Энергія дабра. Пасадзі дрэва

Общество

 “Я тым ганаруся, што ў родным краі ёсць дрэва, пасаджанае мною…” –  пад такім дэвізам прайшоў у дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці г. п. Івянец экалагічны марафон “Энергія дабра. Пасадзі дрэва”, прымеркаваны да Дня маці. У ім прынялі ўдзел бацькі нашых выхаванцаў і, вядома, самі дзеці.

Ініцыятарамі гэтага мерапрыемства выступілі сем’і Цітовых і Івашка: прывезлі саджанцы дрэў і разам з дашкольнікамі і іх бацькамі на тэрыторыі ўстановы пасадзілі хвоі, клёны, туі, ліпы, дубы і вішні. Таты капалі ямкі, мамы з дзеткамі засыпалі і палівалі саджанцы.

Спадзяёмся, што дрэўцы, пасаджаныя з любоўю, прыжывуцца і ў хуткім часе зашапацяць густой лістотай, нагадваючы пра дашкалят і іх бацькоў, пра добрую і мудрую традыцыю. Хочацца, каб сумесная справа працягвалася. Бо дрэва – гэта сімвал жыцця і пазнання. Зрабіць уклад у зялёную будучыню нашай планеты мы можам ужо сёння, прывучаючы малодшае пакаленне любіць і паважаць прыроду.

Таццяна СКІБА,

намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці