Пра дні мінулыя

Культура

У Вішневе пахавана знакамітая паэтэса Канстанцыя Буйло. З гэтай вёскай звязаны і лёс Уладзіславы Станкевіч – жонкі Янкі Купалы. Успаміны К. Буйло пра мінулыя гады занатаваны ў кнізе «Такі ён быў», прысвечанай беларускаму песняру. Знаёмім чытачоў раёнкі з гэтымі нататкамі (тэкст даецца ў скарачэнні).
Я з Купалам яшчэ не была знаёма, калі ў № 36 “Наша ніва” за 1910 год ён прысвяціў мне свой цудоўны верш “Мая думка”.
Дзяўчынкай гадоў чатырнаццаці, прыехаўшы ў Вільню, я першы раз зайшла ў рэдакцыю “Нашай нівы”. Вельмі ветліва сустрэлі мяне там Янка Купала, Цётка, Бядуля, Цішка Гартны. Спатканне было надзвычай цёплым і сардэчным. У рэдакцыі над сталом Янкі Купалы была шырокая паліца з квадратнымі гнёздамі, у якіх, кожная паасобна, ляжалі папкі з рукапісамі вершаў розных аўтараў. Была там і мая папка.
…Нехта ззаду, узяўшы мяне за плечы, павярнуў да сябе. Я падняла вочы на даволі высокага, сталага хлопца, з худым тварам і праніклівымі, глыбокімі сінімі вачыма. Ён уважліва глядзеў на мяне, быццам вывучаючы. “Ты, мусіць, Буйлянка, – сказаў ён. – Ну, а я – Купала, дык давай знаёміцца”, і вельмі паважна пакланіўся. Гэта было так не падобна да ўсяго таго, да чаго я прывыкла, але разам з тым усё было зроблена з такой урачыстай сардэчнасцю, што я нават не здзівілася.
Янка быў нейкі стрыманы і маўклівы. Я прыкмеціла, што ўсе ў рэдакцыі адносяцца да яго з выключнай цеплынёй і пашанай. Гэта яшчэ больш напоўніла мяне павагай да любімага паэта. Вечарам высветлілася, што ўсе мае знаёмыя выехалі на дачу і мне няма дзе начаваць. Купала прапанаваў мне пераначаваць у рэдакцыі. Гэта было не зусім зручна, але выбару ў мяне не было, і я вымушана была згадзіцца.
На другім паверсе, у кабінеце рэдактара, была шырокая, мяккая канапа, вялікі дубовы стол з мармуровым пісьмовым прыкладам, засланы зялёным сукном. На стале стаяла вялікая прыгожая лямпа. Купала прынёс бутэльку лёгкага салодкага віна і яблыкаў. Мы селі на канапе, і я папрасіла яго прачытаць вершы, якія перад тым бачыла ў яго папцы. “Не, – сказаў Купала, – я прачытаю табе маю п’есу “Паўлінка”. Я з радасцю згадзілася. Мне вельмі хацелася пачуць твор Купалы ў яго выкананні. Ён прынёс вялікі рукапісны сшытак, прысунуў бліжэй лямпу і пачаў чытаць.
Мне здавалася, што гэта казка. Купала, якога я ведала даўно по яго творах, пад уплывам якога пачала сама пісаць вершы, сядзеў побач і чытаў мне п’есу, якую яшчэ нават не надрукавалі. Я бачыла шматлікія праўкі на рукапісе. П’еса мне вельмі спадабалася. Купала доўга чытаў сам, а потым, змарыўшыся, перадаў сшытак мне. “Цяпер пачытай ты крышачку, а я адпачну”.
Я пачала чытаць і так увайшла ў ролі герояў, што спрабавала нават іграць іх, змяняючы голас і міміку твару. Янка, задаволены, слухаў.
Потым, калі мы вучыліся на настаўніцкіх курсах у Вільні, я жыла разам з Уладзіславай Францаўнай. Мы часта сустракаліся з Янкам Купалам. Ён бываў у нас, і мы прыходзілі часта ў “Нашу ніву”, дзе працавалі Купала і Бядуля. Я пісала тады шмат вершаў, і часта яны з’яўляліся на старонках “Нашай нівы” і ўсюды, дзе друкаваліся творы беларускіх аўтараў. У адным са сваіх артыкулаў пра беларускую літаратуру Янка Купала адзначыў, што некаторых аўтараў яму амаль не прыходзілася правіць зусім. Між імі значыцца і маё прозвішча.
