АГЛЯД ПАДЗЕЙ У РАЁННАЙ ГАЗЕЦЕ ЗА ЛІСТАПАД 1966 ГОДА

Культура

АДНЫ З ЛЕПШЫХ У КРАІНЕ

Валожынскі масласырзавод славіцца выдатнымі поспехамі ў працы.

Нядаўна прадпрыемства заняло другое месца ва ўсесаюзным сацыялістычным спаборніцтве маслазаводаў краіны па якасці масла. Супрацоўнікі навукова-даследчага інстытута малочнай прамысловасці прызналі прадукцыю валожынцаў адной з лепшых у нашай краіне.

На Ракаўскім маслазаводзе выдатна працуе майстар Вікторыя Аляксандраўна Бобрык. З месяца ў месяц яна выконвае і перавыконвае вытворчыя заданні. Вышэйшай адзнакай працы ракаўскіх харчавікоў з’яўляецца Дыплом другой ступені, якога яны ўдастоіліся на Выстаўцы дасягненняў народнай гаспадаркі ў Маскве.

ІВЯНЕЦКУЮ КЕРАМІКУ – НА ВЫСТАЎКУ Ў МАНРЭАЛЬ

Трыццаць пяць чалавек працуюць у керамічным цэху Івянецкай фабрыкі мастацкай керамікі і вышыўкі. Вопытнымі майстрамі прызнаны на прадпрыемстве старэйшыя ганчары Франц Целішэўскі і Рамуальд Судакевіч.

На фабрыцы ўжо тры гады працуе таленавіты мастак-тэхнолаг Васіль Каруноў. Яго накіравалі сюды пасля заканчэння Абрамцаўскага прамыслова-мастацкага вучылішча. За гэты час ён распрацаваў дзесяткі цудоўных узораў керамічных вырабаў, якія атрымалі высокую ацэнку мастацкага савета ў Мінску. Пры гадавым заданні 24 мастак за 10 месяцаў распрацаваў больш за 50 відаў разнастайных керамічных вырабаў, якія ўкаранёны ў вытворчасць.

Уся прадукцыя івянчан карыстаецца вялікай папулярнасцю не толькі ў нашай краіне, але і за яе межамі. Цяпер фабрыка рыхтуе 7 відаў керамічных вырабаў, якія будуць дэманстравацца на выстаўцы ў канадскім горадзе Манрэалі.

ЯНЫ ІДУЦЬ НАПЕРАДЗЕ

Па выніках спаборніцтва за 10 месяцаў добрых вынікаў у працы дасягнулі даяркі:

Юзэфа Антонаўна Багдановіч з сельгасарцелі “Верны шлях”, якая надаіла па 2879 кілаграмаў малака ад кожнай з 10 кароў, у тым ліку за кастрычнік – па 269 кілаграмаў. Ніна Антонаўна Русецкая з саўгаса “Ракаўскі” надаіла па 2770 кілаграмаў малака ад кожнай з 14 кароў, у тым ліку за кастрычнік – па 182 кілаграмы. Вольга Лявонцьеўна Гуд з сельгасарцелі “Верны шлях” надаіла 2652 кілаграмы малака ад кожнай з 10 кароў, у тым ліку за кастрычнік – па 191 кілаграму.

У свінагадоўлі вызначыліся:

Марыя Антонаўна Далінкевіч з сельгасарцелі імя Куйбышава атрымала па 17,1 парасяці ад кожнай з 18 свінаматак. Ніна Адамаўна Маргоўка з сельгасарцелі Куйбышава атрымала па 16,1 парасяці ад кожнай з 18 свінаматак. Іван Лявонцьевіч Таўгень з сельгасарцелі імя Леніна адкарміў 560 галоў свіней і атрымаў прывагу 431 цэнтнер. Эдуард Іванавіч Вайцюлевіч з сельгасарцелі імя М. Горкага адкарміў 550 галоў свіней і атрымаў прывагу 365 цэнтнераў.

ПОДЗВІГІ САВЕЦКАЙ МІЛІЦЫІ

10 лістапада работнікі міліцыі разам з усім савецкім народам святкуюць 49-ю гадавіну з дня свайго існавання. Сёння мы схіляем галовы перад тымі, хто аддаў сваё жыццё ў імя інтарэсаў любімай Айчыны, аддаём даніну павагі лепшым прадстаўнікам міліцыі.

