«ШАНУЙЦЕ Ж ПЕСНІ СВАЕ»

Культура

9 снежня 2011 года беларускаму паэту Максіму Багдановічу спаўняецца 120 гадоў з дня нараджэння.

…Калі скончылася сем тысяч год ад стварэння свету, Хрыстос зноў зышоў на зямлю і хадзіў па ёй, каб споўнілася тое, аб чым казалі прарокі.

І хадзіў па ўсяму нашаму краю: і па Міншчыне, і па Віленшчыне, і па Магілёўшчыне, і па Задзвінскай зямлі.

І разам з ім былі святы Пётра і святы Юры. Але ніхто з людзей не пазнаў яго.

Бо ішлі яны босымі нагамі, з непакрытымі галовамі і былі адзеты ў белы кужаль. А не таго спадзяваліся людзі.

Таму ніхто не звярнуў увагі на іх, калі ў час жніва праходзілі яны між працуючых людзей.

Толькі музыка, катораму цяпер не было што рабіць, падышоў да іх і сказаў: сорамна мне, бо сягоння дзень працы і ўсе клапоцяцца вакол яе; адзін я нікчэмны чалавек.

І адказаў яму Ісус: не смуціся ў сэрцы сваім. Ці ж не твае песні спяваюць яны цяпер у час жніва? Таму не схіляй галавы тваёй і не хавай твар свой ад вачэй людскіх.

Бо няма праўды ў тым, каторы кажа, што ты – лішні на зямлі. Сапраўды кажу я табе: вось надойдзе да яго гадзіна горычы – і чым ён разважыць смутак свой апроч песні тваёй? Таксама і ў дзень радасці ён прызавець цябе.

І паўчаючы яго казаў: пад песні кладуць чалавека ў калыску і са спевамі ж апускаюць у магілу яго.

Штодзённымі клопатамі поўна людское жыццё. Але калі зварухнецца душа чалавека, толькі песня здолее спатоліць яе. Шануйце ж песні свае.

З “Апокрыфа” Максіма БАГДАНОВІЧА.

 



Добавить комментарий