Богдан: цяпер для сістэмы аховы здароўя галоўнай задачай з’яўляецца вакцынацыя

COVID-19

Цяпер для сістэмы аховы здароўя галоўнай задачай з’яўляецца вакцынацыя, заявіла першы намеснік міністра аховы здароўя Алена Богдан у эфіры тэлеканала СТБ, паведамляе БЕЛТА.

«Цяпер мы бачым, што памянялася ўздзеянне віруса: часцей хварэюць маладыя людзі, захворванне працякае больш цяжка, агрэсіўна, хутчэй надыходзіць пагаршэнне стану пацыентаў. Але мы напагатове, і кожную раніцу ў Міністэрстве аховы здароўя праходзіць селектарная нарада з рэгіёнамі, для таго каб дакладна разумець, якая сітуацыя сёння ёсць, як яна складваецца ў кожнай установе. Супрацоўнікі міністэрства, уключаючы міністра і яго намесніка, штотыднёва наведваюць чырвоныя зоны, — адзначыла Алена Богдан. — І сёння я бачу, што 99,9 працэнта пацыентаў у кавідных аддзяленнях не прышчэплены, а ў аддзяленнях рэанімацыі гэты паказчык складае 100 працэнтаў. Таму сёння асноўная задача — гэта вакцынацыя. Нам паступіла ўжо вакцына «Спадарожнік Лайт», і актыўна праводзіцца прышчэпачная кампанія студэнтаў. Мы правялі наш экспертны савет па імунізацыі, і з улікам паступлення кітайскай вакцыны, у якой няма проціпаказання для цяжарных жанчын, мы цяпер пачынаем вакцынацыю гэтай катэгорыі насельніцтва».

«Адкрываем пункты вакцынацыі ў гандлёвых кропках, метро, выязджаем на прадпрыемствы, а да людзей пажылога ўзросту — дадому. Сістэма аховы здароўя робіць усё магчымае для таго, каб людзі прышчэпліваліся», — дадала яна.

Алена Богдан пракаменціравала пытанне рэвакцынацыі. «Мы прапісалі ў нарматыўных дакументах Міністэрства аховы здароўя, што рэвакцынацыя будзе праз 9-12 месяцаў пасля поўнага курса вакцынацыі. На сёння ў нас асноўная маса насельніцтва яшчэ не падышла да гэтага парога неабходнай рэвакцынацыі, але, калі людзі звернуцца, яна будзе выканана, — сказала першы намеснік міністра. — У любым выпадку вакцына засцерагае, але ў любой вакцыны ёсць эфектыўнасць. І калі ў «Спадарожніка V» яна большая за 90 працэнтаў, то, адпаведна, 9 з 10 чалавек не будуць пераносчыкамі віруса. Нават калі чалавек захварэе, то ён перанясе захворванне лягчэй, і выдзяленне віруса, вірусная нагрузка ў яго будуць меншыя, чым у таго, хто хварэе цяжка».