…Якаў Ізраілевіч Каждан быў радавым байцом партызанскага атрада імя Калініна. Мужна змагаўся ён супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў. І. як толькі тэрыторыя нашага раёна была вызвалена ад акупантаў, Я. І. Каждан стаў супрацоўнікам аддзела міліцыі. Гэта было ў 1944 годзе. Цяжка даводзілася вартавым грамадскага парадку. Былы партызан прыкладваў усё сваё ўменне, каб з гонарам выконваць пачэсны абавязак. Не да спадобы прыйшліся смелыя ўчынкі міліцыянера тым, хто свавольнічаў у вёсках, грабіў народнае дабро. Неўзабаве бандыцкая куля абарвала жыццё мужнага міліцыянера.

Ад рук ворага загінуў таксама ўчастковы ўпаўнаважаны былога Івянецкага аддзела міліцыі Мікалай Аляксандравіч Рэуцкі. Назаўсёды захаваем мы памяць пра Уладзіміра Шчуцкага, які на пасту ўчастковага ўпаўнаважанага раённага аддзела міліцыі заслужыў людскую павагу і загінуў мужнай смерцю ад рук бандыта.

З вялікай павагай называем мы сёння лепшых супрацоўнікаў аддзела – начальніка пашпартнага стала І. П. Малахава, участковых упаўнаважаных І. А. Більдзюка, С. А. Руткевіча, В. П. Грынюка, міліцыянераў М. Л. Зялёнку, М. А. Несцерава і іншых таварышаў.

ЦЁМНЫЯ БАКІ ЧЫРВОНАГА КУТКА

Больш за 120 чырвоных куткоў працуе ў раёне. Многія з іх сталі сапраўдным месцам культурнага адпачынку калгаснікаў. Але, на вялікі жаль, есць і такія чырвоныя куткі, якія больш нагадваюць “курылку” альбо склад для інвентару.

Дрэнна наладжана работа чырвоных куткоў у калгасе імя К. Маркса. У вольны час калгаснікам няма чым заняцца, бо ў памяшканні аднаго чырвонага кутка стаяць толькі стол, дзве лавы і вялізная печ сярод пакоя, плакаты на сценах чорныя ад тытунёвага дыму, падлога тут земляная, уся ў ямах. У шостай брыгадзе ў чырвоным кутку размяшчаецца сталярная майстэрня, насенне лубіну. Праўленне калгаса не дае на газеты грошай.

У адной з брыгад калгаса імя М. Горкага ў чырвоным кутку зрабілі свіран, запоўніўшы яго насеннем аўса. Не ў лепшым становішчы апынуліся і калгаснікі з вёскі Навасёлкі. Іх клуб зусім непадрыхтаваны да работы ў зімовых умовах, у ім холадна, брудна.

ДЭПУТАТЫ ПАКАЗВАЮЦЬ ПРЫКЛАД

У Сакаўшчынскім сельскім савеце 54 дэпутаты. Працуюць яны ў паляводчых брыгадах і на фермах калгасаў імя Чарняхоўскага і “1 Мая”, у школах і клубных установах. І ўсюды выбраннікі народа паказваюць прыклад самаадданай працы.

Напрыклад, у звеннявой па льну сельгасарцелі “1 Мая” М. В. Рыснік залатыя рукі, багаты вопыт. Сёлета яе звяно сабрала высокі ўраджай “паўночнага шоўку”. Атрымана ў сярэднім з кожнага гектара па 5 цэнтнераў ільнасемя і амаль столькі ж валакна. Паказваюць прыклад у працы, высокую актыўнасць у сваёй дэпутацкай дзейнасці працаўнікі калгаса імя Чарняхоўскага Іосіф Бітэль і Геранім Сівы, шафёр калгаса “1 Мая” Іван Жук, брыгадзір гэтай арцелі Міхаіл Палуянчык і многія іншыя.

САКРЭТЫ ПОСПЕХУ КАЛГАСА

Напружана працуюць жывёлаводы калгаса “Рассвет” напярэдадні Вялікага Кастрычніка. Даяркі Франя Ждановіч і Марыя Баршчэнка перавыканалі гадавыя заданні па надоях малака на карову. Даяркі па ўласнаму жаданню сталі даіць кароў на пашы, каб не пераганяць лішні раз жывёлу, што станоўча адбілася на надоях.

Дбае калгас пра ўгнаенні: аснова ўраджайнасці – запраўка глебы. Торфакрошку прапускаем праз жывёлагадоўчыя памяшканні. Торфагноевыя кампосты ўнеслі пад збожжавыя не менш як па 30 тон на гектар. На кожны гектар бульбы далі па 30 тон арганічных і 5 цэнтнераў мінеральных угнаенняў. Сабралі добры ўраджай. Нават на пясчаных участках атрымалі 144 цэнтнеры клубняў, а на лепшых – больш як па 200. Атрымалі па 200 цэнтнераў цукровых буракоў.

