Валожынская зямля сёлета аддзячыла шчодрым караваем. Намалочана больш за 100 тысяч тон зерневых і зернебабовых культур, а таксама кукурузы

Официально

Прадстаўнікі аграрнага сектара эканомікі – катэгорыя людзей, да якіх апрыёры ў грамадстве адносяцца з павагай, бо пладамі іх нястомнай працы карыстаюцца ўсе. Своеасаблівым  вянцом іх старання з’яўляецца лістапад, калі з нагоды прафесіянальнага свята падводзяцца вынікі асноўных сельскагаспадарчых кампаній, калі ўжо амаль цалкам зразумела, наколькі паспяхова склаўся працоўны год, які распачаў новую пяцігодку.

Валожынская зямля сёлета аддзячыла шчодрым караваем. Намалочана больш за 100 тысяч тон зерневых і зернебабовых культур, а таксама кукурузы. На бульбяных плантацыях сабрана каля 4 тысяч тон бульбы, атрымана больш за 4 тысячы тон насення рапсу, сфарміравана і збалансаваная кармавая база для жывёлагадоўлі.

Пра гэтыя і іншыя адметныя поспехі, падкрэсліваючы пачцівую ўвагу да тых, хто працуе ў аграрнай галіне, шмат гаварылася на раённым свяце з нагоды Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК, якое прайшло ў мінулую пятніцу ў кінатэатры “Юнацтва” горада Валожына.

Словы сардэчнай удзячнасці ўсім, хто ўмацоўваў эканамічны патэнцыял раёна, хто прыклады сапраўднага працоўнага геройства паказваў на хлебных палетках, у мехмайстэрнях, на фермах і на іншых адказных участках, на лістападаўскай урачыстасці адрасавалі старшыня райвыканкама У. А. Наумовіч, яго першы намеснік, начальнік райсельгасхарчу П. У. Жалняровіч, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу краіны У. Я. Сінякоў і многія іншыя.

Калі слаўны рубеж – намалот больш за 100 тысяч тон зерневых і зернебабовых – гэта для Валожыншчыны ўжо звыклы хлебаробскі рэкорд, то ўраджай аб’ёмам у 107 тысяч тон цукровых буракоў, гэта пакуль першы значны прарыў наперад. І такі поспех раслінаводаў многага варты! Бо гадоў 7-8 таму ў раёне мэтанакіравана яшчэ не займаліся вырошчваннем гэтай тэхнічнай культуры, тады ніхто на такі высокі ўраджай нават і не “замахваўся”. Сёлетнія паказчыкі – вынік бездакорнай тэхналагічнай дысцыпліны,  моцнай сучаснай тэхнічнай базы, а яшчэ гэта сведчанне высокага прафесіянальнага ўзроўню спецыялістаў, занятых у АПК.

Ужо не першы год яркім працоўным маяком для жывёлаводаў раёна з’яўляецца СВК “Пяршаі-2003”.

Пераможцы раённага спаборніцтва рашэннем райвыканкама ўзнагароджаны Ганаровымі дыпломамі і адзначаны грашовымі прэміямі.

Адзін за адным выходзілі на сцэну перадавікі вытворчасці, каб прыняць узнагароду з рук старшыні райвыканкама, які кожнаму адрасаваў і шчырыя словы падзякі за бездакорнасць і старанне. Гледзячы на сцэну, на гэтых сціплых, працавітых людзей, якія штодзень ахвярна служаць нялёгкай справе – працы на зямлі, – міжволі падумалася: “Якой жа багатай школай прафесіяналізму, майстэрства валодаюць яны, як многаму могуць навучыць маладых!” Радуе, што пераемнасць пакаленняў працягваецца, што ёсць моладзь, гатовая ставіць і паўтараць працоўныя рэкорды. На свяце былі ўшанаваны і тыя, чые біяграфіі  яшчэ толькі атаясамліваюцца з працоўным летапісам нашага раёна.

Вітальнае слова працаўнікам сельскай гаспадаркі адрасавала і старшыня раённай арганізацыі  ГА “Белая Русь” Н. А. Чарнышова. Яна ўручыла Падзякі і каштоўныя падарункі  в. а. кіраўніка УП “Івянецкая крыніца” Т. К. Шафарэвіч,  а таксама дырэктару ААТ “Суднікаўскі”  Б. Э. Грыневічу. Дарэчы, кіраўніку гэтай гаспадаркі зрабіла падарунак і раённая ўлада –  на святочнай сцэне Браніславу Эдуардавічу ўручылі пуцёўку на аздараўленне ў адзін з лепшых санаторыяў.

Некалькі соцень перадавікоў, кіраўнікоў рознага ўзроўню былі ўшанаваны на раённым свяце. Аналагічныя мерапрыемствы прайшлі і непасрэдна ў многіх гаспадарках. Гэтыя святочныя дні запомніліся хлебаробам, працаўнікам усіх галін АПК і змястоўнымі канцэртнымі праграмамі.

Ірына ПАШКЕВІЧ.

Фота Сяргея БОБРЫКА.

 



Добавить комментарий