Улюбёная ў сваю справу

Культура Люди и судьбы

Кіраўнік народнага аб’яднання народных майстроў “Скарбніца” Наталія Міхайлаўна Кліменак кожны дзень з задавальненнем адпраўляецца на работу, бо вельмі любіць справу, якой займаецца. Яна можа гадзінамі распавядаць пра творчасць майстроў і іх выставы.

Але жыццёвы шлях нашай гераіні не быў прамым і лёгкім. Калі дзяўчынцы споўнілася 10 гадоў, сям’ю спасцігла вялікае гора – памёр бацька. Адказнасць за выхаванне траіх дачок легла на плечы маці. Наталія як старэйшая, чым магла, дапамагала ёй. Пасля заканчэння школы яна вырашыла паступаць у Вілейскае тэхнічнае вучылішча, каб хутчэй пайсці на свой хлеб. Думаць аб тым, да чаго ляжыць душа, не было як. Неўзабаве атрымала спецыяльнасць кантралёра і была накіравана ў цэнтральную вымяральную лабараторыю, а пазней аддзел тэхнічнага кантролю завода “Зеніт”. У калектыве прынялі добразычліва, аказвалі ўсемагчымую дапамогу. Буйная вытворчасць, шмат моладзі, белыя халаты, велізарныя мікраскопы, чорныя аксамітныя шторы на ўсё жыццё пакінулі незабыўныя ўражанні.

Калі ў 1986 годзе Наталія выйшла замуж, то на сямейным савеце маладыя людзі вырашылі строіць сваё далейшае жыццё на малой радзіме. Неўзабаве яны перабраліся ў вёску Брылькі. Сумаваць маладой жанчыне доўга не прыйшлося, хутка ёй прапанавалі пасаду загадчыка ў Нарэйшынскім сельскім клубе. Так, неспадзявана для сябе, яна стала работнікам культуры. У гэты час завочна адвучылася ў Магілёўскім бібліятэчным тэхнікуме.

На новым месцы працы асвоілася хутка: пазнаёмілася з мясцовымі людзьмі, даведалася аб іх захапленнях. У вёсцы было шмат моладзі. Кожны дзень у клубе дэманстраваліся фільмы, некалькі разоў на тыдзень праводзіліся канцэрты, танцы, а таксама арганізоўваліся выступленні на фермах і палях. Наталія Міхайлаўна станавілася завадатарам шматлікіх мерапрыемстваў. Сама яна валодае выдатным голасам, які, гаворыць, дастаўся ў спадчыну ад маці, без прымусу можа пусціцца ў скокі, некалі бацька на вечарынках танцаваў так, што лямпа тухла. Адным словам, жыццё ў вёсцы кіпела. Ішлі гады, моладзі ў Нарэйшах станавілася ўсё менш, і ў выніку клуб закрылі.

Жанчына заставалася без працы нядоўга. Тагачасны дырэктар раённага Цэнтра культуры прапанаваў месца ў гэтай установе. Неўзабаве яна стала метадыстам народнага аб’яднання народных майстроў “Скарбніца”. Хутка наладзіла кантакты з людзьмі, пазнаёмілася з майстрамі. Праз нейкі час стала кіраўніком. Яна з асалодай робіць сваю работу. Асаблівае задавальненне дастаўляе афармленне выстаў. Да гэтай справы ў Наталлі Міхайлаўны сапраўдны талент. Толькі паглядзеўшы на работы, яна ўжо ўяўляе, як будзе выглядаць экспазіцыя.

 Шмат прыемных эмоцый ёй дастаўляюць знаёмствы з майстрамі. Жанчына цікавіцца іх жыццём, захапленнямі. З вялікай павагай адносіцца да людзей, якія займаюцца традыцыйнымі відамі народнай творчасці, адраджаюць тое нямногае, што засталося. Асаблівую цікавасць выклікаюць ткацтва паясоў і на кроснах, пляценне кашоў, разьба па дрэве і інш. Яна вельмі ўдзячна тым, хто прымае непасрэдны ўдзел у выязных выставах і абараняе гонар раёна на рэгіянальных святах-конкурсах. Кіраўнік асабіста суправаджае іх на такія мерапрыемствы, дапамагае аформіць выставы. Каля прадстаўнікоў Валожыншчыны заўсёды шмат наведвальнікаў: адны хочуць нешта набыць, а большасць цікавіцца самабытнай творчасцю.

Наталія Міхайлаўна нязменна адчувае вялікае хваляванне, калі падводзяцца вынікі на такіх мерапрыемствах. З заміраннем сэрца чакае, што прадстаўнікоў Валожынскага раёна назавуць у апошнюю чаргу. Гэта значыць, што тыя сталі пераможцамі і атрымалі галоўную ўзнагароду – Гран-пры фестывалю.

Як кіраўнік народнага аб’яднання яна плануе працу на ўвесь год, уключае сюды майстар-класы, прэзентацыі, выставы, экскурсіі. На сённяшні дзень “Скарбніца” аб’ядноўвае 26 майстроў. За мінулы год тут былі арганізаваны 19 выязных, 6 персанальных, 26 тэматычных выстаў, два майстар-класы, а таксама творчыя сустрэчы і экскурсіі. Усе ўдзельнікі вельмі лёгкія на ўздым. Дзякуючы свайму кіраўніку, яны аб’ехалі многія гарады Беларусі. Пазнаёміліся са славутасцямі Мінска, Іўя, Ліды, Смаргоні, Нясвіжа, Міра, Залесся, Гярвятаў, Крэва, Мядзеля, Мосара, Сулы, Глыбокага і многіх іншых месцаў. Такія экскурсіі робяць жыццё больш насычаным, стымулююць творчасць.

Наталія Міхайлаўна лічыць сябе сапраўды шчаслівым чалавекам, таму займаецца любімай справай. Яе галоўнае жаданне, каб людзі займаліся творчасцю і ў Валожынскім раёне было больш народных майстроў і членаў Беларускага саюза майстроў.

Анжэла РАДЫНА,

фота аўтара