Беларускае радыё правядзе акцыю да Дня маці

Общество Радио

Радыёстанцыі Белтэлерадыёкампаніі 14 кастрычніка спецыяльна да Дня маці падрыхтавалі круглы стол, тэматычныя эфіры, конкурсы ў сацыяльных сетках, цёплыя віншаванні і жывы канцэрт музычных калектываў медыяхолдынга. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе Белтэлерадыёкампаніі.

На Першым нацыянальным канале запланаваны тэматычны круглы стол. У вялікай студыі Дома радыё збяруцца прадстаўнікі Беларускага саюза жанчын, Асацыяцыі шматдзетных бацькоў, духавенства, дэпутаты. Яны абмяркуюць пытанні дзяржаўнай сямейнай палітыкі, падтрымкі мацярынства і дзяцінства. Музычным падарункам гасцям эфіру ад Беларускага радыё стане жывое выступленне заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь Акадэмічнага хору і сімфанічнага аркестра Белтэлерадыёкампаніі.

Вершы беларускіх паэтаў, прысвечаныя маці, прагучаць у перадачы «Паэтычны эцюд». Цёплыя словы ў адрас матуль можна будзе перадаць у эфіры праграмы па заяўках «Вітаем, віншуем, жадаем!»

У інфармацыйных выпусках будуць асвятляцца мерапрыемствы Тыдня маці ў рэгіёнах краіны і горадзе Мінску.

Таксама падпісчыкі афіцыйнага акаўнту Першага нацыянальнага канала ў Instagram могуць прыняць удзел у конкурсе і выйграць каштоўны прыз. Для гэтага патрэбна апублікаваць сэлфі з маці або бабуляй.

У эфіры радыёстанцыі «Сталіца» прагучаць тэматычныя рубрыкі і музычныя кампазіцыі. Аўтары спецыяльнага выпуску праекта «Сіла прыцягнення» запросяць слухачоў у горад Жодзіна, дзе ўстаноўлены манумент у гонар маці-патрыёткі Настассі Купрыянавай: усе яе 5 сыноў абаранялі Радзіму ў час Вялікай Айчыннай вайны. Малодшы сын Пётр — Герой Савецкага Саюза.

У перадачы «Невядомая сталіца» пойдзе гаворка аб тым, калі з’явіўся Дзень маці, а таксама аб вядомых жанчынах-маці, якія пакінулі значны след у гісторыі роднага краю.

Канал «Культура» павіншуе матуль тэматычнымі музычнымі падборкамі на працягу ўсяго святочнага дня. Публіцыстычны праект «Дыялогі пра культуру» будзе прысвечаны сямейнаму выхаванню, ролі маці ў жыцці дзіцяці. У праекце для дзяцей і падлеткаў «Дасціпныя. Нястомныя. Кемлівыя» юныя чытальнікі агучаць любімыя вершы аб самым дарагім чалавеку на свеце.

Эфірнае святкаванне Тыдня маці прадоўжыцца і ў выхадныя — паэтычны праект «Прачулым радком» пазнаёміць з вершамі беларускіх паэтаў, прысвечанымі маці.

На міжнародным радыё «Беларусь» мерапрыемствы да Дня маці ў Беларусі будуць асвятляцца ў інфармацыйных выпусках на дзевяці мовах вяшчання. У перадачах «Жаночы клуб», «Соцыум», «Грамадзянская супольнасць», «Знаёмцеся, Беларусь!» і іншых пойдзе размова аб дзяржаўнай палітыцы Беларусі ў галіне абароны мацярынства і дзяцінства, дзейнасці Беларускага саюза жанчын, аб шматдзетных жанчынах, узнагароджаных ордэнам Маці.

Радыёстанцыя «Радыус FM» да свята падрыхтавала для слухачоў тэматычныя рубрыкі і конкурс у сацыяльных сетках. Госцем праекта «У тэме» стане маці пяцярых дзяцей, якая падзеліцца сакрэтамі, як сумяшчаць паспяховае мацярынства з вядзенне fashion-блога. Святочнай тэме будуць прысвечаны рубрыкі шоу «Тэорыя вялікай раніцы». Таксама вядучыя правядуць творчы конкурс у Instagram. Аўтар самага цікавага каментарыя атрымае прыз з лагатыпам «Радыус FM».

Эфірная акцыя да Дня маці пройдзе і ў эфіры рэгіянальных радыёстанцый Белтэлерадыёкампаніі «Радыё Брэст», «Горад FM», «Радыё Віцебск», «Радыё Гомель», «Гомель+», «Радыё Гродна», «Радыё Магілёў» ва ўсіх абласцях краіны.