Жураўліная песня…

Люди и судьбы Общество

Валянціна Гіруць-Русакевіч (Валянціна Францаўна Русакевіч) – паэтэса, Ганаровы член Саюза пісьменнікаў Беларусі, журналіст. Пайшла з жыцця 22 студзеня 2021 года.

Чалавек, жанчына, творца, грамадскі дзеяч – асоба, чыё жыццё было напоўнена любоўю да людзей, да бацькоўскага куточка, да роднай Беларусі.

Яе вялікі творчы і асабісты ўклад у развіцце беларускай культуры і нацыянальнай спадчыны, нягледзячы на шматлікія ўзнагароды, яшчэ да канца не ацэнены… І, магчыма, у поўнай ступені ацаніць яго дадзена толькі  нашчадкам…

На мерапрыемстве прысутнічалі прадстаўнікі Гальшанскага сельвыканкама, родныя, сябры і землякі Валянціны Францаўны. З удзячнасцю прынялі запрашэнне на мерапрыемства і ўдзельнікі народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь”. Для нас стала вялікім гонарам пабываць на радзіме былога кіраўніка аб’яднання, агонь жыцця якой так навечна пагасіла бязлітасная шчупальца страшэннай хваробы, захапіўшай усё чалавецтва, з нязваклай для нашага слыху назвай COVID.

Цёплае восеньскае сонца, нібы сама Валянціна Францаўна, усміхалася прысутным, золатам зіхацелі прывезеныя для высадкі бярозкі, цеплынёй ад успамінаў пра шчырага і добрага чалавека свяціліся твары прысутных. І што за дзіва: як толькі загадчык Міхайлоўшчынскага клуба-бібліятэкі Наталля Копач пачала мерапрыемства, пачуўся жураўліны спеў. Ціхі, працяжны, больш падобны на плач, ён разліваўся над наваколлем, а на вачах прысутных блішчэлі слёзы. Боль страты разрывала душы родных і блізкіх, яе сяброў і паплечнікаў, тых, хто добра ведаў Валянціну Францаўну, і малодшае пакаленне міхайлоўцаў, каму яна знаёма толькі па творах ці кароткіх сустрэчах.

Столькі слоў дабрыні і шанавання было ва ўспамінах землякоў-аднавяскоўцаў. А старшыня Гальшанскага сельвыканкама Аляксандр Анатольевіч Саванец у сваім выступленні заверыў, што будзе зроблена ўсё магчымае, каб моладзь памятала пра славутую зямлячку. З цеплынёй і пяшчотай гаварылі аб Валянціне Францаўне Гіруць-Русакевіч і член Саюза пісьменнікаў Беларусі Зінаіда Гасціловіч, і прадстаўнікі міжнароднага Саюза рускамоўных пісьменнікаў Марыя Мучынская і Людміла Садоўская, і кіраўнік народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь” Наталля Жылевіч. Ад іх у гэты дзень гучала шмат слоў вітання і падзякі землякам за беражлівыя адносіны да памяці аб таленавітым творцы і вялікім чалавеку з чыстай, акрыленай душой.

Шэфства над алеяй паабяцалі ўзяць на сябе мясцовыя школьнікі, і неўзабаве яна будзе вабіць усіх сваёй прыгажосцю. Спадзяёмся, што і праз дзесяцігоддзі сюды будуць прыходзіць людзі, будуць шапацець бярозкі і гучаць вершы Валянціны Гіруць-Русакевіч…

Рунеўцы

8 кастрычніка ў вёсцы Міхайлоўшчына Ашмянскага раёна, на малой радзіме паэткі, адбылася ўрачыстая закладка алеі, прысвечаная памяці Валянціны Гіруць-Русакевіч.

Яна дарыла ўсім дабрыню

Яна дарыла ўсім дабрыню. І зусім няважна – ці гэта даўно знаёмы чалавек, ці пазнаёміліся гадзіну таму. Інакш яна не магла рабіць. Гэтаму не навучыш. Гэта ў генах, перададзеных бацькамі. Як “хуткая дапамога”, яна дапамагала і пачынаючым паэтам, і паэтам са стажам, і сцэнарыстам, і творчым калектывам.

Была заўсёды на пярэднім краі. Гэта, як у час вайны – на перадавой. Ад пачатку вайны мінула 80 гадоў. Але цяпер вайна ідзе з ворагам нябачным – кавідам. І яна зноў на перадавой: падрыхтоўка канцэртаў, прэзентацый зборнікаў, сустрэча замежных гасцей. І, як на фронце, не хаваючыся. Кавідная куля ўсё-такі забіла яе…

Усе памятаюць песню “Жураўлі”. Загінуўшыя салдаты ператвараюцца ў жураўлёў. На цяперашняй, кавіднай вайне, яна таксама ператварылася ў жураўку. Усе прысутныя на закладцы бярозавай алеі ў гонар Валянціны Францаўны ўбачылі ў небе цуд: над роднай яе вёскай Міхайлоўшчынай доўга кружылі жураўлі, а пасля, выстраіўшыся клінам, падаліся на поўдзень. І хочацца верыць, што гэта яна, Валянціна Францаўна, ператварыўшыся ў жураўля, павяла за сабой жураўліны клін, каб вясной вярнуцца ў родныя мясціны і з вышыні павітаць землякоў, якіх усё жыццё любіла, прысвячала ім свае вершы. Любіла Беларусь.

Дзмітрый КРАСКОЎСКІ,

член народнага літаратурна-

мастацкага аб’яднання “Рунь”