Умацавалі кармавую базу. Сутачны рацыён кармлення кароў будзе такім: 7 кілаграмаў сена, 20 – сіласу, 6 – бульбы, столькі ж і іншых караняплодаў, 20 кілаграмаў брагі і па кілаграму мукі.

“АРЫГІНАЛЬНЫЯ” БРАКАНЬЕРЫ

…Не гадаў, не думаў С. І. Маслоўскі, што так здарыцца. Пасля працоўнага дня ён рашыў налавіць рыбы. Узяў лодку, трыгубіцы і – за справу. Маўляў, хто да мяне, сціплага каваля будзе чапіцца. Калі ж нумар не выйшаў, Маслоўскі стаў пагражаць грамадскаму інспектару па ахове прыроды. Цяпер яму прыйдзецца адчуць суровасць закону.

Тое ж самае чакае і “аматараў” начнога палявання за зайцамі з дапамогай матацыкла. Вось яны: Б. К. Васілеўскі, Э. А. Васілеўскі, І. І. Сарафіновіч, усе з вёскі Мінькі. Месцам палявання яны абралі… калгаснае жыта.

Але, бадай, найбольш “арыгінальным” аказаўся М. А. Пашкоўскі, вартаўнік з Валожына. Не маючы права займацца паляваннем, ён адправіўся за здабычай. Уласную стрэльбу набываць не трэба: дзяржаўная ж у руках. Толькі адзін стрэл удалося зрабіць самазванаму паляўнічаму. Грамадскі інспектар Л. І. Ластачка і паляўнічыя-аматары спынілі браканьера.

Устаноўлены тэрміны палявання на зайцоў, вавёрку, андатру, чырвоную лісіцу, янотападобную сабаку, ласку, гарнастая, тхара цёмнага, лясную і каменную куніцу, норку і выдру. Паспрабаваць паляўнічага шчасця можна ў перыяд з 6 лістапада 1966 года да 5 лютага 1967 года. Да 1 красавіка 1967 года дазваляецца ўсюды адлоў кратоў. Затое знішчаць ваўкоў, рысяў, лавіць суслікаў, хамякоў, вадзяных і хатніх пацукоў трэба паўсямесна круглы год.

ПІСЬМЫ НА КУБУ

У сярэдняй школе № 2 горада Валожына адбыўся вечар, на якім ішла размова аб інтэрнацыянальнай дружбе народаў.

На мерапрыемства былі запрошаны жыхары раёна, якія за апошні час пабывалі ў братніх краінах у якасці турыстаў. Пра гарады і будоўлі, працоўнае і культурнае жыццё замежных краін расказалі дырэктар школы Л. Ф. Тарханава, якая пабывала ў Венгрыі, хірург райбальніцы С. П. Грабянчук, які пабываў у Германіі і Чэхаславакіі, а яго калега – зубны тэхнік Ц. М. Ключынскі расказаў рабятам пра хараство Балгарыі. Валожынскія піянеры ў сваю чаргу гаварылі аб сяброўскай перапісцы, якую вядуць з рабятамі Балгарыі, ГДР, Югаславіі і Кубы.

ЁСЦЬ ГАДАВЫ!

Уладарна крочыць Вялікі Кастрычнік. Напярэдадні знамянальнай даты калгас імя Леніна падводзіць вынікі сваёй працоўнай дзейнасці.

Нельга не парадавацца поспеху жывёлаводаў Макараўскай малочнатаварнай фермы. Даяркі Марыя Чэрнік, Эвеліна Зялкоўская, Яўгенія Белановіч перакрылі гадавыя заданні. Вельмі добры паказчык у даяркі Марыі Голуб, якая даглядае групу першацёлак. Ад кожнай яна надаіла па 1926 кілаграмаў малака.

КРАСАМОЎНЫЯ ЛІЧБЫ

Увесь час павялічваецца аплата працы хлебаробаў нашага раёна. У мінулым годзе ў сярэднім на кожны працадзень толькі грашыма калгаснікі атрымалі па 1 руб. 15 капеек.

На свае працоўныя зберажэнні калгаснікі набываюць каштоўныя рэчы. Так, у мінулым годзе грамадзянам раёна прададзена 1751 веласіпед, 375 матацыклаў, 280 пральных машын, шмат музычных інструментаў, фотаапаратаў, гадзіннікаў. Цяпер у асабістым карыстанні жыхароў раёна ёсць 31 легкавая аўтамашына, 1250 матацыклаў, 5300 радыёлаў, 1180 тэлевізараў.

Старонкі газеты гартала

Алена ПАШКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий