ХІП-ХОП – ЯГО СТЫХІЯ

Молодежный курьер

На першы погляд, Ілля Капылоў – звычайны валожынскі юнак. Працуе аператарам набору і вёрсткі ў рэдакцыі раённай газеты, паралельна вучыцца ў БДПУ імя Максіма Танка. Але ў хлопца ёсць і іншае імя. Дакладней, творчы псеўданім, шырока вядомы і папулярны сярод прыхільнікаў хіп-хопавай субкультуры нашага горада. Знаёмцеся – паэт і кампазітар, аўтар і выканаўца.

ябры-падлеткі Ілля Капылоў, Філіп Нячаеў і Аляксандр Стэльмашэнка ледзь не з пачатковых класаў сталі цікавіцца модным музычным стылем хіп-хоп. Новыя касеты і аўдыёдыскі з запісамі папулярных расійскіх і замежных рэпераў не пераставалі “качаваць” з рук у рукі. Хлопцам падабаліся рэчытатыўныя тэксты пад рытмічныя ўдарнікі, якасна іншая, непапсовая музыка. Вядома ж, далёка не ўсім дарослым, ды і равеснікам, падабаліся белыя красоўкі з высокай шнуроўкай, майкі памеру “XXL” і шырачэзныя джынсы, у якія пачалі апранацца школьнікі. Але жаданне быць непадобнымі на іншых усё ж было мацнейшае…

“А чаму б і нам не паспрабаваць чытаць рэп?” – неяк пры размове прапанаваў Ілля сябрам без асаблівай надзеі, што яго ўспрымуць сур’ёзна. Але і тых, аказалася, даўно падбухторваў на гэту справу дух здаровага авантурызму. Таму справа закруцілася даволі лёгка. Упершыню гурт “White Street”, які арганізавалі хлопцы, валожынская моладзь пачула ў 2003 годзе. Пазней яны перайменаваліся ў “West Town”, праводзілі канцэрты, вытрымалі шматлікія “хіп-хоп бэтлы”, у якіх рэперы змагаюцца між сабой трапнымі рыфмамі экспромтам. Займелі шматлікіх прыхільнікаў не толькі ў Валожыне. Але, як часта бывае, з-за творчых рознагалоссяў гурт урэшце перастаў існаваць. Праўда, хлопцы за гэтыя гады набылі салідны творчы вопыт, і кожны з іх рушыў сваёй дарогай…

Малады чалавек вядзе насычанае жыццё: акрамя таго, што сам піша тэксты песень і музыку да іх, ён яшчэ з’яўляецца намеснікам генеральнага дырэктара і адміністратарам “Беларускага партала музыкі” – маштабнага праекта на прасторах Байнэта, актыўным удзельнікам міжнароднага сайта музыкантаў і выканаўцаў.

“Выпадковыя сувязі” – так называецца аўдыёальбом, які Ілля самастойна звёў і выпусціў у свет у бягучым годзе. Туды ўвайшлі лепшыя кампазіцыі, напісаныя ім самастойна і ў сааўтарстве з такімі ж апантанымі прадстаўнікамі беларускага андэграўнда, як сам. А яшчэ гэтым выразам можна ахарактарызаваць сённяшняе творчае жыццё маладога рэпера. Ілля праз Інтэрнэт заводзіць новыя знаёмствы з прыхільнікамі хіп-хопавай субкультуры, якія таксама пішуць тэксты і музыку, і прапануе ім супрацоўніцтва над трэкамі. У выніку нараджаюцца новыя арыгінальныя творы, якімі задаволены абодва бакі. Так што, калі ўдумацца, не такія ўжо і выпадковыя гэтыя сувязі…

“Я і сам, бывае, задумваюся: а навошта мне ўсё гэта? – разважае герой гэтага матэрыялу. – І тады разумею, што хіп-хоп ужо не проста частка майго жыцця. Гэта спосаб стаць самім сабой, самарэалізавацца. Мне падабаецца займацца гэтай справай, падабаецца ведаць, што пэўны трэк западзе камусьці ў душу, запаліць музыкай або зачэпіць словам, прымусіць разам пасмяяцца або паперажываць…” А значыць – усё яшчэ наперадзе, падумалася мне. І сапраўды, Ілля T. Jay T. Капылоў поўны новых творчых планаў…

Сяргей САДОЎСКІ.

Фота Яўгена БАШАРКЕВІЧА.

 



Добавить комментарий