Рэгіянальныя навіны ад Наталлі ШТЭЙНЕР

Региональные новости

Тэл.: 67079, Velcom 3933728 nshtejner@mail.ru

Практычна ўсе гараджане ведаюць, што ў прыгожым доме па вуліцы М. Горкага ў райцэнтры жыве незвычайная сям’я і гэта не проста дом. Гэта адзіны ў раёне Дом сямейнага тыпу. На дадзены момант замяняючыя бацькоў людзі Святлана Асянава і Вітаўтас Шыманоўскіс маюць у сваёй сям’і пецярых непаўналетніх дзяцей.

Наш Дом сямейнага тыпу ўключыўся ў абласны конкурс замяшчальных сем’яў “Сэрца аддаю дзецям”, прымеркаваны да Дня маці. Ён праходзіць у дыстанцыйным фармаце. Сям’я рыхтуе і адпраўляе на конкурс 5 тэматычных відэаролікаў, якія размяшчаюцца ў сацыяльнай сетцы “Інстаграм”. Відэаролікі знятыя на такія тэмы: “Добра, калі ты побач”, “Любімыя маршруты” (у гэтай сям’і любімае месца адпачынку – Налібоцкая пушча, і таму ўсе дарогі вядуць туды), “Усе песні пра цябе”, “Букет для мамы” і “Падарунак для мамы” (разам рабілі для мамы шакаладную каўбасу). Галасаванне працягваецца да 20 кастрычніка. Шаноўныя чытачы, падтрымайце гэту сям’ю, прагаласуйце за нашых!

 З верасня ў штаце Івянецкага музея традыцыйнай культуры працуе новы ганчар – Алег Канстанцінавіч Капуста.

Ён чалавек не новы і добра вядомы як жыхарам пасёлка, так і далёка за межамі раёна. Алег Капуста – прафесіянал з вялікай літары, актыўны ўдзельнік мерапрыемстваў, свят, якія праводзяцца ў вобласці і ў рэспубліцы. Апошнім быў культурна-спартыўны фестываль “Вытокі. Крок да Алімпу”, на які з’ехаліся майстры народнай творчасці з усёй Беларусі. Напярэдадні Дня работнікаў культуры А. К. Капуста быў узнагароджаны Ганаровай граматай Галоўнага ўпраўлення культуры Мінскага аблвыканкама.

На мінулым тыдні, 6-7 кастрычніка, на базе Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі прайшоў рэспубліканскі майстар-клас “Мастацтва беларускай выцінанкі: традыцыі і развіццё”. У ім прымалі ўдзел каля 50 чалавек – члены Беларускага саюза майстроў народнай творчасці і кіраўнікі аб’яднанняў па інтарэсах, гурткоў з рэгіёнаў і нават тыя, хто першы раз узяў нажніцы ў рукі, каб зрабіць нейкі твор.

Персанальнае запрашэнне на рэспубліканскі майстар-клас атрымала педагог дадатковай адукацыі, кіраўнік аб’яднання па інтарэсах “Вясёлка талентаў” цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Валожынскага раёна Святлана Кеўра. Работы яе выхаванцаў на абласным этапе конкурсу па выцінанцы атрымалі 6 дыпломаў. А твор Арыяны Юркевіч “Благаславенне маці” высока ацэнены на рэспубліканскім этапе. Святлана была ўражана сустрэчамі з прафесіяналамі і проста калегамі, узбагацілася новымі ведамі. Цікава і літаральна ў сямейнай абстаноўцы праводзіла майстар-клас Вольга Вячаславаўна Бабурына. Удзельнікі працавалі над калектыўнай работай “Дрэва жыцця”. Дарэчы, яна стварыла адзіны ў краіне музей выцінанкі ў вёсцы Лоск нашага раёна, дзе набыла домік пад лецішча. На другі дзень, акрамя майстар-класаў, быў прафесійны дыялог “Беларуская выцінанка ў дзіцячых творах: адраджаем і развіваем”. Сваімі ўражаннямі С. Кеўра падзялілася з каналам Беларусь-1, які здымаў там сюжэт.

 Дабрачынны груз, ацэнены ў суму больш за 30 тысяч еўра, не так даўно быў дастаўлены ў Вайганы, у прыватны дом-інтэрнат для пажылых людзей і інвалідаў “Сямейны прычал”.

Па традыцыі разгружаць вялікую фуру прыйшлі вяскоўцы, каля 20 мужчын, у большасці бацькі мнагадзетных сем’яў, якія пастаянна атрымліваюць гуманітарную дапамогу. На гэты раз дабрачынцы з Галандыі перадалі многа мэблі школьнай і офіснай, школьна-рамесныя інструменты, посуд, пральныя машыны, пасцельную бялізну, коўдры, дзіцячыя аўтакрэслы, ложкі, веласіпеды, цацкі, памперсы, мыйныя і гігенічныя сродкі, адзенне і абутак. Некаторы груз мае мэтавае назначэнне.

 11 кастрычніка ў аддзяленні дзённага знаходжання для інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва прайшоў майстар-клас па вырабе фотарамак з кардону, мешкавіны і фаамірану.

Кіраўнікі гурткоў Вольга Францаўна Радына і Вольга Іосіфаўна Пратасевіч навучылі сваіх падапечных і дапамаглі ім зрабіць рамкі ў падарунак матулям. Дарэчы, фатаграфіі члены аддзялення таксама зрабілі самастойна на занятках гуртка па паліграфічным майстэрстве.

 З прыходам у калектыў РЦК маладых спецыялістаў пачалі працаваць і новыя клубныя фарміраванні.

Вераніка Ляшкевіч вядзе заняткі ў тэатральнай студыі “ArtWay”. Ксенія Міхайлава набрала падлеткаў у гурток “Візуальнае мастацтва”, “Майстэрню цудаў” адкрыла Таццяна Кісель. Памяняўся кіраўнік узорнай студыі выканаўцаў эстраднай песні “Праменьчыкі”, ім стала Анастасія Дзятко. А былы кіраўнік Мікалай Салко арганізаваў гурток ігры на гітары “Струны маёй душы”.