Да службы ў арміі гатовы

Важное Общество

Згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 20 ліпеня 2021 года № 277 “Аб звальненні ў запас і прызыве на тэрміновую ваенную службу, службу ў рэзерве”, раённы выканаўчы камітэт прыняў адпаведнае рашэнне аб прызыве ў жніўні-лістападзе бягучага года грамадзян 1994-2003 гадоў нараджэння. Сёлета адпраўка маладога папаўнення адбудзецца на два тыдні раней звычайнага – з 25 кастрычніка па 18 лістапада.

Больш падрабязна аб усім мы папрасілі расказаць начальніка адасобленай групы Валожынскага раёна ваеннага камісарыята Маладзечанскага і Валожынскага раёнаў Юрыя НАХАЯ.

– Такое рашэнне было прынята з мэтай павышэння якасці ўкамплектавання Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Але адзначу, што прызыўная кампанія ў нашым раёне праходзіць у планавым рэжыме: урачы выконваюць свае функцыі, захоўваецца неабходны санітарна-эпідэмічны рэжым. Прызыву падлягаюць каля 50 чалавек. Ужо больш за дзесяць з іх выказалі жаданне ўзамен тэрміновай пайсці на службу па кантракце ў іншыя воінскія фарміраванні: у падраздзяленні Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, Міністэрства ўнутраных спраў, Дэпартамент аховы. Некаторыя хочуць служыць у войсках спецыяльнага прызначэння, больш фізічна падрыхтаваныя – у спорткамітэце Рэспублікі Беларусь. Безумоўна ж, пры размеркаванні пажаданні юнакоў улічваюцца, аднак усё залежыць ад медыцынскага агляду – не заўсёды стан здароўя прызыўніка дазваляе праходзіць службу ў тых войсках, якія ён вызначыў для сябе.

Хачу сказаць, што не трэба баяцца праходжання тэрміновай службы: у нашай краіне на заканадаўчым узроўні прадугледжаны цэлы комплекс жыццезабеспячэння салдат у воінскіх часцях: яны забяспечаны абмундзіраваннем, харчаваннем, медыцынскім абслугоўваннем і нават грашовай падтрымкай. Праводзіцца вялікая работа па ваенна-патрыятычным выхаванні. А атрыманыя ў армейскай службе навыкі будуць карыснымі маладым людзям і ў грамадзянскім жыцці.

Алена ЗАЛЕСКАЯ