Общество

Чамусьці даўно на старонках раёнкі не з’яўлялася мая любімая рубрыка «Матчына песня». Хачу падахвоціць чытачоў да далейшага ўдзелу ў ёй. Вельмі люблю беларускую народную спадчыну. Многія песні, якія друкаваліся раней у гэтым раздзеле, я перачытвала па два і больш разоў.

Спадзяюся, што чытачы возьмуцца, вобразна кажучы, за пяро, і цікавы праект яшчэ доўга будзе радаваць нас.

Прызнаюся, што асабліва ўразілі мяне песні, якія дасылалі аўтары праекта з вёскі Сівіца. Хочацца, каб яны адгукнуліся зноў.

З павагай – Станіслава Іванаўна УНУЧАК, жыхарка райцэнтра.

ЗЯЛЁНАЯ ВІШНЯ

Зялёная вішня

З-пад кораня вышла.

Аддала мяне маці,

Дзе я непрывычна.

Ты думаеш, мама,

Што я тут паную.

Прыдзі падзівіся,

Як я тут гарую.

Ты думаеш, мама,

Што я тут не плачу,

А я ж за слязамі

Бела свету не бачу.

Успомні мяне, мама,

Хоць раз у нядзелю,

А я цябе, мама,

Сцелючы пасцелю.

Успомні мяне, мама,

Хоць раз у аўторак,

А я цябе, мама,

На дзень разоў сорак.

Успомні мяне, мама,

Хоць раз у суботу,

А я цябе, мама,

Ідучы на работу.

Як выйду на ганак

Ды крыкну дадому:

“Вары, мама, вячэру

І на маю долю”.

“Варыла, варыла –

Ні многа, ні трошкі:

Няма табе, дочка,

Ні міскі, ні ложкі.

Міску разламалі,

А ложку згубілі.

Ідзі туды, дочка,

Каго ты любіла”.

ПРЫВЫКАЙЦЕ, ЧОРНЫ ВОЧЫ…

Прывыкайце, чорны вочы,

Адны начаваці:

Няма майго міленькага,

Не з кем размаўляці.

Няма майго міленькага,

Няма гаспадара,

Каму бы я пасцелечку

Пухаву заслала.

Даўно свайго міленькага

У паход выпраўляла,

З тых пор свае чорны вочы

Слязьмі выцірала.

Пасляпіла свае вочы

Горкімі слязамі,

Няма жысці, няма рады

Усё за ворагамі.

Выхадзіла на дарогу,

Выхадзіла ў поле,

Нідзе следу не відала

Тут свайго мілога.

 



Добавить комментарий