Рэгіянальныя навіны ад Наталлі ШТЭЙНЕР

Региональные новости

Тэл.: 67079, Velcom 3933728 nshtejner@mail.ru

У раёне 7 сельгаспрадпрыемстваў, а таксама адзін фермер – Юрый Шчогалеў займаюцца пчалярствам. Маецца яшчэ аграсядзіба “Свет пчол” з музеем, дзе можна даведацца пра гісторыю ўзнікнення пчалярства. Усяго на іх пчальніках налічваецца 540 вулляў, больш палова з якіх належыць фермеру. Гэта вельмі высокі паказчык, бо ў некаторых раёнах Міншчыны толькі 2-3 гаспадаркі займаюцца пчоламі.

У КСУП “Пяршаі-2014” налічваецца 75 пчаласем’яў, КСУП “Падбярэззе” – 46, ААТ “Агра-Дубінское” – 30, ААТ “Суднікаўскі” і КУП “Сівіца” – па 25, КСУП “Сакаўшчына-Агра” – 15. У КСУП “Валожынскае” захавалі некалькі вулляў ад папярэднікаў і набылі 6 новых пчолапакетаў, тут думаюць у далейшым усур’ёз займацца пчалярствам. Сёлета ў сярэднім на сям’ю адпампавалі па 14,5 кілаграма мёду, што з’яўляецца добрым паказчыкам. У КСУП “Падбярэззе” (пчаляр Іосіф Іванавіч Яблонскі) атрымалі найвышэйшы паказчык – 747 кілаграмаў, што ў разліку на адну сям’ю – 16,2 кілаграма.

Асобна хочацца спыніцца на здабытках фермерскай гаспадаркі. На пчальніку ў Лоску ў Ю. Шчогалева ўтрымліваюцца 300 вулляў. Займаецца Юрый Мікалаевіч бортніцтвам некалькі гадоў, але здабыткі мае ўнушальныя. У бягучым годзе сабраў 6 тон духмянай прадукцыі, што склала па 20 кілаграмаў на сям’ю. Адначасова пчаляр займаецца вывадам і продажам пчаламатак. Трэба адзначыць таксама, што ў Беларусі пчолам надаецца значная роля ў апыленні сельгасраслін. Відавочна, што ў гаспадарках, дзе ёсць пчальнікі, і ўраджаі лепшыя, асабліва рапсу.

Акцыя “Чысты лес” не абмежавалася адным днём. Яна мела працяг 18 кастрычніка. Людзі па-рознаму праводзяць свае выхадныя.

Каля 40 маладых людзей, што пражываюць у вёсках Малое і Вялікае Запруддзе Гародзькаўскага сельсавета, па ўласнай ініцыятыве выклікаліся дапамагчы з пасадкай лясных культур. На плошчы 1,7 гектара яны дапоўнілі пасадкі сасны каля свайго населенага пункта. У тую ж нядзелю 60 супрацоўнікаў цэнтра павышэння кваліфікацыі супрацоўнікаў МУС, што ў Гаранях, высадзілі лясныя культуры на плошчы больш за 2 гектары ў Ракаўскім лясніцтве. Кіраўніцтва лясгаса пачаставала энтузіястаў гарачым чаем з булачкамі і выказала шчырую падзяку.

У канцы мінулага навучальнага года школы раёна прадаставілі спісы лепшых вучняў з 5 па 11 класы, якія могуць прэтэндаваць на ўдзел у рэспубліканскім тэлевізійным праекце “Я ведаю”. На раённым этапе адабралі 7 лепшых прадстаўнікоў: з гімназіі, СШ № 1 і СШ № 2 райцэнтра, Івянецкай, Ракаўскай і Пяршайскай СШ.

16 кастрычніка адбыўся адборачны тур абласнога этапу. Праходзіў ён дыстанцыйна. На выкананне заданняў адводзілася адна гадзіна. Да канца месяца будзе вядома, хто прайшоў у наступны тур. Дарэчы, летась да рэспубліканскага тура дайшлі два вучні – гімназіі і Івянецкай СШ, але ў фінал яны не трапілі.

У майстэрні ткацтва Івянецкага музея традыцыйнай культуры да 13 лістапада будзе працаваць выстава “Матуліны ручнікі”, прымеркаваная да 80-годдзя з дня нараджэння народнага майстра (2011 год) Марыі Ксавер’еўны Сасонкі. Музей быў апошнім месцам працы вядомай ткачыхі.

На выставе прадстаўлены яе работы – ручнікі, сурвэткі, дыван, а таксама дыпломы, граматы і іншыя ўзнагароды. Аднымі з першых выставу наведалі настаўнікі мінскіх школ.

Некалькі разоў у квартал папаўняюцца фонды бібліятэк раёна. Большасць кніг набываюць за сродкі раённага бюджэту. А кнігі на сённяшні дзень – даволі дарагое задавальненне, таму, можна сказаць, не змяншаецца колькасць чытачоў, асабліва ў райцэнтры.

Апошняе паступленне – 113 экзэмпляраў кніжных навінак 20 найменняў. Сярод іх тры новыя раманы Таццяны Усцінавай і Аляксандра Тамонікава, творы Машы Трауб, Марыі Мятліцкай, Галіны Раманавай, Таццяны Паляковай і іншых папулярных аўтараў.

Ранкам у мінулую нядзелю з плошчы Свабоды ў райцэнтры ад’ехаў экскурсійны аўтобус, які рушыў у Гродзенскую вобласць.

Асноўны касцяк сярод аматараў падарожжаў на гэты раз складалі работнікі райвыканкама і тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, былі і прадстаўнікі раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, работнікі культуры. Яны пабывалі ў Залессі на сядзібе М.-К. Агінскага, дзе валожынцаў гасцінна сустрэў кіраўнік сядзібы і пад музыку знакамітага кампазітара правёў па залах, пазнаёміў з экспазіцыяй, аранжарэяй. Наступны прыпынак зрабілі ў Смаргоні. Пабывалі ў мясцовым краязнаўчым музеі, дзе пазнаёміліся з гісторыяй смаргонскіх абаранкаў і адзінай акадэміяй, дзе навучалі мядзведзяў, якія, дарэчы, будавалі і наш касцёл. Госці пакаштавалі знакамітае смаргонскае марожанае, пазнаёміліся падчас аглядавай экскурсіі з горадам. Фінальнай кропкай экскурсіі стаў касцёл у Гярвятах. Яго гісторыяй і прыгажосцю захапляюцца некалькі пакаленняў вернікаў.