…Працуючы загадчыцай беларускай кнігарні ў Полацку, я зноў спаткалася з Купалам, які там працаваў у якойсьці паўваеннай установе. Купала быў ужо жанаты з маёй сардэчнай сяброўкай – Уладкай. Жылі яны дзесьці за горадам, у маленькім драўляным доміку, што стаяў у зацішку ў садзе. Уладзя гасцінна прымала мяне ў сваёй хаце. Купалы не было дома – яшчэ не вярнуўся з работы. Мы сядзелі ў садку, дзе было шмат спелых вішань і чырвоных парэчак, якія я страшэнна любіла і якімі частавала мяне гаспадыня так, як толькі яна ўмела частаваць сваіх гасцей. Яна мне расказвала, як яны, сустрэўшыся ў Маскве з Янкам Купалам, раптам адчулі вялікую блізкасць адно да другога, як Янка атуліў яе, адзінокую на чужбіне, падмогай і апекай і як, урэшце, яны вырашылі ажаніцца. “Я ніколі не пашкадую, што так здарылася”, – сказала яна мне тады, як бы заглядаючы ў будучае.
Янка шмат перажыў цяжкога. Чалавек вялікай чулай душы, чэсны і праўдзівы ад прыроды, ён не мог проста і абыякава адносіцца шмат да чаго. Часамі лёс абыходзіўся з ім нялітасціва, і заўсёды сапраўдным другам і апорай была яму Уладзіслава Францаўна – яго верная і шчырая сяброўка.
Заўсёды, прыязджаючы ў Маскву, Янка і Уладзя бывалі ў мяне. Нас яднала вялікая дружба.
Перад самай вайной у нейкай ленінградскай, калі не памыляюся, газеце быў надрукаваны артыкул крытыка Ляндрэса пад загалоўкам “Забытая паэтэса”. Аўтар артыкула вельмі цёпла адгукваўся аб маёй творчасці і выказваў пажаданне, каб Дзяржаўнае выдавецтва БССР ажыццявіла выданне зборніка маіх вершаў. Купала прыслаў мне гэты артыкул з настойлівай просьбай як мага хутчэй сабраць усё, што ў мяне ёсць, і прыслаць яму. Я адразу прыступіла да гэтай работы. Перапісаўшы шмат вершаў, адаслала іх Купалу. Уладзіслава Францаўна пісала мне, што яна патраціла шмат часу, перадрукоўваючы гэтыя вершы. Але зборніку не ўдалося ўбачыць свету: ён згарэў у Мінску.
Уладзіслава і Янка на ўласнай машыне выехалі ў Маскву, калі Мінск быў у агні. Цяжкі быў гэты пераезд. Купала быў нездаровы, а больш за ўсё ў яго балела душа. Ён развітваўся з Беларуссю ў час яе вялікага гора, якому тады нельга было даць ніякай рады, і гэта нясцерпна мучыла паэта. Заняцце фашыстамі Беларусі адбілася на ім выключна цяжка. Купала пастарэў, пасмутнеў, стаў вельмі маўклівым…
Ён гарэў агнём вялікай нянавісці да захопнікаў і, як пажар, запальваў гэтай нянавісцю людзей. Улада рабіла ўсё, каб палегчыць жыццё свайму сябру і мужу. Яна атуляла яго клопатам, заўсёды стварала найспакайнейшыя ўмовы для жыцця і працы, але ўвага і настойлівасць часта яго толькі раздражнялі. І ўсё ж такі ён ведаў, што такога шчырага сябра, якім была яму У. Ф. Луцэвіч, у яго не было і не будзе.
Аднойчы, памятаю, у Маскве ён заехаў да мяне на работу і прапанаваў адвезці мяне на машыне дадому. Змучаны, хворы, ён усё ж заставаўся самім сабой: як заўсёды, чулы, далікатны і добры. Каля кандытарскага магазіна спыніў машыну. “Куды ты?” – спытала я. “Хачу купіць табе цукерак да чаю”, – сказаў ён і праз хвілю выйшаў з магазіна з каробкай. Я была вельмі задаволена, аж пачырванела ад радасці. Зрабіць камусьці прыемнасць яму надта падабалася.
А цяпер, калі ўвесь архіў Янкі згарэў у агні вайны, калі нават кніжкі яго трэба збіраць па людзях, гэтыя жарты гучаць нам, сучаснікам Купалы, вялікім дакорам.
Шмат сіл і энергіі траціла Уладзіслава Луцэвіч, каб сабраць усё, што ёсць на руках у людзей: кніжкі, пісьмы, фатаграфіі, – адным словам, усё пра Купалу, для яго музея. Трэба і нам усім прыкласці сілы, каб данесці жывы вобраз Купалы да далёкіх пакаленняў – і праз яго творы як вялікага паэта, і праз успаміны аб ім як чалавеку.

