У кожнага свая “Амерыка”, ці Прыступкі лёсу

Люди и судьбы Общество

“Вы ніколі не перасечаце акіян, калі не наберацеся мужнасці згубіць бераг з віду”. Гэты выраз прыпісваюць Хрыстафору Калумбу, але хто можа дакладна сцвярджаць, ці гаварыў такія словы адкрывальнік Амерыкі. Мой сённяшні суразмоўца лічыць, што яны ў нейкай ступені тычацца і яго лёсу. За сорак гадоў ён неаднаразова адкрываў свае “маленькія Амерыкі”, знаходзіў у сабе сілы і мужнасць брацца за новыя справы.

У нашым горадзе яго больш помняць як выпускніка гімназіі № 1, сярэбранага медаліста і актывіста Дзмітрыя КУРЛОВІЧА. І далёка не ўсе ведаюць як маладога таленавітага вучонага, а з 2019 года яшчэ і дэкана факультэта геаграфіі і геаінфарматыкі Белдзяржуніверсітэта, ВНУ № 1 нашай краіны, Дзмітрыя Міраслававіча. Менавіта так ужо даўно да яго звяртаюцца калегі па рабоце і студэнты. Лічу, што наша даўняе знаёмства дазваляе мне звяртацца да яго на “ты” і задаваць самыя розныя пытанні, на якія атрымала шчырыя адказы.

– Дзмітрый, чаму з усіх школьных прадметаў ты выбраў геаграфію, чым гэта абумоўлена?

– Мая любоў да гэтага прадмета пачалася з першага погляду, а дакладней – з першага ўрока ў 5 класе. І нават не з самога ўрока, а з настаўніцы – Святланы Вітольдаўны Федарака. І нашы адносіны не скончыліся пасля заканчэння школы. Святлана Вітольдаўна – мой лепшы сябар і дарадчык па жыцці. Хочацца верыць, што апраўдаў яе надзеі.

 – Дрэнны той салдат, які не марыць стаць генералам. Так, напэўна, можна сказаць і пра студэнта. Аднак студэнтаў сотні, а дэкан факультэта адзін. Прэстыжна дарасці нават да загадчыка кафедры, абараніць дысертацыю, ці так?

 – Калі паступаў на геафак, марыў займацца навуковымі даследаваннямі, хаця на той момант мала ўяўляў, якімі. З’явілася цікавасць да падарожжаў. Падчас вучобы ў школе такой магчымасці не было. Але ведаў, што паняцце геаграфія нашмат шырэй, чым проста падарожжы па розных краінах. І практычна з першага курса пачаў здзяйсняць сваю мару. У 2003 годзе атрымаў дыплом з адзнакай і паступіў у аспірантуру БДУ на кафедру дынамічнай геалогіі. У 2011-м абараніў кандыдацкую дысертацыю. А праз шэсць гадоў стаў загадчыкам кафедры глебазнаўства і геаінфармацыйных сістэм.

– Для многіх студэнтаў і выпускнікоў і гэтыя твае дасягненні недасягальныя. А ты ў 2019 годзе быў прызначаны дэканам роднага факультэта.

– І папрашу заўважыць, не самым маладым дэканам БДУ па ўзросце. Пра такое і не марыў, а тады быў упэўнены, што мне быў дадзены аванс, які і адпрацоўваю ўвесь гэты час. Увогуле, геафаку аддадзены ўжо 23 гады жыцця.

– Дзмітрый, а што можаш паставіць сабе ў заслугу, што змянілася на факультэце за гэтыя два гады?

– Ён памяняў сваю назву, стаў не проста геафакам. Адбылася змена пакаленняў у кіраўніцтве і практычна на ўсіх кафедрах. І амалоджванне прафесарска-выкладчыцкага саставу працягваецца. Адкрыта новая спецыяльнасць на першай ступені вышэйшай адукацыі, думаю, вельмі перспектыўная – “Геатэхналогіі турызму і экскурсійная дзейнасць”. Рыхтуецца адкрыццё міждысцыплінарнай спецыяльнасці “Ландшафтны дызайн”. На другой ступені (у магістратуры) адкрыта вельмі патрэбная спецыяльнасць “Гідраметэаралогія (прафілізацыя “Сінаптычная метэаралогія”). З бягучага навучальнага года распрацавана і адкрыта англамоўная магістратура па спецыяльнасці “Геаграфія”. Практычна з нуля створаны адукацыйны партал факультэта. Наш факультэт адзін з лідараў ва ўніверсітэце па аказанні паслуг у навуковай сферы. Пастаянна вядзецца работа з настаўнікамі геаграфіі, адоранымі вучнямі.

– Геафак месціцца, як і ў мае студэнцкія гады, непадалёк ад чыгуначнага вакзала ў невялікім будынку?

