Рэгіянальныя навіны ад Наталлі ШТЭЙНЕР

Региональные новости

Тэл.: 67079, Velcom 3933728 nshtejner@mail.ru

Некаторыя школьнікі раёна пачалі новы навучальны год не ў сваіх класах, а ў санаторных школах, дзе на працягу першай чвэрці праходзяць аздараўленне. Накіроўваюць іх туды праз упраўленне па адукацыі райвыканкама і цалкам за дзяржаўны кошт.

6 вучняў гімназіі № 1, СШ № 2 райцэнтра і Івянецкай СШ праходзяць курс гаючых працэдур у Маладзечанскай санаторнай школе-інтэрнаце, яны ж застануцца ў гэтай установе і на другую вучэбную чвэрць. У Уздзенскую санаторную школу-інтэрнат атрымалі накіраванні 12 вучняў валожынскіх СШ № 1 і СШ № 2, а таксама Сакаўшчынскага, Гародзькаўскага і Багданаўскага ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа. А 5 школьнікаў з Багданаўскага і Гародзькаўскага ВПК заехалі з верасня ў Старабарысаўскую санаторную школу-інтэрнат. На другую чвэрць у гэтыя санаторныя ўстановы заедуць новыя вучні.

У Івянецкім Доме культуры працуе выстава “Самай роднай”, на якой размешчаны малюнкі школьнікаў мясцовай школы, прысвечаныя сваім матулям.

А побач абсталявана невялікая тэматычная фотазона, дзе дзеці маюць магчымасць сфатаграфавацца з матулямі.

Прыемна радуе той факт, што ў Валожыне адкрываюцца новыя гандлёвыя кропкі, якія прапануюць зусім новы тавар. Няхай гэта здараецца і не часта, але факт такі ёсць.

Насупраць гарадской лазні пару тыдняў таму запрацаваў ларок, дзе можна набыць свежую выпечку. Належыць дадзеная кропка ТАА “Ламаджа”. Карыстаюцца попытам чабурэкі, піражкі з самымі рознымі начынкамі, асабліва папулярныя і хутка разыходзяцца піражкі з капустай. У былы магазін “Эдэльвейс”, гаспадаром якога цяпер з’яўляецца Гарадзейскі цукровы камбінат, можна назіраць нават чэргі. Пашыраецца там і асартымент прадукцыі, з’яўляюцца новыя вытворцы. Здаецца, што прадукцыю агракамбіната “Сноў” і Ждановіцкага мясакамбіната больш нідзе ў Валожыне не прадаюць. Ёсць выбар паміж смакавымі вартасцямі і цэнамі. Неўзабаве павінна адкрыцца прыватнае кафэ ў будынку побач з былым халадзільнікам райспажыўтаварыства.

Іншаземцы прыязджаюць у наш раён не толькі на экскурсіі і на паляванне. Здараюцца людзі, якія сумяшчаюць гэтыя захапленні і займаюцца фотапаляваннем.

Не так даўно па запрашэнні “Белдзяржпалявання” ў Беларусі працаваў фотажурналіст з Бельгіі. Ён пабываў у Любанскім раёне, а больш за тыдзень правёў у нашым. Аб’екты для здымак яму прадаставілі ў заказніку “Налібоцкі”, а начаваў і харчаваўся бельгіец у аграсядзібе “Налібоцкія васількі”. На той момант быў як раз гон у аленя, і яму ўдалося зрабіць цікавыя здымкі высакародных аленяў, а таксама ласёў, казуляў, зуброў, тарпанападобных коней. Фатаграфіі журналісту заказваюць папулярныя часопісы. І яшчэ яму надзвычай спадабаўся цёплы прыём гаспадароў аграсядзібы, кансультацыі знаўцы Налібоцкай пушчы Васіля Уладзіміравіча Шакуна. Госць мае намер вярнуцца сюды зімой.

У рамках міні-праекта аб узаемадзеянні паміж Валожынскім краязнаўчым музеем і цэнтрам карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі група выхаванцаў цэнтра разам з бацькамі і педагогамі ў чарговы раз пабывала ў музеі.

Для іх была падрыхтавана цікавая гутарка, падмацаваная відэарадам, “Зімародак – сімвал Валожыншчыны”. Экскурсавод пазнаёміла гасцей не толькі з гэтай прыгожай птушкай, але і расказала пра іншых, якія прэтэндавалі на званне сімвала нашага раёна.

Днямі супрацоўнікі музея правялі музейна-педагагічны занятак “Таямніцы бабулінай хаты” для вучняў другіх класаў гімназіі № 1, якія наведваюць групу падоўжанага дня.

Школьнікі даведаліся пра цікавыя старадаўнія рэчы, што раней былі ў любой сялянскай хаце. Для іх падрыхтавалі мультымедыйную прэзентацыю. А ў заканчэнне паглядзелі мультфільм на беларускай мове “Палінка”, у якім расказваецца, як гарадская ўнучка прыехала ў госці ў вёску да бабулі. Школьнікаў пачаставалі духмяным хлебам, што выпякаецца па бабуліных рэцэптах.

У аддзяленні дзённага знаходжання для інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва адкрыліся новыя гурткі, у якіх вучаць наведвальнікаў многае рабіць сваімі рукамі.

 Заняткі ў гуртку “Папяровы горад” і ў майстэрні па вырабе сувенірнай прадукцыі “Рознакаляровы свет” вядзе Вольга Іосіфаўна Пратасевіч.