ІМ ПРАЦА НЕ НАЗАЛЯЕ, А ТОЛЬКІ СВЯТКУЕ Ў ДУШЫ!

Официально

Калі вочы называюць люстэркам душы, то парадак на сядзібе можна лічыць люстэркам руплівасці гаспадароў. У такое люстэрка хочацца глядзецца, бясконца чэрпаць стваральную энергію радасці. Да добраўпарадкавання стымулюе і традыцыйны раённы конкурс на лепшы ветэранскі падворак. Пра яго афіцыйныя вынікі рэдакцыя расказвала ў №№ 153-154. Нядаўна адбылося ўрачыстае ўшанаванне ўладальнікаў лепшых сядзіб. Першае месца мае Вішнеўскі адрас. Уладальнікі другога жывуць у вёсцы Зарэчнай Багданаўскага сельсавета. Трэці лідар з Бабровічаў. Пра Міхаіла Сцяпанавіча Шарко наша газета ўжо распавядала ў сваім рэпартажы са Свята вёскі.

Сёння мы прапануем бліжэй пазнаёміцца з першымі і другімі намінантамі.

…Завітаўшы на лепшыя сядзібы раёна, міжволі адзначыла, што нават і ў глыбокую восень, калі ўсё “адцвіло-адкрасавала”, прыдамавыя тэрыторыі па-ранейшаму, як кажуць, трымаюць фасон. Толькі самі ўладальнікі сядзіб дасканала ведаюць, як шмат часу і сіл пайшло на тое, каб прахожыя, ідучы паўз іх дамоў, з асалодай глынулі эліксіру радасці і задавальнення ад наведзенага тут парадку.

Клопатаў хапае цэлы год. Але найбольш фізічных сіл вымагае лета. Тоны вады трэба перацягаць за месяц, каб увечары і ўранні наталіць жыватворнай сілай вялікія плантацыі кветак. А колькі догляду патрабуюць газоны, дэкаратыўныя кусты і карлікавыя дрэўцы?! Але рукі ў руплівых гаспадароў не апускаюцца перад грамадай такіх клопатаў. Як ні дзіўна, яны штогод свядома шукаюць сабе новы занятак, каб яшчэ больш выразна аздобіць уласныя сядзібы. Спецыяльна купілі нават дрэваапрацоўчыя станкі, газонакасілку, іншы інвентар. Ужо ў пенсіённым узросце паспяхова асвоілі тэхніку работы з лобзікам, вырашылі зрабіць у двары штучныя міні-вадаёмы і нават прыдумалі арыгінальную ілюмінацыю для цёмнага часу сутак. Энтузіязм проста б’е праз край!

Цяга да прыгажосці, акуратнасці ў іх не з’явілася спантанна. Гэта ўсё ў генах! Дужымі парасткамі прарастае ў душах людзей адчуванне прыгожага, эстэтыкі. Акуратнасць у іх проста зайздросная! Гэту рысу характару яшчэ ў маленстве яны перанялі ад сваіх працавітых бацькоў. А сёння ўжо ў сталым узросце з ахвотай перадаюць родным дзецям, унукам і праўнукам уменне трымаць сядзібу ў ідэальным стане. Вось дзе стваральная эстафета пакаленняў!

Рукатворная прыгажосць не статычная. Яна міжволі дае штуршок новым ідэям, ініцыятыве. І ў выніку вёскі ад дагледжаных дамоў маладзеюць, святлеюць, харашэюць. І вельмі добра, што на раённым узроўні праводзяцца конкурсы па добраўпарадкаванню. Важныя не памеры грашовых прэмій і занятыя месцы, важна тое, што ёсць бясспрэчныя ўзоры для пераймання.

Вясковыя падворкі-лідары цешаць вока сваёй дагледжанасцю. Свежым бляскам адбіваюць памаляваныя аканіцы, прыемна, што пафарбаваны не толькі фасад, а і тылавыя сцены жылых будынкаў. Элементы дэкору з’яўляюцца нават на навесах студняў, на зрубах лазняў, сценах хлявоў, гаспадарчых пабудовах. Нам, выпадковым прахожым, здаецца, што ўсё тут у ідэальным стане, што ўжо нічога больш не трэба падпраўляць. Але ў патрабавальных гаспадароў па-ранейшаму няма адчування поўнага задавальнення. Таму ўжо сёлета яны задумваюцца над тым, якія новыя праекты па добраўпарадкаванню ўвасобяць на сваіх сядзібах у наступным годзе. Бываючы на рынках, у гаспадарчых магазінах, ніколі не прамінуць месцаў, дзе рэалізуюцца кветкі, дэкаратыўныя насаджэнні. Гэту “калекцыю” папаўняюць і сваякі, везучы патрэбны заказ аж з Масквы ці нават з далёкага замежжа.

Створаная прыгажосць здаецца нам далікатнай субстанцыяй. І думаецца, што стваральнікамі яе могуць быць толькі людзі тонкай душэўнай структуры, эмацыянальнага складу характару. А хто ж яны, нашы героі? Іх рукі ніколі не адпачываюць ад працы, яе заўсёды перад імі мора: рабі – не пераробіш. У нашых сёлетніх пераможцаў раённага конкурсу вялікая прыватная гаспадарка: конь, карова, свінні, свойская птушка. А раней  Кавалеўскія, напрыклад, трымалі аж па 3 каровы, па 2  свінаматкі, 7-8 кабаноў, апрацоўвалі да 70 сотак зямлі, нарыхтоўвалі шмат сена і буракоў для жывёлы. Працавала Альфрэда Антонаўна на сезонных работах, штогод брала для праполкі дзялку калгасных буракоў – 50 сотак. Муж усё свядомае жыццё – за баранкай трактара.

Вішнеўскія гаспадары аднаго з лепшых ветэранскіх падворкаў у раёне таксама простыя, але вельмі працавітыя людзі.

Дзеці нашых герояў даўно асталяваліся ў Маладзечне ды Мінску, але бацькоў не забываюць. Гледзячы на сваіх крывінак, пачцівага ўзросту бацькі міжволі перабіраюць у памяці пацеркі пражытых гадоў. Успамінаецца толькі светлае і прыгожае. Але і крыўднае калі-нікалі душу “зацарапае”. Альфрэда Антонаўна ў час нашай сустрэчы пажалілася, што вельмі шкадуе, што столькі грошай на  ашчаднай кніжцы змарнавалася.  Збіралі на вяселле малодшай дачцэ, а пасля крызісу 90-х гадоў за тыя вялікія зберажэнні купілі толькі адзін бохан хлеба. Горка і крыўдна, што мазолістая праца абрынулася такім нечаканым  маральным стрэсам.

Кавалеўскія ў шлюбе ўжо 55 гадоў. Яны людзі глыбока веруючыя, імкнуцца жыць, каб вакол іх і ад іх былі толькі святло і пазітыў. У гэтым яны аднолькавыя з Язерскімі з Вішнева. Аазісам рукатворнага святла сталі і іх  прыватныя сядзібы.

Ірына ПАШКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий