Начныя замаразкі чакаюцца ў Беларусі ў выхадныя

Кругозор

 Начныя замаразкі чакаюцца ў Беларусі ў выхадныя, паведамілі БЕЛТА ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.

«На календары апошні дзень верасня, але ўжо можна сказаць, што адыходзячы верасень па тэмпературным рэжыме на 1-2 градусы халаднейшы за звычайны. На большай частцы тэрыторыі Беларусі першы асенні месяц быў шчодрым на дажджы, месцамі выпала каля двух месячных норм ападкаў. У рэкардсменах Пухавіцкі раён. Тут на метэастанцыі ў Мар’інай Горцы выпала 159 мм дажджу, што адпавядае 335 працэнтам вераснёвай нормы ападкаў. На гэтым тыдні дажджы ў многіх рэгіёнах спыніліся. Вобласць павышанага атмасфернага ціску кіруе надвор’ем на большай частцы тэрыторыі Усходняй Еўропы, у тым ліку і ў нашай краіне», — расказалі ў Белгідрамеце.

Паводле слоў сіноптыкаў, сёння сітуацыя істотна не зменіцца. Шырокі антыцыклон з цэнтрам над Маскоўскай вобласцю стане перашкодай для франтальнага раздзелу з Заходняй Еўропы. Застаючыся маларухомым над Польшчай, атмасферны фронт распаўсюдзіць свой уплыў толькі на крайнія заходнія раёны Брэсцкай і Гродзенскай абласцей і тут у другой палове дня месцамі пройдуць кароткачасовыя дажджы. На астатняй тэрыторыі будзе шмат аблокаў, але абыдзецца без ападкаў. Максімальная тэмпература паветра ў разгар дня складзе плюс 11-17 градусаў.

У пятніцу, 1 кастрычніка, умовы надвор’я ў Беларусі ў асноўным будзе вызначаць антыцыклон з цэнтрам над еўрапейскай часткай Расіі, толькі па захадзе захаваецца ўплыў франтальнага раздзелу. Чакаецца пераменная воблачнасць, пераважна без ападкаў, толькі ў заходніх раёнах пройдуць кароткачасовыя дажджы. У начны і ранішні час у асобных раёнах чакаецца слабы туман. Вецер паўднёва-ўсходні, паўднёвы слабы. Тэмпература паветра ўначы складзе плюс 1-7 градусаў, у заходніх раёнах да плюс 9, месцамі па рэспубліцы, а па Гомельскай і Магілёўскай абласцях на большай частцы тэрыторыі замаразкі ад нуля да мінус 3. Удзень паветра прагрэецца да 10-16 градусаў цяпла.

На выхадных Беларусь застанецца пад абаронай заходняй перыферыі антыцыклону з цэнтрам над еўрапейскай тэрыторыяй Расіі. Чакаецца воблачна з праясненнямі. Пераважна без ападкаў. Уначы і раніцай месцамі прагназуецца туман. Вецер паўднёва-ўсходні ўмераны, удзень парывісты. У суботу, 2 кастрычніка, тэмпература паветра ўначы складзе плюс 1-8 градусаў, месцамі па ўсходзе замаразкі ад нуля да мінус 2. Удзень будзе 10-16 градусаў цяпла.

У нядзелю, 3 кастрычніка, уначы будзе плюс 2-8 градусаў. Удзень паветра прагрэецца да плюс 11-17, па паўднёвым захадзе да 19 градусаў цяпла.

Такі тэмпературны рэжым у асноўным адпавядае кліматычнай норме першых дзён кастрычніка.

У пачатку наступнага тыдня сітуацыя ў атмасферы істотна не зменіцца. Па-ранейшаму на большай частцы тэрыторыі Беларусі надвор’еўтваральным фактарам застанецца вобласць павышанага атмасфернага ціску ад антыцыклону над еўрапейскай тэрыторыяй Расіі.

У панядзелак, 4 кастрычніка, пераважна без ападкаў. Вецер паўднёва-ўсходні ўмераны. Уначы і раніцай месцамі чакаецца туман. Тэмпература паветра ўначы складзе плюс 3-10. Удзень будзе 13-19 градусаў цяпла.

У аўторак і сераду, 5-6 кастрычніка, будзе пераважна без ападкаў, толькі на захадзе краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы. Вецер паўднёва-ўсходні ўмераны. Уначы і раніцай месцамі прагназуецца туман. Тэмпература паветра ўначы складзе плюс 3-10. Удзень будзе 11-18 градусаў цяпла.