Рэгіянальныя навіны ад Наталлі ШТЭЙНЕР

Региональные новости

Тэл.: 67079, Velcom 3933728 nshtejner@mail.ru

18 кастрычніка ў раёне працавала здымачная група канала СТБ, якая на працягу дня пабывала ў самых розных калектывах і здымала сюжэты на актуальныя тэмы.

У самых бліжэйшых выпусках сталічнага тэлебачання можна было ўбачыць, як прытрымліваюцца супрацьэпідэмічных правіл і рэкамендацый у Валожынскім касцёле Святога Юзафа. Свае меркаванні выказаў ксёндз Генрык Акалатовіч. Група пабывала на занятках факультатыва “Асновы духоўна-маральнай культуры і патрыятызму” ў сярэдняй школе № 1 райцэнтра, якія праводзіла педагог Алена Уладзіміраўна Трагубава. Наведаліся тэлевізіёншчыкі ў краязнаўчы музей, дзе арганізавана гульнявая зона для дзяцей, паразмаўлялі з маладымі спецыялістамі, што сёлета прыйшлі працаваць у калектыў лясгаса. Адлюстравалі таксама ўборку і рэалізацыю агародніны ў фермерскай гаспадарцы Іосіфа Іванавіча Нехвядовіча.

Новы кіраўнік узначаліў раённую структуру Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў.

Віталій Іосіфавіч Лакатун нарадзіўся ў 1977 годзе. Скончыў Беларускую дзяржаўную політэхнічную акадэмію. Шмат гадоў адпрацаваў у органах унутраных спраў рэспублікі. На дадзены момант прызначаны дырэктарам Валожынскага раённага падраздзялення арганізацыі. Дарэчы, яе членам з’яўляецца з 1995 года. Новы дырэктар паспеў ужо прыняць удзел у ХVIII з’ездзе Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў, які праходзіў 20 кастрычніка. На ім абраны новы кіраўнік рэспубліканскай арганізацыі – Ігар Анатольевіч Шуневіч.

18 кастрычніка адбыліся адкрытыя аўкцыёны на права заключэння арэнды двух аб’ектаў, якія належаць Валожынскаму райспажыўтаварыству.

На аўкцыён выстаўляліся магазін № 116 “Прадукты” па вуліцы 17 верасня ў гарпасёлку Івянец і частка будынка гандлёвага цэнтра ў Івянцы. Аўкцыёны адбыліся. Вызначаны пераможцы. Неўзабаве ў гарадскім пасёлку будуць адкрыты новыя кропкі рознічнага гандлю.

10 падарункавых сертыфікатаў (ваўчараў) на суму 135 рублёў кожны паступілі ў раённую арганізацыю Таварыства Чырвонага Крыжа.

Каб мець права на атрыманне сертыфікату, даход на аднаго чалавека ці члена сям’і не павінен перавышаць 283 рублі 46 капеек у месяц. Права на атрыманне гэтай падтрымкі маюць як мнагадзетныя сем’і, так і адзінокія ці адзінока пражываючыя інваліды, пенсіянеры. Іх спісы ўдакладняюцца. Хто атрымліваў ваўчары раней, у другі раз іх ужо не атрымаюць. На сям’ю могуць быць выдзелены і па 3 ваўчары, калі гэта дазволяць іх даходы.

У сярэдзіне кастрычніка ў Валожынскую дзіцячую бібліятэку паступілі 92 новыя кнігі. Гэта дзіцячыя энцыклапедыі на самыя розныя тэмы, многа рускіх народных казак, на якіх вырасла не адно пакаленне чытачоў, навінкі літаратуры для дашкольнікаў і малодшых школьнікаў. Наогул, бібліятэчныя работнікі адзначаюць, што сёлета новыя паступленні здараюцца даволі часта.

Цікавасць для чытачоў уяўляюць кнігі з серыі “Самыя-самыя”, выдадзеныя ў выдавецтве “Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі”, на рускай і беларускай мовах, серыі “Кнігі нашага дзяцінства” з гэтага ж выдавецтва для малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту – творы Кандрата Крапівы, Максіма Багдановіча, Змітрака Бядулі. Парадуюць маленькіх чытачоў новыя зборнікі казак, твораў Карнея Чукоўскага, а таксама займальныя кнігі папулярнага замежнага аўтара Холі Вэб.

З сярэдзіны кастрычніка ў Валожыне афіцыйна працуе студыя па вывучэнні англійскай мовы – “ЛінгваЗнайка”. Педагог з вялікім практычным стажам Ала Вячаславаўна Грынкевіч арандавала памяшканне пад кабінет на другім паверсе ў Доме быту.

Студыя працуе ў панядзелак, сераду, пятніцу і суботу. Заняткі праводзяцца як індывідуальна, так і групавыя (2-3 чалавекі), для выхаванцаў ад 3-х гадоў – у гульнявой форме. Школьнікаў рэпетытар набрала з 3 да 9 класаў. У студыю прымаюцца і дарослыя, якія жадаюць авалодаць англійскай мовай ці ўдасканаліць яе.

Каля 10 новых прыгожых экзатычных кветак з’явіліся сёлета ў аранжарэі аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

Літаральнага на мінулым тыдні пенсіянерка з райцэнтра, якая не пажадала назваць сваё прозвішча, перадала лімоннік і прыгожую пальму. Аранжарэя і невялікі жывы куток прыносяць радасць выхаванцам аддзялення, супакойваюць іх нервовую сістэму, дораць добры настрой.