Рэгіянальныя навіны ад Наталлі ШТЭЙНЕР

Региональные новости

Тэл.: 67079, Velcom 3933728 nshtejner@mail.ru

На базе Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі з лета бягучага года арганізаваны курсы для павышэння кваліфікацыі ідэалагічнага актыву вобласці.

Першай на пяцідзённых курсах пабывала галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Лідзія Маляўкіна. Павысілі кваліфікацыю, набылі новыя веды намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце лясгаса Сяргей Мікеня, а таксама адказныя за ідэалагічную работу Вольга Шакун з райаграпрамтэхнікі і Марына Вялічка з аўтапарка № 14. Як правіла, адзін з пяці дзён – выязны, адбываецца знаёмства з рознымі раёнамі і працоўнымі калектывамі Міншчыны. Наступны ідэолаг адправіцца на вучобу ў снежні.

З 4 кастрычніка галоўным спецыялістам упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама прызначана Ларыса Валяр’янаўна Кулак. Яна будзе займацца пытаннямі па ахове дзяцінства. Дарэчы, гэта месца было не занята каля паўгода.

Сцвярджаюць, што немагчыма двойчы ўвайсці ў адну і тую ж ваду. Галоўны спецыяліст вырашыла праверыць дадзены выраз на сабе. Справа ў тым, што Л. В. Кулак раней працавала на гэтай пасадзе 7 гадоў. А потым вырашыла развітацца з сістэмай адукацыі. Спачатку працавала ў раённым аддзеле паштовай сувязі, а потым амаль чатыры гады – інжынерам-эколагам Рэспубліканскага ландшафтнага заказніка “Налібоцкі”. Па першай адукацыі Ларыса Валяр’янаўна географ – скончыла ў 2006 годзе геаграфічны факультэт Белдзяржуніверсітэта. У калектыве заказніка яна ўкараніла новыя формы работы, многа зрабіла для прапаганды яго дзейнасці, арганізоўвала пешыя і веласіпедныя экскурсіі, зарэкамендавала сябе кампетэнтным экскурсаводам і расказчыкам. Поспехаў на вельмі адказнай пасадзе!

З 4 кастрычніка ва ўстановах адукацыі вобласці стартаваў ХІ педагагічны марафон “Адзінства, грамадзянскасць, патрыятызм – ключавы рэсурс развіцця адукацыі Міншчыны”.

А ўжо літаральна на наступны дзень у рамках марафону група маладых спецыялістаў і іх непасрэдныя куратары з Валожынскага прафесіянальнага сельскагаспадарчага ліцэя наведалі краязнаўчы музей. Супрацоўнікі падрыхтавалі для іх віртуальную экскурсію “Валожын учора, сёння і заўтра”, падчас якой пазнаёмілі з горадам і раёнам, адметнымі мясцінамі і гістарычнымі славутасцямі. Такое віртуальнае падарожжа было найбольш цікавым для моладзі, якая толькі пачынае знаёмства з Валожыншчынай.

У папярэдніх калонках мы пісалі пра аўкцыёны па продажы пустуючых будынкаў у розных населеных пунктах раёна. Дарэчы, не ўсе яны адбыліся з-за нізкай актыўнасці патэнцыяльных пакупнікоў. На 19 кастрычніка назначаны аўкцыён па продажы будынка Сугваздаўскага дзіцячага сада.

А вось 1 кастрычніка будынак былога Каменскага ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа быў нарэшце прададзены за 1 базавую велічыню. Час пакажа, якое другое жыццё чакае гэты будынак.

Набліжаецца чарговае свята, якое мае дычыненне да большасці жанчын краіны, – Дзень маці.

А свята – гэта заўсёды падарункі, а для матулі кожнаму хочацца зрабіць асаблівы. І справа нават не ў грашовым эквіваленце. Вось і адміністрацыя ДЮСШ паклапацілася пра падарункі ў выглядзе сертыфікатаў. Вы можаце падарыць сваім родным прыгажосць, здароўе, бадзёрасць і добры настрой у выглядзе наведвання саўны і басейна, заняткаў аквааэробікай і ў самых розных залах на месяц і больш. Гэта можа быць комплекс аздараўленчых працэдур, месячны абанемент ці нават некалькі абанементаў. Паспяшайцеся!

Чарговую партыю гуманітарнай дапамогі перадала ў Валожын абласная арганізацыя Таварыства Чырвонага Крыжа.

Больш за 200 кілаграмаў адзення і абутку ад насельніцтва сталіцы ў першую чаргу прызначаны мнагадзетным і малазабяспечаным сем’ям.

2 кастрычніка ў спартыўнай зале ДЮСШ адбыўся адкрыты турнір па міні-футболе сярод мужчынскіх каманд памяці трэнера А. С. Латышава. У ім прынялі ўдзел 5 каманд.

Перамогу святкавала каманда Валожына, на другім і трэцім месцах – футбалісты Івянца і вёскі Суднікі. Лепшымі ігракамі турніру прызнаны Ягор Каляда і Ілля Шаўлюк з райцэнтра, Дзмітрый Цітоў з Івянца і Дзмітрый Сакалоўскі з Суднікаў. Тройка лепшых каманд узнагароджана дыпломамі, а іх ігракі – грашовымі прызамі.