У Вішневе пахавана знакамітая паэтэса Канстанцыя Буйло. З гэтай вёскай звязаны і лёс Уладзіславы Станкевіч – жонкі Янкі Купалы. Успаміны К. Буйло пра мінулыя гады занатаваны ў кнізе «Такі ён быў», прысвечанай беларускаму песняру. Знаёмім чытачоў раёнкі з гэтымі нататкамі (тэкст даецца ў скарачэнні). Я з Купалам яшчэ не была знаёма, калі ў № 36 “Наша ніва” за 1910 год ён прысвяціў мне свой цудоўны верш “Мая думка”. Дзяўчынкай гадоў чатырнаццаці, прыехаўшы ў Вільню, я першы раз зайшла ў рэдакцыю “Нашай нівы”. Вельмі ветліва сустрэлі мяне там Янка Купала, Цётка, Бядуля, Цішка Гартны. Спатканне было надзвычай цёплым і сардэчным. У рэдакцыі над сталом Янкі Купалы была шырокая паліца з квадратнымі гнёздамі, у якіх, кожная паасобна, ляжалі папкі з рукапісамі вершаў розных аўтараў. Была там і мая папка. …Нехта ззаду, узяўшы мяне за плечы, павярнуў да сябе. Я падняла вочы на даволі высокага, сталага хлопца, з худым тварам і праніклівымі, глыбокімі сінімі вачыма. Ён уважліва глядзеў на мяне, быццам вывучаючы. “Ты, мусіць, Буйлянка, – сказаў ён. – Ну, а я – Купала, дык давай знаёміцца”, і вельмі паважна пакланіўся. Гэта было так не падобна да ўсяго таго, да чаго я прывыкла, але разам з тым усё было зроблена з такой урачыстай сардэчнасцю, што я нават не здзівілася. Янка быў нейкі стрыманы і маўклівы. Я прыкмеціла, што ўсе ў рэдакцыі адносяцца да яго з выключнай цеплынёй і пашанай. Гэта яшчэ больш напоўніла мяне павагай да любімага паэта. Вечарам высветлілася, што ўсе мае знаёмыя выехалі на дачу і мне няма дзе начаваць. Купала прапанаваў мне пераначаваць у рэдакцыі. Гэта было не зусім зручна, але выбару ў мяне не было, і я вымушана была згадзіцца. На другім паверсе, у кабінеце рэдактара, была шырокая, мяккая канапа, вялікі дубовы стол з мармуровым пісьмовым прыкладам, засланы зялёным сукном. На стале стаяла вялікая прыгожая лямпа. Купала прынёс бутэльку лёгкага салодкага віна і яблыкаў. Мы селі на канапе, і я папрасіла яго прачытаць вершы, якія перад тым бачыла ў яго папцы. “Не, – сказаў Купала, – я прачытаю табе маю п’есу “Паўлінка”. Я з радасцю згадзілася. Мне вельмі хацелася пачуць твор Купалы ў яго выкананні. Ён прынёс вялікі рукапісны сшытак, прысунуў бліжэй лямпу і пачаў чытаць. Мне здавалася, што гэта казка. Купала, якога я ведала даўно по яго творах, пад уплывам якога пачала сама пісаць вершы, сядзеў побач і чытаў мне п’есу, якую яшчэ нават не надрукавалі. Я бачыла шматлікія праўкі на рукапісе. П’еса мне вельмі спадабалася. Купала доўга чытаў сам, а потым, змарыўшыся, перадаў сшытак мне. “Цяпер пачытай ты крышачку, а я адпачну”. Я пачала чытаць і так увайшла ў ролі герояў, што спрабавала нават іграць іх, змяняючы голас і міміку твару. Янка, задаволены, слухаў. Потым, калі мы вучыліся на настаўніцкіх курсах у Вільні, я жыла разам з Уладзіславай Францаўнай. Мы часта сустракаліся з Янкам Купалам. Ён бываў у нас, і мы прыходзілі часта ў “Нашу ніву”, дзе працавалі Купала і Бядуля. Я пісала тады шмат вершаў, і часта яны з’яўляліся на старонках “Нашай нівы” і ўсюды, дзе друкаваліся творы беларускіх аўтараў. У адным са сваіх артыкулаў пра беларускую літаратуру Янка Купала адзначыў, што некаторых аўтараў яму амаль не прыходзілася правіць зусім. Між імі значыцца і маё прозвішча. …Працуючы загадчыцай беларускай кнігарні ў Полацку, я зноў спаткалася з Купалам, які там працаваў у якойсьці паўваеннай установе. Купала быў ужо жанаты з маёй сардэчнай сяброўкай – Уладкай. Жылі