14 КАСТРЫЧНІКА – ДЗЕНЬ МАЦІ

Важное Общество Официально

Шаноўныя жанчыны-матулі Валожыншчыны!

З пачуццём вялікай удзячнасці віншуем вас з цудоўным святам – Днём маці!

Спрадвеку матуля лічылася галоўным, святым чалавекам у жыцці кожнага з нас. Менавіта з яе пачынаецца наша знаёмства са светам, усведамленне сябе і свайго прызначэння. У гэтым слове ўсё: любоў і клопат, цяпло і надзея, вера і сіла, натхненне і ўтульнасць. Мацярынская любоў робіць нас мацнейшымі, дапамагае пераадольваць нягоды, спраўляцца з цяжкасцямі, верыць у сябе і свой поспех. І не важна, колькі нам гадоў – матуліна добрае слова, яе ласкавы позірк, мудрая парада патрэбны і дзіцяці, і даросламу.

Вялікая мацярынская праца заўсёды будзе самай ганаровай і значнай. У Дзень маці мы выказваем асаблівую ўдзячнасць матулям-гераіням, шматдзетным матулям, жанчынам, якія сталі другімі матулямі для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў.

Дарагія матулі! Прыміце словы вялікай павагі і падзякі! Зямны паклон вам за нястомную працу, бязмежнае цярпенне, душэўную шчодрасць. Жадаем моцнага здароўя, шчасця, сямейнага дабрабыту, узаемаразумення, падтрымкі і цеплыні ад вашых дзяцей!

Раённы выканаўчы камітэт

Раённы Савет дэпутатаў