Павялічыць цукерачны асартымент, аб’ёмы выпускаемай прадукцыі вырашыў і калектыў СП “Івкон” ААТ

Аграрный сектор и промышленность

Цукеркай можна парадаваць дзіця, “падсаладзіць” душу даросламу. І хоць ласунак не прэтэндуе на месца ў спісе прадуктаў першай неабходнасці, але жыццё без яго было б сумным. Нават выгляд паперкі ад любімай цукеркі ў памяці адкладваецца ярчэй за ўпакоўку іншых тавараў. Кандытары яўна не прагадалі, калі зрабілі стаўку на выпуск гэтага самага дэмакратычнага салодкага вырабу.

Павялічыць цукерачны асартымент, аб’ёмы выпускаемай прадукцыі вырашыў і калектыў СП “Івкон” ААТ. Для гэтага летась распачалі мадэрнізацыю аднаго з памяшканняў, каб прыстасаваць яго пад новую вытворчую лінію. Неабходнае абсталяванне адшукалі ў Германіі. Яго параметры цалкам адпавядалі тым планам, якія задумалі івянецкія кандытары. Нямецкія калегі самі заняліся ўстаноўкай высокатэхналагічнага праекта. Амаль год ішло манціраванне, пасля пачаўся працэс навучання рабочых кадраў. Працаваць на сучаснай лініі будуць тры брыгады, а гэта 117 рабочых прадпрыемства.

Зараз новая лінія праходзіць перыяд апрабацыі, запусціць яе на поўную магутнасць плануецца да канца года.

Эксплуатацыя цалкам аўтаматызаванай лініі дазволіць “Івкону” абнавіць салодкі асартымент, забяспечыць яго высокую якасць і ў разы павялічыць выпуск самых разнастайных кандытарскіх вырабаў. Пры гэтым усе “брэндавыя” цукеркі прадпрыемства: “Кароўка”, “Сметанковая памадка” і іншыя, якія карыстаюцца асаблівым попытам у пакупніка, застануцца ў прайс-лісце прадпрыемства, праўда, як сцвярджаюць спецыялісты, іх смак стане яшчэ больш яркім і запамінальным.

Алена ЗБІРЭНКА.

 

 



Добавить комментарий