ПЕРААДОЛЕЦЬ АДАПТАЦЫЙНЫ ПЕРЫЯД…

Общество

Вось некалькі правілаў, якія дапамогуць і бацькам, і першакласнікам паспяхова пераадолець адаптацыйны перыяд:

1. Прытрымлівайцеся рэжыму дня.

Дзіця павінна мець паўнацэнны сон і харчаванне, прагулкі, пасільную фізічную нагрузку (практыкаванні, гульні, цікавыя для яго хатнія справы). А таксама адпачынак і вольны час. Пастарайцеся выдзеліць дзіцяці ў доме або кватэры яго асабістую тэрыторыю – свой пакой ці хаця б свой куток, дзе ён зможа “гаспадарыць”. Яму неабходны і асабісты час, калі ён зможа займацца, чым захоча.

2. Адпраўляйце дзіця ў школу добразычліва.

Гаварыце яму добрыя словы, жадайце ўдачы і поспехаў, не прад’яўляйце пры гэтым патрабаванняў. Сустракаючы пасля школы, не распытвайце яго адразу, аднак дайце зразумець, што вас цікавіць яго школьнае жыццё і вы заўсёды можаце з ім пагаварыць і выслухаць.

3. Не патрабуйце, а прапаноўвайце.

Калі вам нешта патрэбна ад дзіцяці, выражайце гэта не ў форме патрабаванняў, а ў форме прапаноў і супрацоўніцтва. У размове апісвайце сітуацыю, свае чаканні, магчымыя спосабы іх здзяйснення. Усё абмяркоўвайце разам і дайце яму магчымасць самому прыняць канчатковае рашэнне. Бацькі паміж сабой дамаўляюцца, якую частку сваёй адказнасці яны гатовы перадаць дзіцяці. Затым абмяркоўваюць з дзіцем, за што ён цяпер адказвае (збор рукзака, парадак на стале і інш.).

4. Хваліце дзіця.

Пахвала – асноўная ўзнагарода. Не параўноўвайце яго з іншымі дзецьмі, параўноўвайце толькі з папярэднімі дасягненнямі. Напрыклад, сёння ты напісаў намнога акуратней, чым учора. Дазвольце малому самому знайсці крытэрыі ацэнкі і ацаніць сваю работу.

5. Дайце школьніку магчымасць самому ацаніць вынікі сваіх учынкаў.

Калі дзіця зрабіла нешта негатыўнае, пастарайцеся даць яму самому магчымасць прааналізаваць вынікі. Не ацэньвайце асобу і характар дзіцяці, калі выказваеце сваё меркаванне. Ні ў якім разе не стаўце ніякіх дыягназаў і не рабіце прагнозаў на будучае.

6. Не прад’яўляйце да дзіцяці завышаных патрабаванняў.

Завышаныя чаканні бацькоў з’яўляюцца крыніцай павышанай трывожнасці і для дзіцяці, і для саміх дарослых. Паспрабуйце прааналізаваць патрабаванні і зразумець, што для вас важней: выдатныя адзнакі ці здароўе і добры настрой дзіцяці, вашы даверлівыя з ім адносіны.

7. Галоўнае – спакой.

Вашы цярпенне і аптымізм, спакой і ўпэўненасць дадуць упэўненасці ў сваіх сілах і вашаму першакласніку. Вучыцеся разам з ім, аб’ядноўвайцеся разам супраць цяжкасцей, станьце саюзнікам, а не праціўнікам ці назіральнікам збоку за школьным жыццём. Праяўляйце да дзіцяці максімум увагі, перажывайце за кожную няўдачу і радуйцеся нават самым маленькім поспехам. Будзьце яму сябрам. Верце ў дзіця, верце ў настаўніка.

Таццяна БУБНЕВІЧ,

псіхолаг гімназіі № 1 райцэнтра.

 



Добавить комментарий