Рэгіянальныя навіны ад Наталлі ШТЭЙНЕР

Региональные новости

Тэл.: 67079, Velcom 3933728 nshtejner@mail.ru

Любяць тэлевізіёншчыкі з розных каналаў наш раён, даволі часта прыязджаюць, каб здымаць не толькі гарачыя навіны.

У канцы мінулага тыдня працавалі некалькі творчых брыгад. Першы Беларускі канал здымаў чарговы маршрут для перадачы “Маршрут пастроены”. Раней яны ўжо пабывалі ў Ракаве і Івянцы. Для наступнай перадачы здымкі вяліся непасрэдна ў Валожыне і ў аграсядзібах “Хутар Дудара” і “Елагма”. Яшчэ адна група, з Другога нацыянальнага канала, вяла здымкі ў Вішневе для перадачы “Камень. Нажніцы. Папера”. Сказаць сумленна, сама я не ведаю фармат гэтай перадачы. Але знаўцы падказалі, што бяруць два населеныя пункты ў розных раёнах краіны і параўноўваюць іх. Раней на вагах былі наш Івянец і Заслаўе. Невядома, хто будзе процістаяць нашаму Вішневу. Аматарам блакітнага экрана застаецца цяпер сачыць за праграмай. Інфармацыя пра свой раён заўсёды самая цікавая.

Першы месяц восені застаўся ўжо ў мінулым. Але яго надвор’е было рознае. Калі зарадзілі халодныя дажджы, то здавалася, што такога верасня не было ніколі…

За дакладнай інфармацыяй звярнуліся на метэастанцыю “Валожын”. І даведаліся, што сярэдняя тэмпература ў верасні была +10,7 градуса, што ўсяго на 1 градус ніжэй за норму. Але ўжо ў другой палове месяца сярэднясутачная тэмпература вагалася ад 5 да 9 градусаў, а гэта на 6 градусаў ніжэй, калі браць 5 градусаў. За верасень выпала ападкаў 106 міліметраў, што складала 174% ад месячнай нормы. Сутачны максімум ападкаў назіраўся 18 верасня, калі выпала 33 мм, што склала 174% ад дэкаднай нормы. Кастрычнік пачаўся з даволі камфортнага надвор’я.

Ужо некалькі апошніх гадоў арганізатары музея ксяндза У. Чарняўскага ў Вішневе вырашылі збіраць матэрыялы пра іншых знакамітых людзей, якія жылі і працавалі ў гэтых мясцінах, ведалі самога ксяндза і нават сябравалі з ім.

Больш за ўсё матэрыялаў звязана з Пятром Іванавічам Біталём – паэтам, перакладчыкам, настаўнікам. У музеі ёсць партфель, ваза, ручкі, якімі ён карыстаўся. Таксама малюнак, які ён намаляваў уласнаручна. Рэчы перадала настаўніца Вішнеўскай СШ Ірына Юр’еўна Пасека. Копіямі дакументаў і некаторымі здымкамі падзялілася ўнучка паэта Тамара Бярэзіна. Музей Янкі Купалы ў Мінску падрыхтаваў для вішнеўцаў копіі фотаздымкаў Уладзіславы Францаўны Луцэвіч, жонкі Песняра. Не так даўно і я сама падарыла музею некалькі зборнікаў вершаў іх земляка Хведара Чэрні. Самы першы невялікі зборнік “Добрай раніцы, людзі!” пачынаючы паэт падарыў з надпісам майму

бацьку. Вырашыла, што гэтым кніжкам самае месца быць на радзіме паэта. У чарговы раз звяртаюся да вас, шаноўныя жыхары раёна, час няўмольны, і ёсць рэчы, якія толькі ў музейных фондах могуць набыць другое жыццё. А насамрэч іх можа чакаць толькі сметнік, бо вашым родным яны “нічога не скажуць” і будуць проста непатрэбны.

З 24 па 26 верасня ў Рэспубліканскім цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі ў Стайках прайшла рэспубліканская спартакіяда работнікаў фізкультуры, спорту і турызму, прымеркаваная да Года народнага адзінства.

За каманду галоўнага ўпраўлення спорту і турызму Мінскага аблвыканкама выступалі і прадстаўнікі нашага раёна. Намеснік дырэктара ДЮСШ Сняжана Ланько заняла першае месца ў настольным тэнісе, дырэктар ДЮСШ Дзмітрый Ажарэльеў прынёс камандзе трэцяе месца ў стрытболе. Каманда вобласці па міні-футболе, за якую выступаў дырэктар ФАЦ Аляксей Патапчанка, заняла таксама трэцяе месца. Яшчэ адно трэцяе месца дабавілі камандныя скачкі ў даўжыню. У агульным заліку каманда Мінскай вобласці заняла 4-е месца сярод 7-і каманд.

З 1 кастрычніка па 31 снежня адкрылася загоннае паляванне на лася, дзіка, казулю, аленя высакароднага і плямістага і іншых капытных любога полу і ўзросту.

А з 2 кастрычніка стартавала паляванне з дыпламаванымі сабакамі, якія маюць палявыя дыпломы, на зайца і лісіцу. Яно будзе доўжыцца ўсяго да 6 лістапада.

30 верасня ў канцэртнай зале Валожынскай дзіцячай школы мастацтваў адбыўся канцэрт вядомага ў рэспубліцы гітарыста, лаўрэата міжнародных конкурсаў Паўла Кухты.

Музыкант не ў першы раз наведаў школу. У яго праграме прагучалі творы кампазітараў розных стыляў і эпох.

Валожынскі краязнаўчы музей вырашыў стварыць на сваёй тэрыторыі дзіцячую гульнявую зону.

З гэтай мэтай аб’яўлена акцыя “Другое жыццё дзіцячай цацкі”. Работнікі музея ўпэўнены, што жыхары раёна падтрымаюць акцыю і перададуць цацкі звяроў і птушак. Яны спатрэбяцца для заняткаў з маленькімі наведвальнікамі ўстановы.