Старшыня аблвыканкама Барыс Васільевіч БАТУРА ў памяшканні Валожынскага райвыканкама правёў прыём грамадзян

Общество

Старшыня аблвыканкама Барыс Васільевіч БАТУРА 16 лістапада ў памяшканні райвыканкама правёў прыём грамадзян.

19 чалавек звярнуліся да кіраўніка сталічнай вобласці, каб вырашыць пытанні, якія іх найбольш непакояць. Гэта сустрэча была плённай: за дзве гадзіны, як у калейдаскопе, паўсталі самыя розныя жыццёвыя сітуацыі…

Калі паспрабаваць згрупаваць тэматычныя блокі пытанняў, то выразнай дыферэнцыяцыі не атрымаецца. Здаецца, не было ніводнага сацыяльна значнага пытання, якое б не закраналі грамадзяне, што звярнуліся на прыём. Ад вузка бытавых праблем сямейнага характару і да росту цэн на некаторыя прадукты, ад  разважанняў пра жыццёвы ўзровень людзей і да магчымасці ўкараніць інвестыцыйныя праекты – вось дыяпазон тэм, узнятых у час сустрэчы з кіраўніком абласнога ўзроўню. Са сваімі бедамі ішлі і маладыя, і пенсіянеры, і людзі сярэдняга ўзросту. У асноўным актыўнасць праявілі жыхары райцэнтра, прыехалі на сустрэчу з Б. В. Батурам і івянчане.

Кіраўніка вобласці суправаджала вялікая група карэспандэнтаў, якія працуюць у абласных і рэспубліканскіх СМІ. Таму некаторыя аўтары зваротаў змаглі не толькі словамі ахарактарызаваць сваю жыццёвую сітуацыю, а і стаць героямі спецрэпартажаў сталічных журналістаў, якія выязджалі па пэўных адрасах крытыкі, што гучала ў дзень прыёму.

Па дыялогу, які вёў старшыня аблвыканкама, адчувалася, што некаторыя грамадзяне ўжо не першы раз звяртаюцца са сваімі пытаннямі ў высокія інстанцыі. Ім даюць кампетэнтныя адказы, але людзі, відаць, задаволяцца толькі тады, калі змогуць дабіцца толькі таго, што самі запланавалі, а не таго, што для іх можна зрабіць у рамках закону.

Ірына ПАШКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий