Усё праходзіць – памяць застаецца

Культура Общество

18 кастрычніка – Дзень нараджэння Валянціны Францаўны ГІРУЦЬ-РУСАКЕВІЧ. І гэты дзень мы будзем упершыню адзначаць без нашай любімай і дарагой імянінніцы. Але гэта не зусім так, нават зусім не так, бо Валянціна Францаўна заўсёды з намі. Мы яе не забываем ні на хвіліначку: мы помнім яе парады, яе навуку, яе дапамогу і падтрымку, яе шчырую ўсмешку, яе душэўную цеплыню.

І зараз, калі навяваюцца новыя вершы, заўсёды ў думках раімся з ёй. Валянціна Францаўна была строгім, патрабавальным крытыкам і шчырым, добразычлівым дарадчыкам. Яна любіла кожнага з нас, як клапатлівая маці, шчодра дарыла сваё душэўнае цяпло, і мы імкнуліся быць яе вартымі.

Ты вучыла любіць і свой край,
і ўвесь свет,
Упрыгожваць яго, шанаваць.
Спі спакойна, наш сябра, 
наш любы паэт,
Твая зорка не згасне і
твой запавет
Будуць “рунеўцы” ўвасабляць.

Сёння мы хочам падзяліцца з чытачамі газеты вершамі Валянціны Францаўны і вершамі “рунеўцаў”, што прысвечаны ёй. Пачытайце іх. Гэта будзе ваша віншаванне Валянціне Францаўне з Днём нараджэння, ваша любоў і светлая памяць аб светлым чалавеку…

Народнае літаратурна-мастацкае аб’яднанне “Рунь”

Памяці В. Гіруць-Русакевіч

“Птушкай вольнаю, жавароначкам”
Ты пайшла ў снегавую замяць,
Загарэлася ў небе зорачкай,
Загарэлася нам на памяць.

Праз жыццё любоў сваю несла
Да зямелькі роднай і мілай,
І радкі ліліся, як песня,
Бо спявачкай была вельмі шчырай.

Засталося слова Паэта
Сярод талентаў яркай зоркай,
Яно будзе нам запаветам
І гучаць над роднай старонкай.

Галіна ГРАЖЫНСКАЯ

ЗОРКА ТАЛЕНТУ

Гіруць-Русакевіч – ніхто не забудзе,
І памяць аб ёй у людзей вечнай будзе.
Яна, быццам птушка, над “Рунню” кружыла,
Усіх аб’ядноўвала, Слова дарыла.

Ды раптам душа паляцела ў неба…
Ніхто не чакаў, але мабыць так трэба.
Я зараз на Неба гляджу, размаўляю
І зорку яскравую ўсё ж там шукаю.

На небе зор мноства, усе не злічыць,
Ды толькі яскрава адна з іх гарыць.
Вялікая Зорка – душу яна мае,
І свеціць усім і ўсіх зберагае.

Інакш не ўмее, інакш і не можа,
Нам ласкай сваёю з нябёс дапаможа
Яна нам ад Бога любоў дасылае…
Прызнаюся шчыра: яе не хапае.

Людміла САДОЎСКАЯ

Валянціне Гіруць-Русакевіч

Разам пройдзена столькі дарог,
Столькі з “Рунню” з’едзена солі…
Пэўна ведае толькі Бог,
Як сціскаецца сэрца ад болю.

А спаткацца так прагне душа
У фае, кабінеце, на сцэне…
Ды шкада, што да стрэчы спярша
Трэба стаць прад табой на калені.

Пройдзе час і прыгоіцца рана.
Мчыцца ўперад жыццёвы віхор…
Ты пайшла, безумоўна, зарана,
Толькі шчасце, што шлях твой – да Зор.

Зінаіда ГАСЦІЛОВІЧ

* * *

У тваіх вуснах застыла соннае рэха,
Не гучаць болей вершы,
не чуваць болей смеху…
Час асыпле снягамі след на полі жыццёвым,
Спорай рунню зяленай
прарасце талент новы…
Заіскраць і заплачуць у лузе раннія росы,
Дождж слязінкі ўплятае ветру ў вольныя косы…
Птушкі хорам ад ранку тваю песню шчабечуць,
Сонца промнем абдыме –
быццам ты пры сустрэчы…

Наталля ЖЫЛЕВІЧ

Валянціне Францаўне Гіруць-Русакевіч

Ты была сярод нас, як праменьчык сонечны,
Такая ж светлая, чыстая, цёплая,
Ты была сярод нас, як дачушка родная
Свайго краю любага, непаўторнага.

Талент свой, свайго сэрца дар
Раздавала ўсім шчодра, радасна,
Каб дабрэй былі, годна каб жылі…
А душа так баліць, плача жаласна.

“Рунь” пакінула ў скрусе, журбе,
Хоць і сонейка ласкава песціла,
Ды анёлы спявалі ўжо песні табе,
Душу чыстую неба прывеціла.

