ЖАМЧУЖЫНЫ НАШАЙ АГУЛЬНАЙ БУДУЧЫНІ

Общество

Рэспубліканскі семінар у рамках праекта ПРААН, звязанага з інтэграцыяй пытанняў захавання біяразнастайнасці ў палітыку і практыку тэрытарыяльнага планавання ў Беларусі, нядаўна прайшоў на базе нашага раёна.

Прыродныя багацці, у тым ліку і зямля, здаюцца нам бязмежнымі, але гэта скарбніца можа збяднець, змізарнець, калі выкарыстоўваць яе па максімуму, не асабліва клапоцячыся пра далёкае будучае. Прырода сама па сабе фарміруе баланс устойлівасці, але і чалавек павінен іграць у гэтым  бясконцым працэсе ролю клапатлівага, мудрага гаспадара…

Вучоныя, спецыялісты вузкага профілю здольны зазірнуць наперад праз прызму часу, спрагназаваць сітуацыю, папярэдзіць, перасцерагчы грамадства ад магчымых негатыўных праяў, якія могуць нанесці глабальную шкоду экалогіі, камфортным умовам пражывання чалавека на зямлі. Зазірнуць у будучае Валожыншчыны на гадоў дзесяць-дваццаць і хацела група спецыялістаў, якая больш чым год працавала ў нашым раёне. Без перабольшання можна сказаць – тытанічную працу зрабілі яны. Матэрыялы, якія тычацца рацыянальнага землекарыстання, захавання біялагічнай разнастайнасці ўнушальныя па сваім аб’ёме: займаюць больш за 300 старонак тэксту. А дадайце сюды падрыхтоўку шматлікіх картаў, дыяграм, збор статыстычных звестак і інш. У калектыўнай працы сталічных спецыялістаў адлюстраваны і сённяшні дзень, і перспектыўнае бачанне рацыянальнага прыродакарыстання ў раёне.

Своеасаблівай прэзентацыяй зробленага і стала нядаўняе правядзенне ў раёне рэспубліканскага семінара. На ім спецыялісты выступілі з грунтоўнымі дакладамі па вызначанай праблематыцы. У прыватнасці, былі абнародаваны вынікі інвентарызацыі біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці. Прагучалі даклады па аптымальнаму лесаўпарадкаванню, вядзенню паляўнічай гаспадаркі. Слухачы даведаліся і пра новыя падыходы да экатурызму. Важным аспектам размовы стала абмеркаванне схемы землекарыстання нашага раёна.

Валожыншчына – унікальны па сваёй экасістэме рэгіён, да таго ж тут прыгожая і непаўторная лясная зона, аптымальны водны баланс. Я была прыемна здзіўлена, калі ў адным з дакладаў прагучала сцвярджэнне, што ў Вішнеўскай зоне ёсць рэдкія прадстаўнікі флоры, якія нават не сустрэнеш у легендарнай Белавежскай пушчы. Тут захаваліся ўнікальныя куточкі дзікай прыроды. Гэтыя жамчужыны важна захаваць на вякі. І вучоныя падказалі, што трэба зрабіць, каб не змізарнела існуючая прыродная спадчына. На тэрыторыі раёна зарэгістраваны 39 відаў дзікай жывёлы і 42 віды раслін, якія занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. Радуе, што “папуляцыя” некаторых відаў зусім не скупая па плошчы. У прыватнасці, мядзведжай цыбулі, ці як найчасцей яе называюць – чарамша. Распасціраецца яна ў лясной зоне не на сотні метраў, а на дзесяткі гектараў. Аўтаномныя калоніі некаторых раслін на Валожыншчыне больш багатыя па сваёй колькасці, чым узятыя па ўсёй рэспубліцы ў цэлым. Для ўсіх 84 месцаў размяшчэння “чырванакніжнікаў” падрыхтаваны ахоўныя абавязацельствы. На тэрыторыі раёна знойдзена трэцяе ў рэспубліцы месцазнаходжанне рэдкага матылька – пераліўніцы альпійскай.

Цікавыя вывады абнародавалі вучоныя і наконт патэнцыялу мясцовай фаўны, вадаплаўных і водна-балотных птушак. Праектам паляўнічай гаспадаркі прадугледжаны мерапрыемствы па рэгуляванню колькасці дзіка, янотападобнай сабакі, лісіцы ў месцах, дзе селяцца цецерукі.

У лік ахоўваемых лясных драпежнікаў трапілі барсукі, бабры, многія іншыя чатырохногія пушчанскія насельнікі. Напрыклад, аптымальная зона пакою для пражывання і размнажэння таго ж барсука, па меркаванню вучоных, павінна складаць не менш чым 6 гектараў. Рэальна ж пры вядзенні лесакарыстання такія нормы захоўваць цяжка. Таму распрацаваны іншыя прымальныя параметры. Бабры, будуючы свае плаціны на рэках, павялічваюць і ўзровень вады ў рэках, дзе нерастуе фарэль, і гэтым перашкаджаюць размнажэнню рэдкай рыбы. Таму ў пэўных месцах трэба ўмела карэкціраваць бабровыя пасяленні для дасягнення аптымальнага балансу існавання паміж гэтымі двума відамі. Фарэль любіць пладзіцца ля берагоў рэк, дзе расце хмызняк. І самавольныя высечкі кустоў могуць нанесці гэтай “чырванакніжніцы” непапраўны ўрон, бо фарэль харчуецца насякомымі, якія падаюць на водную гладзь з галінак прыбярэжных дрэў. Вялікая шкода наносіцца рыбе, калі зямля арэцца амаль ушчыльную да берагоў вадаёмаў, а тым больш, калі яшчэ і апрацоўваецца хімікатамі.

На тэрыторыі нашага раёна сустракаюцца ўчасткі лесу, дзе пераважае ядловец, прычым не ў форме звыклых калючых кустоў, а высачэзных стромкіх дрэў. Такая з’ява таксама рэдкая для Беларусі. Такія лясы знаходзяцца пад аховай. Дарэчы, статус  “зоны спакою” атрымала і Сакаўшчынскае вадасховішча, дзе ў перыяд міграцыі канцэнтруюцца сотні чарод птушак.

У раёне размешчана 88 садаводчых таварыстваў, якія аб’ядноўваюць 10,2 тысячы зямельных участкаў. Валожыншчына сярод іншых раёнаў Міншчыны выдзяляецца не толькі блізкім месцаразмяшчэннем ад сталіцы, але і значным лясным пакрыццём. А гэта добрая ўмова для арганізацыі палявання па дзеючых правілах прыродакарыстання. На семінары прагучалі прапановы  наконт новых падыходаў да арганізацыі экатурызму на тэрыторыі раёна, арганізацыі “зялёнага палявання” на глушца, правядзення арніталагічных тураў ці назіранняў за птушкамі.

Праца вучоных дапаможа і ў далейшым земле-карыстанні, у пошуку эфектыўных шляхоў павышэння прадукцыйнасці сельгаскультур без урону для прыроды. Закраналася і тэма меліярацыі, нямала гаварылася пра значэнне беларускіх балот.

Усе ўдзельнікі семінара – людзі дасведчаныя ў сваёй канкрэтнай сферы дзейнасці, яны валодаюць багатымі навыкамі ў даследчай рабоце. Іх выступленні вызначаліся багатымі энцыклапедычнымі ведамі і будуць вельмі карысныя для прадстаўнікоў мясцовай улады, практычная работа якіх непасрэдна звязана з кантролем за выкарыстаннем, зберажэннем і прымнажэннем прыродных скарбаў.

Ірына ПАШКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий