УРОК ПРА ЭЛЕКТРАТОК ЗАСВОЙ НА ЗУБОК!

Закон и порядок

Лёгкасць, з якой чалавек атрымлівае новую якасць жыцця пры выкарыстанні электрычных прыбораў, выклікае часам і безгрунтоўную легкадумнасць у адносінах да электрычнасці. А тым часам у гэтай сферы існуе мноства “нельга” і “забараняецца”. На іх і засяродзім увагу.

Небяспеку для чалавека ўяўляюць электраўстаноўкі любога напружання. Самыя распаўсюджаныя ў быце, прамысловасці, сельскай гаспадарцы электрычныя сеткі напружаннем 220-380 вольт. Найбольшая колькасць смяртэльных здарэнняў якраз і адбываецца пры паражэнні токам такога напружання.

Паколькі провад пад напружаннем нічым не адрозніваецца ад проваду без напружання, то датыкацца нельга ні да якога. Калі пішуць, што забараняецца лавіць рыбу пад лініяй электраперадач, то гэта не таму, каб адправадзіць вас ад рыбнага месца. Рыбакі часта атрымліваюць электратраўмы пры датыканні вудзільнам да правадоў. Калі пішуць, што нельга вырошчваць яблыні пад правадамі, то не для таго, каб зменшыць ваш ураджай. Такія яблыкі на самой справе могуць аказацца для вас смяртэльнымі.

Чытайце інструкцыі па эксплуатацыі электрапрыбораў! Калі там указана, што таршэр вызначаны для выкарыстання ў доме, то не ўстанаўлівайце яго ў садзе ці падвале. Павышаная вільготнасць можа вывесці яго са строю і прывесці да кароткага замыкання. Калі напісана, што пральную машынку павінен падключыць спецыяліст, то не варта рызыкаваць. Хутчэй за ўсё ўжо нехта пацярпеў ад няшчаснага выпадку ў выніку няправільнага падключэння. Жаданне самому ўстанавіць дадатковую разетку, лямпачку, кандыцыянер часам таксама заканчваецца трагічна.

Калі вы ўбачылі, што нехта трапіў пад уздзеянне электрычнага току, то набліжацца да яго неабходна толькі пасля таго, як будуць адключаны пашкоджаная праводка і электрапрыборы. Чалавека з месца здарэння вызваляйце толькі пры дапамозе тых прадметаў, якія не з’яўляюцца праваднікамі электратоку. Абавязкова пасля здарэння выклікайце хуткую ці дастаўце пацярпелага ў бальніцу.

Уладзімір МАКЕЙ,

дзяржаўны інспектар па энерганаглядзе.

 



Добавить комментарий