Ты вучыла любіць і свой край, і ўвесь свет,
Упрыгожваць яго, шанаваць.
Спі спакойна, наш сябра, наш любы паэт,
Твая зорка не згасне. І твой запавет
Будуць “рунеўцы” ажыццяўляць.

Марыя ШАКУН

ЗОРАЧКА Ў НЕБЕ

Прысвячаецца памяці
Валянціны Гіруць-Русакевіч

Вось чакаю цяпер, калі ў небе
Зіхацець будуць зоркі ўначы.
Сэрца просіць аб гэткай патрэбе,
Хоць сварыся ты з ім ці маўчы.
Бо чакае яно незаменна
Святло той, што ярчэй мне за ўсіх,
Што аднойчы пяшчотай бязмернай,
Стала стымулам думак маіх.
Ззяе зорачка ў небе высока
І нібыта глядзіць на мяне.
Немагчыма зрабіць нават кроку,
Страшна мне заблукаць без яе.
І цяпер, калі ноч надыходзіць,
Я гляджу, каб убачыць там зноў
Сваю зорачку, тую што ўсходзіць,
Што дае мне надзею без слоў.

Наталля ЖЫЗНЕЎСКАЯ

РУНЬ

Табе жадаю, “Рунь”, каб прырастала
І надалей ты талентам сяброў.
Cтарых і маладых, паэтак і паэтаў,
Якія ўзмужнелі пад тваім крылом.

Якімі ты па праве ганарышся
Не толькі на валожынскай зямлі.
Іх ведаюць і ў вёсках, і ў сталіцы…
Тых, хто з пачатку “рунню” ўзышлі.

Табе жадаю, “Рунь”, каб каласіла
І надалей так шчодра твая ніва
На славу нашай роднае старонкі
Пад мірным небам – вольна і шчасліва.

Каб памяталі “Рунь” сваю заўсёды,
Каму пуцёўку ў жыццё давала.
І пра жанчыну са шчырым і вялікім сэрцам,
Імя якой гучала песняй – Валя.

Бо толькі ў многім дзякуй ёй
Нас друкавалі ў зборніках, газетах.
З падачы яе лёгкае рукі
Паэткай стала я, а ты – паэтам.

Людміла КРАСНАДУБСКАЯ

Валянціне Францаўне

Што б ні было – пішы,
Што б ні было – крычы,
Што б ні было – гукай,
Каб слова ляцела праз край.
Хай слова імкнецца да людзей,
Маўчыць хай яно радзей.
Хай сцежку, сцяжыну, шлях
Пратопча і дагукаецца.
Пішы… нават і каму
Не вельмі яно падабаецца.
Як роднае можна акінуць?
Як роднага можна цурацца?
Ёсць крэда: сам мусіш загінуць –
Яно павінна застацца.
Што б ні было – пішы,
Што б ні было – не маўчы,
Яно павінна гучаць,
Яно павінна крычаць.
Няма… адляцела птушкай,
Маленькаю шчабятушкай…
Здаецца і сёння ў цішы
Я чую яе – пішы…

Ядвіга КАЛЯСІНСКАЯ

БЕЗ ЦЯБЕ

Мы, Валянціначка, без цябе
асірацелыя.
Смуткуе, плача ў журбе
душа збалелая.
Так толькі ты свяціць магла
душой дабрэйшаю!
Ў гаворцы мову берагла
сваю, тутэйшую.
Як маці “рунеўцам” была,
такой нам не знайсці…
Так не стае твайго цяпла,
тваёй прыветнасці…
Мы верым! – ты ў рай пайшла,
у Царства Вечнасці.

Галіна РАДЫНА-МАРЦІНКЕВІЧ

Памяці Валянціны Францаўны
Гіруць-Русакевіч

На Партызанскай вуліцы вятры
Гудуць у вершалінах дрэў трывожна.
Зусім нядаўна ў гэтым вось двары
Сустрэцца з ёй было заўсёды можна.

Яна няспешна крочыла сюды,
Каб адпачыць пасля працоўнай змены.
Нягледзячы на сталыя гады,
Была натурай чыстай, летуценнай.

У цёплых вершах з-пад яе пяра
Гучала шчыра музыка кахання,
Свяціла над Валожынам зара
І салаўі спявалі цёплым раннем.

Але КАВІДУ чорная чума
Зірнула ў твар халоднымі вачыма…
І сярод нас цяпер яе няма.
Такое ўцяміць проста немагчыма.

Уладзімір ЦАНУНІН

Валянціне Гіруць-Русакевіч

Пайшла. Няма. Такой не будзе…
(Жыццё зямное недарэчнасць?)
Яна пайшла да Бога, людзі,
У неба сінь – СВЯТУЮ ВЕЧНАСЦЬ!

Зінаіда ГАСЦІЛОВІЧ