ЯК ХРАМЫ БУДАВАЛІ

Культура

Драўляная  шатровая архітэктура існавала яшчэ ў дахрысціянскую пару. Пасля хрышчэння Русі архітэктурныя збудаванні, дзе змяшчаліся язычніцкія ахвярнікі, не заўсёды  знішчаліся, калі  ўлічыць  цяжкасці будаўніцтва ўвогуле ў тую пару.

Дастаткова было знішчыць саміх ідалаў, асвяціць памяшканне і паставіць на ім сімвал новай веры — крыж. Магчыма, гэтым і тлумачыцца ўрастанне ў новую хрысціянскую культуру старых тыпаў архітэктурных збудаванняў.

У сярэдзіне XVII стагоддзя пры патрыярху Нікане выйшаў строгі ўказ шатровых цэркваў не будаваць. Патрыярх бачыў у гэтым адыход ад канонаў старажытнага праваслаўя, маўляў, Візантыя шатровых цэркваў не ведала. Нікан прадпісаў узводзіць толькі пяцігаловыя цэрквы, якія б сімвалізавалі Хрыста і чатырох евангелістаў. Зрабіць храм было справай не толькі святой, але і спаборніцтвам майстроў-цесляроў адзін перад адным.

Перш чым пакласці пад першы вянец храма сярэбраную, а то і залатую манету, служылі ўрачысты малебен пры ўдзеле вялікага мноства людзей. Затым у царкве ладзілі  вяселле з карагодамі, песнямі.

 

ПАКЛАНЕННЕ РАБІНЕ

Увасабленнем жаночага пачатку здаўна лічылася рабіна. Яна таксама была сімвалам сціпласці і святочнасці. Гэтаму дрэву прысвячалася мноства рытуальных песень і абрадаў. Рабіна – дрэва маладажонаў. У абутак і кішэні маладым клалі лісце, лічылася, што яно перашкодзіць злым справам калдуноў і ведзьмакоў.

Для дабрабыту ў сям’і стараліся пасадзіць каля дома рабіну. Славяне верылі: у дом, пад вокнамі якога пасаджана рабіна, не ўвойдзе чалавек з нядобрым намерам. Нашы продкі гаварылі: «Пастой пад рабінай – хваробу адвадзіш». Пры розных хваробах чалавек тры разы пралазіў праз рабінавы куст. У жыціі Адрыяна Пашахонскага расказваецца, што пасля пакутніцкай смерці святога (1550 г.) яго цела закапалі на пустэчы, дзе расла рабіна. На гэта месца адзін раз у год, у Ільінскую пятніцу, збіраліся людзі і ладзілі кірмаш. Сюды прыходзілі хворыя – дарослыя і дзеці, якія пралазілі праз галінкі рабіны, спадзеючыся на сваё хуткае выздараўленне.

Па бытуючаму павер’ю ў таго, хто прычыніць рабіне шкоду, будуць балець зубы. Пры зубным болі тайна на світанні станавіліся перад рабінай на калені, абдымалі і цалавалі яе і прамаўлялі замову: «Рабіна, рабіна, вазьмі маю хваробу, цяпер і да веку цябе не буду чапаць», а потым вярталіся дадому, не азіраючыся і стараючыся ні з кім не сустрэцца.

Нашы продкі лічылі рабіну помслівым дрэвам і верылі: хто яе зломіць ці ссячэ, той хутка памрэ сам ці памрэ хто-небудзь з яго дома. Шаптухі пераносілі хваробу з чалавека на рабіну. А калі чалавек ссякаў дрэва – хвароба пераходзіла на яго. Рабіну  выкарыстоўвалі для аховы дома ад магічных нападаў і злых духаў. Для гэтага яе садзілі каля ганку ці ля  варот. А галінку рабіны з пладамі здаўна прымацоўвалі над уваходнымі дзвярамі. Рабіна з’яўляецца абярэгам «ад ліхіх людзей і дрэнных вестак».

Калі ўважліва паглядзець на ніжні бок ягад рабіны, то можна заўважыць, што па форме яны з’яўляюцца роўнабаковай пяціканцовай зоркай, а гэта адзін з самых старажытных і важнейшых язычніцкіх сімвалаў – сімвал абароны.

Існуюць прыкметы, звязаныя з рабінай: « Вялікі ўраджай рабіны – да доўгай і марознай зімы», «Рабіна ў лесе ўраджайная – да дажджлівай восені, калі не – да сухой».

 

НАВУКА З ПАКАЛЕННЯ Ў ПАКАЛЕННЕ

Ніколі не будзь залішне мяккі – сагнуць. Не будзь залішне цвёрды – зламаюць.

Зло робіць усялякі, дабро – толькі добры чалавек.

Чужым шчасцем не нацешышся.

Зброя небяспечная нават для свайго гаспадара.

Мудрасць доказам моцная.

Не навучыў бацька, не навучыць і дзядзька.

Свет ясны ад сонца, чалавек – ад навукі.

Здаровы чалавек – самы каштоўны твор прыроды.

Без дзяцей ціха, ды на старасці ліха.

Калі трывога, тады да Бога. А як па трывозе, дык і па Бозе.

Своечасова стрымлівай сябе ад лёгкага і паспешлівага суда, каб ён не стаў тваім прысудам.

Ідзі ў родны край, там і пад елкаю рай.

Не прасі ў Бога багацця, а прасі здароўя.

Найлепш чалавек просіць тады, калі дзякуе.

Лепш плакаць, чым злавацца, бо злосць цэліцца ў іншых, а слёзы ціха плывуць праз душу і абмываюць сэрца, твар і рукі.

 



Добавить комментарий