзяўчынак абыякавымі. Яшчэ больш узняў настрой і актыўнасць школьнікаў танцавальны флэшмоб “Я, ты, ён, яна – разам цэлая краіна”.

У рамках Тыдня на базе Івянецкай сярэдняй школы, Дорскага і Пяршайскага вучэбна-педагагічных комплексаў прайшлі спартыўныя мерапрыемствы пад дэвізам “Спорт – гэта выдатна!”.

Актыўны ўдзел у Тыдні дадатковай адукацыі прынялі дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця Івянецкага дома-інтэрната, якія не першы год з’яўляюцца ўдзельнікамі аб’яднанняў па інтарэсах “Спадчына”, “Дзейнасць вольнага часу” цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. Тут прайшла гульнявая праграма “Разам весела тварыць” пад кіраўніцтвам педагога дадатковай адукацыі В. Сабалеўскага.

Закончыўся тыдзень святам “Карусель творчасці”, дзе рабяты змаглі паспрабаваць сябе ў лепцы з гліны, гульнявой дзейнасці, музычным шоу.

Наш кар.