 – Адрас наш не змяніўся за многа гадоў, а вось іншых змен шмат. Асабліва хацеў бы адзначыць рамонт, які адбыўся ў 2019 годзе. Адрамантаваны і аснашчаны самым сучасным абсталяваннем аўдыторыі. Устаноўлены відэасцены для прэзентацыі матэрыялаў, абсталяванне для правядзення відэаканферэнцый. З’явіўся яшчэ адзін камп’ютарны клас. Новы від набыла аранжарэя. Менавіта на нашым факультэце ў студзені бягучага года праходзіла сустрэча Прэзідэнта А. Р. Лукашэнкі са студэнтамі і выкладчыкамі ўніверсітэта.

– Што яшчэ ёсць на геафаку, чаго няма на іншых факультэтах?

 – Я б сказаў, што візітнай карткай з’яўляецца наш музей землязнаўства – буйнейшы мінералагічны музей краіны. Цалкам абноўлены яго дызайн, экспазіцыі, вітрыны. Закуплена гемалагічная лабараторыя, ён аснашчаны мультымедыйнымі сродкамі, маюцца аўдыягіды на рускай, англійскай і кітайскай мовах.

 – Дзмітрый, калі ты сам быў школьнікам, то быў вельмі актыўным у грамадскім жыцці, нязменным вядучым раённых і гарадскіх мерапрыемстваў, быў вельмі раскаваны на сцэне. Думаю, што такім жа быў і студэнт Курловіч. А чым славіцца геафак акрамя навукі, як сам дэкан адносіцца да актывістаў?

– Каманды факультэта ўдзельнічаюць у штогадовай агульнаўніверсітэцкай спартакіядзе, іншых турнірах і спаборніцтвах. У нас праводзіцца Вечар настольных гульняў, Кубак першакурсніка, Тыдзень географа, турзлёты, капуснікі, традыцыйна выбіраем Містара і Міс Геа і інш. Шчыра радуюся, калі нашы перамагаюць.

– Ці заўважаеш розніцу паміж цяперашнімі студэнтамі і, напрыклад, тваімі равеснікамі?

– Розніца безумоўная па рабоце з інфармацыяй. Асноўнымі крыніцамі ведаў у мой час былі падручнікі, манаграфіі, карты, атласы. За імі даводзілася ісці ў бібліятэкі, картаграфічны фонд. Цяпер дабыць любую інфармацыю значна прасцей, студэнтам даступны інтэрнэт-рэсурсы, якія адкрываюць інфармацыю любой бібліятэкі свету, на гэта патрабуецца затрачваць менш часу. Сфарміравалася пакаленне Z, так званых аўдыёвізуалаў, якія ўспрымаюць новыя веды праз фота і відэа, мультымедыйныя прэзентацыі, інфаграфіку. На мой погляд, з-за гэтага некалькі страцілася глыбіня прапрацоўкі студэнтамі асобных тэм. Аднак, менавіта дзякуючы дадзенай тэндэнцыі, студэнты шырэй валодаюць матэрыялам, у тым ліку і міждысцыплінарнага характару.

– Вядома, сёлета быў істотны недабор студэнтаў на многіх факультэтах і ў многіх ВНУ. А ў вас? Ці многа сярод студэнтаў нашых землякоў?

– На бюджэт усіх набралі, хаця ў іншых факультэтаў сапраўды былі складанасці. Геафак заўжды ў модзе! Калі я паступаў, то былі толькі тры спецыяльнасці: геаграфія, геаэкалогія і геалогія. Цяпер іх шэсць. З наступнага года адкрываем сёмую. Выпускнікоў школ нашага раёна нямнога, але яны сустракаюцца.

– Ці строгі ты дэкан?

– Прытрымліваюся дэмакратычнага стылю. У кожнай спрэчнай сітуацыі стараюся вывучыць праблему з усіх бакоў і прыняць узважанае рашэнне…

– І, нарэшце, некалькі пытанняў не пра работу. Што, акрамя яе, любіць малады вучоны, дэкан?

– Люблю падарожнічаць, не адмоўлюся ад добрай кнігі ці фільма. Шмат карыснага ўзяў з кнігі Стывена Кові “4 правілы паспяховага лідара”. У ежы я не пераборлівы, люблю дамашнія стравы. Дарэчы, і сам люблю гатаваць. Зялёнаму чаю аддам перавагу перад кавай.

– Геафак даў табе магчымасць падарожнічаць, і пабываў шмат у якіх краінах свету. Студэнтам адкрыў для сябе Швецыю, давялося быць там некалькі разоў. А мары яшчэ засталіся?

– Вельмі хацелася б пабываць у Ісландыі.

– Апошняе, надзвычай актуальнае пытанне: ці зрабіў дэкан прышчэпку ад Covid-19?

 – Зразумела, зрабіў. І нават запісаў для ютуб-канала БДУ ролік “Пра вакцынацыю ад Covid-19 ад Д. М. Курловіча”.

– Дзмітрый Міраслававіч, жадаю аднаму са старэйшых факультэтаў БДУ далейшага працвітання, ініцыятыўных студэнтаў, апантаных геаграфіяй. Табе асабіста – радасці ад кожнага пражытага дня, плёну ў навуцы, цікавых падарожжаў і адкрыццяў. І, ведай, землякі табой ганарацца!

Гутарыла

Наталля ШТЭЙНЕР,

выпускніца журфака БДУ 1979 года