Майстар паштовай сувязі

Общество Официально Ступені поспеху

9 кастрычніка – Сусветны дзень пошты

З нагоды прафесійнага свята Ганаровай граматай рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства паштовай сувязі “Белпошта” ўзнагароджана паштальён мотадастаўкі Валожынскага ўчастка Алена ШАРКО.

Пра прафесію паштальёна Алена Анатольеўна, як кажуць, не думала, не гадала. У 2009 годзе пасля скасавання Бабровіцкага сельсавета, дзе працавала, ёй прапанавалі пайсці паштальёнам у мясцовае аддзяленне паштовай сувязі. Па родзе колішняй работы навакольных людзей ведала добра, таму хутка знайшла з імі агульную мову на новым месцы. Асноўным транспартам і зімой, і ўлетку быў веласіпед – на ім аб’язджала Бабровічы, Саланую, Бурнейкі, Носавічы: выплачвала пенсіі, афармляла падпіску, брала аплату за камунальныя плацяжы і мабільную сувязь, дастаўляла тавары паўсядзённага попыту. Пасля дабавілі Пяршайскі сельсавет – вёскі Даўбені, Банькава, Паморшчына. Сюды ўжо прыязджала на паштовай машыне. Жыццё і штодзённая праца ішлі сваім парадкам.

Пасля аптымізацыі сельскіх паштовых аддзяленняў перавялася ў Валожын, дзе на той час зараджаўся новы від паслуг – мотадастаўка. З таго моманту прайшлі чатыры гады. На сёння А. А. Шарко абслугоўвае больш за 50 населеных пунктаў Івянецкай зоны. Ёсць такія аддаленыя і маланаселеныя, дзе жывуць усяго некалькі чалавек: да пяці вяскоўцаў з Вялікіх Козлікаў дабіраюцца праз лес. Паштовую машыну тут чакаюць – каб тавар набыць, паслугі аплаціць, даць новыя заказы, ну і, безумоўна ж, пагутарыць. “Ездзім мы ўдзень, калі людзі працаздольнага ўзросту на рабоце, – расказвае паштальён. – Нашы асноўныя кліенты – пенсіянеры, а яны, як дзеці: даверлівыя, адкрытыя. Ім расказаць і паказаць усё трэба, растлумачыць і прапанаваць, а часам і іх паслухаць вельмі карысна – павучыцца жыццёвай мудрасці”.

Камунікабельная, добрасумленная, старанная, акуратная, чулая – усе гэтыя якасці дапамагаюць Алене Анатольеўне і планы выконваць, і сярод кліентаў стаць “сваёй” – а такі давер трэба заслужыць!

Алена ЗАЛЕСКАЯ

Фота Сяргея БОБРЫКА