ТЭЛЕФОН МІЛІЦЫІ – 102

Происшествия

Паездка стала апошняй

На транспартнай развязцы 40-га кіламетра аўтадарогі М-14 (з’езд на Пялікшты і Стары Ракаў) жыхар Мінскага раёна, 1951 года нараджэння, кіруючы аўтамабілем “Форд  Транзіт” з’ехаў у левы па ходзе руху кювет. У выніку пашкоджаны пярэдні бампер. Вадзіцель памёр. Па папярэдніх меркаваннях, смерць наступіла ад абрыву тромба ці вострай сардэчнай недастатковасці. Асаблівую заклапочанасць у супрацоўнікаў ДАІ выклікала тое, што вадзіцельскае пасведчанне пацярпелага было  пратэрмінавана ад 22 ліпеня 2020 года, адсутнічаў і дазвол на допуск да ўдзелу транспартнага сродку ў руху.

Неспадзяваная знаходка

Пры правядзенні рэйдавых мерапрыемстваў на тэрыторыі Гародзькаўскага сельсавета да супрацоўнікаў міліцыі і Маладзечанскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету звярнуўся жыхар аднаго з населеных пунктаў і добраахвотна перадаў гладкаствольную паляўнічую зброю, што знайшоў на гарышчы свайго дома падчас рамонту пячнога абсталявання. У сістэме інфармацыйнага забеспячэння дзейнасці службаў міліцыі МУС Рэспублікі Беларусь зброя пад такім нумарам нідзе не значылася.

Паквапіліся на чужое

 Дырэктар прыватнага прадпрыемства “Струж Груп”, жыхар горада Мінска паведаміў у Валожынскі РАУС аб тым, што ў яго скралі скураную сумку разам з вялікай сумай грошай і скураным партманетам. Падчас выезду на месца здарэння было ўстаноўлена, што жыхар гарадскога пасёлка Івянец І. разам з ураджэнцам Таджыкістана, які мае від на жыхарства замежнага грамадзяніна і пражывае ў пасёлку, праніклі праз акно ў адміністрацыйны будынк на тэрыторыі вытворчай базы і ўчынілі крадзеж.

Грамадзянін І. неаднаразова судзімы, у тым ліку і за маёмасныя злачынствы, у апошні раз быў пазбаўлены волі на паўтара года. Толькі ў верасні судзімасць была пагашана. З месца здарэння злачынца ўцёк, але па гарачых слядах тут былі знойдзены скрадзеныя грошы і затрыманы яго саўдзельнік. На дадзены момант вядуцца мерапрыемствы па ўстанаўленні месца знаходжання злодзея.

“Папрасіла” грошай

 Узбуджана крымінальная справа па звароце жыхаркі г. п. Івянец аб узломе сацыяльнай сеткі “Instаgram”. У выніку расследавання было ўстаноўлена, што невядомая асоба шляхам “аддаленага” доступу з выкарыстаннем сеткі Інтэрнэт учыніла несанкцыянаваны доступ да акаўнта жанчыны ў вышэйназванай сацыяльнай сетцы  і ад яе імя з карыслівай мэтай здзейсніла рассылку з просьбай пераводу грошай на лячэнне маці.

Аматар мяса

Начальнік аховы аб’ектаў ТДА “Юлайн” паведаміў у Валожынскі РАУС, што ў выніку службовага разбору на вытворчасці ўстаноўлена, што адным з работнікаў, раней неаднаразова асуджаным, з апрацоўчага цэха ўчынены крадзеж мясной прадукцыі ў колькасці 227 кг на агульную суму больш за 2 тысячы рублёў.

Пагражаў родны брат

Жыхарка вёскі Пяршаі, 1959 года нараджэння, патэлефанавала ў раённы аддзел унутраных спраў па факце пагрозы забойствам. Яе родны брат, 1964 года нараджэння, які працуе жывёлаводам на мясцовым сельгаспрадпрыемстве, пражывае разам з пацярпелай і вядзе агульную гаспадарку, у ходзе канфлікту з сястрой выказваў у яе адрас пагрозы забойствам і пры гэтым накладваў на яе твар падушку. Жанчына ўспрымала пагрозу як рэальную. Крыўдзіцель быў дастаўлены ў ізалятар часовага ўтрымання.

Пасварыліся і памірыліся

Жыхар вёскі Сазонаўшчына, 1960 года нараджэння, паведаміў, што жонка ўчыніла скандал. Супрацоўнікам міліцыі жанчына расказала, што знаходзілася дома, калі прыйшоў муж у стане алкагольнага ап’янення. Яна зрабіла яму заўвагу, на глебе чаго і ўзнікла сварка. Мужчына палічыў неабходным паведаміць пра гэта ў органы ўнутраных спраў. Але яшчэ да прыезду супрацоўнікаў міліцыі канфлікт быў вырашаны.

Матэрыял па міліцэйскіх зводках падрыхтавала

Анжэла РАДЫНА