СЫРНЫХ СПРАЎ МАЙСТРЫ…

Официально

Сярод перапрацоўчых прадпрыемстваў малочнай галіны Валожынскі філіял ААТ “Маладзечанскі малочны камбінат” мае высокую рэпутацыю. Гандлёвыя маркі “Маладзея” і “Валожынскае”, а менавіта пад імі зараз выпускаецца ўся прадукцыя філіяла, – сінонімы якасці і выдатнага смаку. Валожынскія майстры змаглі трывала замацаваць свае пазіцыі на ўнутраным і знешнім рынку.Пра планы развіцця прадпрыемства, традыцыі і наватарства, новыя распрацоўкі і праекты расказаў дырэктар філіяла Аляксандр Мікалаевіч ЛУШЧЫК:

– Наша формула поспеху – спалучэнне высокай якасці і даступных цэн. Сённяшнія прыярытэты – прымяненне новых тэхналогій і тэхналагічнае аснашчэнне цэхаў, павелічэнне аб’ёмаў вытворчасці за кошт распрацоўкі і асваення новых відаў прадукцыі, пастаянная работа з сельгаспрадпрыемствамі па пастаўцы якаснай сыравіны.

Ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі наша прадпрыемства ўпэўнена ўтрымлівае свае пазіцыі, нарошчвае аб’ёмы вытворчасці і з’яўляецца прыбытковым: за 10 месяцаў гэтага года атрымалі каля 10 мільярдаў рублёў чыстага прыбытку. Сёння, а гэта час не самага вялікага малака, перапрацоўваем да 120 тон у суткі. Магутнасць жа прадпрыемства дазваляе перапрацоўваць у чатыры разы больш. Наша сыравінная зона – амаль усе гаспадаркі Валожынскага раёна, 5 – Маладзечанскага, каля 100 тон абястлушчанага малака завозім з Нарачы. Хоць мы і з’яўляемся адным з чатырох філіялаў вялікага холдынгу, аднак выступаем так званым лакаматывам сярод іншых, лідзіруем па экспарту малочнай прадукцыі. Наш філіял пастаўляе на замежныя рынкі 50-60 працэнтаў выпускаемай прадукцыі, большасць якой трапляе на расійскі рынак, а гэта ў першую чаргу 18 найменняў сыроў, сухое абястлушчанае малако, сухая малочная сыроватка і сметанковае масла.

Сёлета цалкам змянілася структура вытворчасці. У маі пачаў працаваць новы цэх па выпуску сухой малочнай прадукцыі, асноўным падрадчыкам пры будаўніцтве якога выступіла славацкая фірма. Ён аснашчаны сучасным нямецкім і чэшскім абсталяваннем і дае магчымасць перапрацоўваць не толькі ўласную малочную сыроватку, але і іншых філіялаў, у прыватнасці, Вілейскага (дагэтуль яна ўтылізавалася).

Прадпрыемства не стаіць на месцы і зараз, мадэрнізуецца і развіваецца. На сённяшнім этапе рэалізуем тры новыя праекты. Па-першае, у хуткім часе на ўчастку па вытворчасці тварагу будзе ўстаноўлены ахаладжальнік, што паспрыяе лепшай якасці тварагу. Набываем і славацкае абсталяванне для мадэрнізацыі сушыльнай устаноўкі, гэтым павялічым аб’ёмы сушкі тлушчавых прадуктаў. Трэцім, і таксама вельмі важным, крокам стане набыццё нямецкага катла для мадэрнізацыі і рэканструкцыі кацельнай. Гэта дасць магчымасць значна скараціць энергазатраты. Паралельна рэалізуем і шмат дробных праектаў.

Безумоўна, самы каштоўны наш патэнцыял – гэта людзі. Ганаровымі граматамі ДУ «Мінаблмясамалпрам» напярэдадні прафесійнага свята ўзнагароджаны сырароб В. У. Жудрык, прыёмшчык малочнай прадукцыі А. І. Таўгень, апаратчык упарвання і згушчэння прадуктаў Н. М. Бобрык, апаратчык вытворчасці сухіх малочных прадуктаў А. В. Мішковіч.

Сёння калектыў налічвае 280 работнікаў, сярод іх – 236 рабочых і 44 спецыялісты адміністрацыйна-кіраўніцкага персаналу. У гэтым годзе прыступілі да працы 10 маладых спецыялістаў, выпускнікі Слуцкага прафесійна-тэхнічнага перапрацоўчай прамысловасці і Маладзечанскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжаў.

У аўтапарку прадпрыемства 32 адзінкі тэхнікі. Ён пастаянна абнаўляецца. Толькі сёлета набылі 3 малакавозы аб’ёмам 8 тон, аўтафургон для перавозкі гатовай прадукцыі і цягач аб’ёмам 25 тон. Абслугоўваюць тэхніку 38 вадзіцеляў, 1 механік і 1 дыспетчар аўтатранспарту.

 

 

РЭАЛЬНАЯ ЭКАНОМІКА

У студзені-верасні паступіла на перапрацоўку 36534 т малака, у тым ліку ад насельніцтва – 1714 т, што складае 5 % у агульным аб’ёме. Больш чым у два разы павялічыўся аб’ём нарыхтоўкі малака класа экстра.

 

Аб’ём вытворчасці таварнай прадукцыі ў супастаўных цэнах склаў 64989 млн. рублёў, у дзейнічаючых цэнах – 84425 млн. Выхад таварнай прадукцыі з 1 т сыравіны – 1719,1 тыс. рублёў. Выраблена 2439 т сыроў, 1003 т сметанковага масла, 2306 т сухіх малочных прадуктаў.

 

Выручка ад рэалізацыі прадукцыі склала 72561 млн. рублёў. На экспарт пастаўлена прадукцыі на суму 40617,1 млн. рублёў. Удзельная вага экспарту ў агульным аб’ёме рэалізацыі прадукцыі складае 56%. Гэта 1191 т цвёрдых сыроў, 419 т сметанковага масла і 435 т сухога абястлушчанага малака.

 

Прадукцыйнасць працы павысілася на 131,9%. Чысты прыбытак склаў 12557 млн. рублёў. Рэнтабельнасць ад рэалізацыі прадукцыі – 18,7%.

 

Растуць інвестыцыі ў асноўны капітал. За 9 месяцаў гэтага года яны дасягнулі 18437 млн. рублёў.

 

Сярэднямесячная заработная плата на заводзе – 1 млн. 809 тыс.

 

 

Старонку падрыхтавала Святлана СУХАДОЛЕЦ.

 



Добавить комментарий