Захавальнікі традыцый

Общество Ступені поспеху

Напрыканцы верасня адбыўся справаздачна-выбарны сход раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз афіцэраў”.

 Перад удзельнікамі схода трымалі справаздачу старшыня, палкоўнік у адстаўцы Аляксандр Мікалаевіч Валавікоў і савет арганізацыі ў складзе 9-і чалавек. Зараз арганізацыя налічвае 44 члены, па розных прычынах іх колькасць скарацілася за справаздачны перыяд на 14 чалавек. За чатыры гады арганізацыя дабілася высокіх вынікаў у ваенна-патрыятычным выхаванні моладзі, у падрыхтоўцы і святкаванні 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх акупантаў і 75-годдзя Вялікай Перамогі, займала прызавыя месцы па выніках апошніх гадоў. Члены нязменна прымалі ўдзел у абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах па розных відах спорту, але самыя лепшыя вынікі паказвалі ў шахматах.

Пасля абмеркавання даклада была дадзена станоўчая адзнака зробленай рабоце. На чарговы тэрмін старшынёй абраны зноў А. Валавікоў. А вось у савеце арганізацыі адбыліся некаторыя змены, два чалавекі заменены. Замест іх абраны падпалкоўнік Дзмітрый Мікалаевіч Ракавец і маёр у адстаўцы Аляксандр Іосіфавіч Белановіч.

Таксама абраны дэлегаты на сход Мінскай абласной арганізацыі: падпалкоўнік у адстаўцы Уладзімір Уладзіміравіч Сёмін і маёр у адстаўцы Аляксандр Юр’евіч Камароў. На ХІ з’ездзе Беларускага саюза афіцэраў Валожыншчыну будуць прадстаўляць палкоўнік у адстаўцы Сяргей Уладзіміравіч Глябовіч і падпалкоўнік у адстаўцы У. У. Сёмін.

Наталля ШТЭЙНЕР