Вырвацца з пасткі каранавіруса дапаможа калектыўны імунітэт

COVID-19 Безопасность и здоровье

Аляксандр БУРАК, загадчык Валожынскай раённай паліклінікі:

– Для фарміравання імунітэту ў прышчэпленых ад COVID-19 людзей неабходны пэўны час. Па даследаваннях вучоных, у сярэднім ад 4 да 21-28 дзён пасля другой прышчэпкі. Менавіта тады наш арганізм уваходзіць у паўнацэнную абарону. У маім выпадку атрымалася так: я меў кантакт з пацыентам з каранавіруснай інфекцыяй, якая выявілася ў яго ў далейшым, якраз паміж першай і другой прышчэпкамі. Адпаведна, патрэбны імунітэт яшчэ не ўтварыўся, таму захварэў.

Пачыналася ўсё з невялікай тэмпературы – 37,4 градуса, пакашлівання, а пасля, на 5-6 дзень хваробы рэзка стала горш: тэмпература паднялася да 39 градусаў, апанаваў моцны кашаль – адкашляцца было немагчыма, хаця лячыўся правільна, шмат піў вадкасці, пры хадзьбе з’яўлялася задышка. Нязначна панізілася сатурацыя, мяне шпіталізавалі і пацвердзілі каранавірус. Але сваё ўздзеянне, упэўнены, прышчэпка ўжо зрабіла: кіслароду спатрэбілася не вельмі вялікая колькасць – калі ў сярэднім на той час пацыент з каранавіруснай інфекцыяй ляжаў у бальніцы 7-10 дзён пад кіслароднай маскай, то я – тры дні, пасля чаго яго пачалі зніжаць.

Аднак гэта хвароба не праходзіць бясследна: калі сатурацыя, аналізы хутка прыйшлі ў норму, а вось агульная слабасць заставалася досыць доўга. Так атрымалася, што адразу пасля выпіскі з бальніцы адыходзіў у планавы адпачынак, і ўвесь час назіраліся слабасць, апатыя, нежаданне нічога рабіць. Смакі і пахі не магу сказаць што зніклі, але яны сказіліся: у прыватнасці, тонкія пахі адчуваю вельмі добра, вось моцныя, жорсткія нават праз паўгода не адчуваю. Смакі часам зусім незразумелыя: пакуль ляжаў у бальніцы, усё здавалася, што ў чай дабавілі соду. Прыехаў дадому – адчуванні такія ж самыя, таму чай не піў два месяцы ўвогуле. І нават калі цалкам вылечыўся, цяжка стаў пераносіць фізічныя нагрузкі: здавалася, ногі перасталі трымаць, адвыклі хадзіць, сталі слабымі з-за таго, што трэба было доўга ляжаць. Адно суцяшала: на шчасце, у маёй сям’і ніхто ад мяне не заразіўся.

 Хачу сказаць, што на ўсё трэба час. У першую, другую хвалі каранавіруса гаварылі, што пацыентам, якія лечацца, уводзяць плазму перахварэўшых. Вакцынацыя – гэта фактычна, калі ты робіш сваю плазму лячэбнай, у ёй ужо ёсць антыцелы. Менавіта яны дапамагаюць хутчэй справіцца з кавідам. Ніхто не дае гарантыі, што не захварэеш нават пасля другой прышчэпкі – такія людзі ёсць, але яны значна лягчэй пераносяць хваробу. Нават тыя, хто маглі б памерці, застаюцца жывымі, не трапляюць у рэанімацыю, а адносна непрышчэпленых насамрэч папраўляюцца хутчэй. Таксама пасля вакцынацыі трэба захоўваць дыстанцыю, масачны рэжым – чаму я сам з’яўляюся прыкладам: правакцынаваўся першы раз, меў кантакт з хворым на каранавірус і захварэў. Але яшчэ раз паўтаруся: менавіта дзякуючы прышчэпцы даволі хутка ачуняў. Дарэчы, другую прышчэпку ўжо зрабіў.

Наконт самаадчування пасля прышчэпак скажу: такой заканамернасці, хто і як іх пераносіць, няма. У некага ёсць тэмпература, у іншага – не, у кагосьці суставы ломіць, назіраецца слабасць, але гэта як хутка з’яўляецца – на працягу сутак, гэтак жа хутка і знікае.

Перахварэўшы і адчуўшы на сабе паследкі каранавіруса, адзначу, што гэта вельмі подлая хвароба. У кагосьці яна праходзіць бессімптомна, у кагосьці – у вельмі лёгкай форме, таму можа скласціся ўражанне, што ўсё не так страшна і не так сур’ёзна, як гавораць. Таму людзі і не разумеюць важнасці вакцынацыі. А вось каго яна “накрывала”, як кажуць, з галавой, тыя сапраўды пакутуюць, асабліва пажылыя, людзі з хранічнымі захворваннямі. Вакцынацыяй мы не толькі сябе абараняем: маючы зносіны з блізкімі, роднымі, сябрамі, калегамі па рабоце засцерагаем ад небяспекі і іх. На сёння ў раёне першым кампанентам прышчапіліся каля 8,5 тысячы чалавек, другую прышчэпку атрымалі каля 5,5 тысячы.

Не магу сказаць, што пасля каранавіруса штосьці кардынальна памяняў у сваім жыцці. Нагледзеўшыся ўсялякага і падчас работы ў стацыянары (не ў кавідным аддзяленні), і падчас зваротаў пацыентаў з кавідам у паліклініку (асабліва ўражваюць рэнтгенаўскія здымкі лёгкіх), нічога харошага ва ўсім гэтым няма. Таму жыхарам раёна параіў бы: па-першае – вакцынавацца, па-другое – насіць маскі, па-трэцяе – захоўваць сацыяльнае дыстанцыраванне. Бо, на жаль, на сёння ў нас сітуацыя з захвованнем на COVID-19 расце. Гэта хваля па колькасці сярэдняцяжкіх, цяжкіх пацыентаў значна большая – людзі намнога цяжэй пераносяць хваробу. У райбальніцы працуе інфекцыйны шпіталь: адразу было адкрыта адно, пасля другое, а зараз ужо і трэцяе аддзяленні. У асноўным лячэнне праходзяць валожынцы, ёсць адзінкавыя пацыенты з іншых рэгіёнаў.

Яшчэ адзін немалаважны факт: некаторыя паспелі ўжо перахварэць на каранавірус па два разы, дарэчы, у другім выпадку хвароба працякае больш складана. А вось пасля прышчэпкі, калі і захварэеш, то ў больш лёгкай ступені – усё залежыць ад таго, у каго колькі ўтвараецца антыцелаў. Тым не менш, калі яны ёсць, то арганізму намнога прасцей змагацца з інфекцыяй.

Лічу, што перамагчы COVID-19 можна, толькі стварыўшы калектыўны імунітэт, каб гасіць хвалю: чым менш людзей будзе хварэць, тым менш верагоднасць новых мутацый гэтага віруса, які з кожным разам яшчэ больш сур’ёзны, яшчэ больш жорсткі. У нашых хворых назіраюцца розныя штамы, але клініка стала больш злой – гэта значыць, клінічныя праяўленні, цячэнне хваробы праходзяць намнога горш.