яны дзесьці за горадам, у маленькім драўляным доміку, што стаяў у зацішку ў садзе. Уладзя гасцінна прымала мяне ў сваёй хаце. Купалы не было дома – яшчэ не вярнуўся з работы. Мы сядзелі ў садку, дзе было шмат спелых вішань і чырвоных парэчак, якія я страшэнна любіла і якімі частавала мяне гаспадыня так, як толькі яна ўмела частаваць сваіх гасцей. Яна мне расказвала, як яны, сустрэўшыся ў Маскве з Янкам Купалам, раптам адчулі вялікую блізкасць адно да другога, як Янка атуліў яе, адзінокую на чужбіне, падмогай і апекай і як, урэшце, яны вырашылі ажаніцца. “Я ніколі не пашкадую, што так здарылася”, – сказала яна мне тады, як бы заглядаючы ў будучае. Янка шмат перажыў цяжкога. Чалавек вялікай чулай душы, чэсны і праўдзівы ад прыроды, ён не мог проста і абыякава адносіцца шмат да чаго. Часамі лёс абыходзіўся з ім нялітасціва, і заўсёды сапраўдным другам і апорай была яму Уладзіслава Францаўна – яго верная і шчырая сяброўка. Заўсёды, прыязджаючы ў Маскву, Янка і Уладзя бывалі ў мяне. Нас яднала вялікая дружба. Перад самай вайной у нейкай ленінградскай, калі не памыляюся, газеце быў надрукаваны артыкул крытыка Ляндрэса пад загалоўкам “Забытая паэтэса”. Аўтар артыкула вельмі цёпла адгукваўся аб маёй творчасці і выказваў пажаданне, каб Дзяржаўнае выдавецтва БССР ажыццявіла выданне зборніка маіх вершаў. Купала прыслаў мне гэты артыкул з настойлівай просьбай як мага хутчэй сабраць усё, што ў мяне ёсць, і прыслаць яму. Я адразу прыступіла да гэтай работы. Перапісаўшы шмат вершаў, адаслала іх Купалу. Уладзіслава Францаўна пісала мне, што яна патраціла шмат часу, перадрукоўваючы гэтыя вершы. Але зборніку не ўдалося ўбачыць свету: ён згарэў у Мінску. Уладзіслава і Янка на ўласнай машыне выехалі ў Маскву, калі Мінск быў у агні. Цяжкі быў гэты пераезд. Купала быў нездаровы, а больш за ўсё ў яго балела душа. Ён развітваўся з Беларуссю ў час яе вялікага гора, якому тады нельга было даць ніякай рады, і гэта нясцерпна мучыла паэта. Заняцце фашыстамі Беларусі адбілася на ім выключна цяжка. Купала пастарэў, пасмутнеў, стаў вельмі маўклівым… Ён гарэў агнём вялікай нянавісці да захопнікаў і, як пажар, запальваў гэтай нянавісцю людзей. Улада рабіла ўсё, каб палегчыць жыццё свайму сябру і мужу. Яна атуляла яго клопатам, заўсёды стварала найспакайнейшыя ўмовы для жыцця і працы, але ўвага і настойлівасць часта яго толькі раздражнялі. І ўсё ж такі ён ведаў, што такога шчырага сябра, якім была яму У. Ф. Луцэвіч, у яго не было і не будзе. Аднойчы, памятаю, у Маскве ён заехаў да мяне на работу і прапанаваў адвезці мяне на машыне дадому. Змучаны, хворы, ён усё ж заставаўся самім сабой: як заўсёды, чулы, далікатны і добры. Каля кандытарскага магазіна спыніў машыну. “Куды ты?” – спытала я. “Хачу купіць табе цукерак да чаю”, – сказаў ён і праз хвілю выйшаў з магазіна з каробкай. Я была вельмі задаволена, аж пачырванела ад радасці. Зрабіць камусьці прыемнасць яму надта падабалася. А цяпер, калі ўвесь архіў Янкі згарэў у агні вайны, калі нават кніжкі яго трэба збіраць па людзях, гэтыя жарты гучаць нам, сучаснікам Купалы, вялікім дакорам. Шмат сіл і энергіі траціла Уладзіслава Луцэвіч, каб сабраць усё, што ёсць на руках у людзей: кніжкі, пісьмы, фатаграфіі, – адным словам, усё пра Купалу, для яго музея. Трэба і нам усім прыкласці сілы, каб данесці жывы вобраз Купалы да далёкіх пакаленняў – і праз яго творы як вялікага паэта, і праз успаміны аб ім як чалавеку.



Добавить комментарий