Лукашэнка аб масках і вакцынацыі: ніякага націску на людзей, прымайце да няўхільнага выканання

COVID-19 Безопасность и здоровье Важное

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка патрабуе не дапускаць ніякага націску на людзей у пытаннях нашэння ахоўных масак, дыстанцыравання і вакцынацыі. Аб гэтым ён заявіў сёння на нарадзе па эпідэміялагічнай сітуацыі і прымаемых мерах па процідзеянні распаўсюджванню каранавіруснай інфекцыі, паведамляе БЕЛТА.

Прэзідэнт канстатаваў, што грамадства ў Беларусі ў сітуацыі з каранавірусам на сённяшні дзень падзялілася па пытанні ахоўнага характару (маскі, сацыяльнае дыстанцыраванне і гэтак далей), а таксама ў дачыненні да вакцынацыі. «Павінен папярэдзіць усіх. Прэзідэнт мае права прыняць падобнае рашэнне. І маскі, і ахоўныя мерапрыемствы, і вакцынацыя — гэта выключна добраахвотная справа кожнага чалавека», — заявіў ён.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што можна дзейнічаць метадам пераконвання: «Я не выключаю, хоць дрэнна ўспрымаю, матэрыяльную зацікаўленасць. Як некаторыя кіраўнікі: вось табе 100-200 рублёў — ідзі, вакцынуйся. Разумны дырэктар палічыў: калі гэты чалавек не захварэе, то гэта для прадпрыемства будзе большы выйгрыш».

«Прымальныя любыя метады, акрамя прымушэння людзей. Папярэджваю ўсіх — міліцыю, санслужбы і іншых. У нас няма заканадаўчых асноў, і Прэзідэнт не прымаў такога рашэння, каб прымушаць людзей. Але прасіць іх трэба», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка разам з гэтым адзначыў, што ў шэрагу выпадкаў было б нядрэнна, калі б людзі насілі маскі. Напрыклад, у гандлёвых кропках, у транспарце. «Што датычыцца гандлю, я звярнуў бы ўвагу перш за ўсё на касіраў. Вось гэта катэгорыя сёння ў гандлі больш за ўсё знаходзіцца ў небяспецы. Таму і матэрыяльна трэба падтрымаць, таму што сядзець на касе ў масцы — гэта справа цяжкая», — адзначыў Прэзідэнт.

«Па масках, ахоўных сродках, дыстанцыраванні і вакцынацыі я выказаўся. Прымайце гэта да няўхільнага выканання. Ніякага націску на людзей, — падкрэсліў беларускі лідар. — Не дай бог, мне паступіць інфармацыя, што вы пачынаеце выганяць людзей з гандлёвых кропак, метро ці аўтобусаў, мала не падасца. Таму што гэта становіцца праблемай палітычнай. Людзі адзін на аднаго пачынаюць зверам глядзець. Толькі добраахвотнасць».

Што датычыцца знаходжання на адкрытым паветры, кіраўнік дзяржавы ўпэўнены, што ў гэтым выпадку няма ніякай неабходнасці насіць маску. «На вуліцы чалавек павінен дыхаць свежым паветрам. Не трэба душыць людзей. Маска на вуліцы не патрэбна», — сказаў ён.

Гаворачы аб вакцынацыі, Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз падкрэсліў, што вакцынавацца трэба. «Мы з гэтай заразай будзем жыць заўсёды, — лічыць кіраўнік дзяржавы. — Вакцынавацца трэба, і ў гэтым напрамку трэба прыкласці дадатковыя намаганні. Таму што ўжо нам практыка паказвае».

Паводле слоў Прэзідэнта, асноўныя групы насельніцтва, якім трэба сёння ўдзяліць увагу ў плане вакцынацыі — гэта людзі пажылога ўзросту і цяжарныя жанчыны.

У цэлым жа Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў важнасць пастарацца захаваць звычайны лад жыцця людзей. У гэтым пытанні ён чарговы раз нагадаў аб неабходнасці падтрымліваць здаровы лад жыцця, што ў тым ліку дапамагае процістаяць вірусам і іншым хваробам. «І больш на вуліцы, больш трэба дыхаць і прымусіць лёгкія працаваць. Тады, калі і захварэеш, лягчэй будзе перанесці», — упэўнены кіраўнік дзяржавы.