Маці Божая, дапамажы нам пераадолець каварны Covid-19!

Культура Общество

Менавіта гэтыя словы не аднойчы гучалі падчас набажэнства ў касцёле Святога Юзафа ў мінулую суботу, куды прыбылі 11 копій абразоў Маці Божай з розных куткоў Беларусі. 

  

Большасць выяў спісаны са святынь, што знаходзяцца ў марынічных касцёлах (у гонар дзевы Марыі), а адна – з праваслаўнага вобраза Маці Божай Жыровіцкай.

Нават дождж, які паліваў райцэнтр амаль цэлы дзень, не перашкодзіў вернікам загадзя сабрацца ў храме ў чаканні значнай падзеі. За гадзіну да прыбыцця аўтамабіля, які даставіў абразы са сталіцы, хмары развеяліся, а літаральна за 10 хвілін да сустрэчы над нашым горадам заззяла яркае сонца.

Пасля таго, як пад гук званоў з урачыстай працэсіяй парафіяне ўнеслі абразы ў касцёл і ўстанавілі іх на спецыяльныя пастаменты, распачалося набажэнства ружанцовае і святая імша. У ходзе яе прысутныя маліліся аб тым, каб пандэмія каранавіруса спынілася як у нашай краіне, так і ва ўсім свеце.

Перад тым, як завітаць у Валожын, абразы-падарожнікі аб’ехалі ўсю Беларусь па яе граніцах, а гэта 3125 кіламетраў. У храмах, дзе яны гасцявалі, людзі прасілі Багародзіцу аб перамозе чалавецтва над вірусам.

Памаліцца перад святынямі жыхары раёна і госці могуць штодня да 10 кастрычніка.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара