Нядаўна ў РЦК прайшоў чарговы Дзень прызыўніка. Больш за 40 юнакоў раёна атрымалі павесткі на тэрміновую воінскую службу і службу ў рэзерве.
Першая адпраўка маладога папаўнення ў войска адбудзецца 17 лістапада, яшчэ мала хто з іх па-сапраўднаму адчуў усю адказнасць, напружанасць і складанасць будучага армейскага жыцця. Безумоўна ж, першыя ноткі хвалявання яны зведалі, бо на руках – павесткі. Пакуль яны звычайныя юнакі з уласцівымі для іх узросту маладым запалам, энергіяй, бесклапотнасцю. Пакуль яшчэ нікому не трэба падпарадкоўвацца, выконваць загады, жыць па строгім раскладзе. Але ўсё гэта іх чакае наперадзе. І галоўнае – быць мужным, вынослівым, адказным, такім, якім павінен быць сапраўдны салдат.
У зале прысутнічалі і тыя, хто ўжо ў хуткім часе пасля службы ў арміі вернецца дадому. Разам з маладым папаўненнем яны папрактыкаваліся ў разборцы і зборцы аўтамата. І хоць некаторыя трымалі яго ў руках упершыню, справіліся з заданнем нядрэнна.
Воінскаая служба – гэта суровае выпрабаванне для кожнага юнака. У першыя ж хвіліны, пераступіўшы парог КПП часці, упершыню іх свабода абмяжуецца рамкамі статута: раннія пад’ёмы, адзенне строга па форме, заняткі, страявая і фізічная падрыхтоўка – усё новае і незвычайнае.
Алена ЗАЛЕСКАЯ.
Фота аўтара.