Сумешчаны з ЦТ адзіны экзамен у школах з’явіцца з 2023 года

Общество

Сумешчаны з цэнтралізаваным тэсціраваннем адзіны экзамен у школах плануецца ўвесці з 2023 года. Такое рашэнне прынята сёння па выніках нарады ў Прэзідэнта Беларусі, дзе абмяркоўваліся пытанні новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі і правіл прыёму ў ВНУ і ССНУ, расказаў журналістам міністр адукацыі Ігар Карпенка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

«Абмяркоўвалі вельмі доўга ўвядзенне адзінага экзамену, сумешчанага з цэнтралізаваным тэсціраваннем. Прапрацоўвалі ўсе магчымыя падыходы. У цэлым, калі на дыялогавых пляцоўках абмяркоўвалі гэту тэму, то знайшлі нармальнае разуменне і падтрымку з боку педграмадскасці, і на Рэспубліканскім педсавеце гэта падтрымка выказвалася адпаведным чынам. Мы ў гэтым напрамку рухаемся, — расказаў міністр. — Доўга спрачаліся: будзем уводзіць гэта з 2022 года або з 2023-га. І прыйшлі да высновы, што ўсё ж такі з 2023 года ўвядзём, каб даць год як адаптацыйны перыяд для тых школьнікаў, якія ўжо змогуць па новай сістэме здаваць экзамены ў школе і выкарыстоўваць іх вынікі для паступлення ў ВНУ».

Разам з тым, адзначыў Ігар Карпенка, пакуль яшчэ не прыйшлі да адзінай высновы, ці будуць дадаткова ў школе вусныя экзамены, аб якіх вялася размова. «Мы выходзім на беларускую або рускую мову па выбары і матэматыку — гэта будуць абавязковыя адзіныя экзамены ў выглядзе цэнтралізаванага тэсціравання ў пунктах ЦТ. З выдачай сертыфіката і з выстаўленнем сярэдняга бала ў атэстат паміж гадавой ацэнкай і ацэнкай, атрыманай на гэтым тэсціраванні, — заявіў міністр. — Але ўзнікла пытанне: ці будзем мы, дапусцім, праводзіць (у школе. — Заўвага БЕЛТА) вусны экзамен па замежнай мове. Узнікла пытанне, што, можа, трэба пакінуць гісторыю Беларусі — здаваць пасля 11-га класа. Пакуль гэта пытанне абмяркоўваецца. Думаю, у бліжэйшы час мы расставім кропкі над i.