Добраахвотнае страхаванне дадатковай накапляльнай пенсіі – даступны спосаб павысіць даход у пенсійным узросце

Важное Главное Общество

У аснове дзяржаўнай палітыкі Рэспублікі Беларусь – заўсёды чалавек. Сацыяльная абарона і падтрымка беларусаў старэйшага пакалення ў любых умовах, пры любых абставінах – важнейшы прыярытэт. Намаганні беларускай дзяржавы па забеспячэнні ўстойлівага росту пенсій, паляпшэнні сацыяльнага асяроддзя паступова мяняюць якасць жыцця пажылых людзей.

Беларускія пенсіянеры сталі жыць лепш. Калі ў 2000-я гады сярэдняя пенсія па ўзросце была фактычна на ўзроўні пражытачнага мінімуму пенсіянера, то сёння перавышае гэты бюджэт у 2,4 раза. Павышэнне дабрабыту дазволіла вывесці пенсіянераў з катэгорыі малазабяспечаных грамадзян. Доля атрымальнікаў з памерам пенсіі ніжэй за бюджэт пражытачнага мінімуму пенсіянера з 2011 года складае менш за 1 працэнт. За апошнія пяць гадоў – 2016-2020 гады – пенсіі ў рэальным выражэнні (з улікам інфляцыі) выраслі ў 1,2 раза.

Пажылыя беларусы сталі жыць даўжэй. За перыяд з 2001 па 2019 гады чакаемая працягласць жыцця грамадзян, якія дасягнулі 65-гадовага ўзросту, павялічылася ў сярэднім на 2,3 года і складае 13,02 года ў мужчын, 18,35 года – у жанчын. Важна, што працягласць жыцця расце не толькі ў жанчын, але і ў мужчын.

Мяняюцца самі погляды на патрэбы і лад жыцця ў пажылым узросце. Сёння пры выхадзе на пенсію беларусы хочуць не толькі надаваць увагу родным і блізкім, але і захоўваць актыўны лад жыцця: вандраваць, займацца любімай справай, асвойваць новыя веды, выкарыстоўваць сучасныя сродкі камунікацыі. Дзяржава гарантуе працоўную (салідарную) пенсію па ўзросце. Менавіта гэта пенсія выступае асноўнай крыніцай даходу пажылых грамадзян. Але, каб рэалізаваць усё жадаемае, толькі дзяржаўнай пенсіі ўжо недастаткова. Неабходна падключыць дадатковыя крыніцы пенсійнага даходу. Пры гэтым можна самастойна паўплываць на памер свайго даходу ў старасці. Работнікам, якія дасягнулі пенсійнага ўзросту, прадугледжаны механізм адкладзенай пенсіі.

Як гэта працуе. Калі работнік працягвае працаваць пасля назначэння пенсіі па ўзросце, ён можа адмовіцца ад яе атрымання. У гэтым выпадку пасля звальнення да пенсіі будзе выплачвацца дадатковая прэмія. Памер прэміі прагрэсіўна павялічваецца ў залежнасці ад колькасці поўных гадоў ці месяцаў такой работы. Гэта значыць, чым большы перыяд работы без пенсіі, тым вышэйшая і прэмія. За пяць гадоў работы без атрымання пенсіі можна павялічыць яе памер у 1,7-1,8 раза.

Больш маладым работнікам адрасаваны праграмы добраахвотнага пенсійнага страхавання. Як гэта працуе. Работадаўца ці сам работнік заключае дагавор са страхавой арганізацыяй і пачынае выплачваць дадатковыя ўзносы. Пры дасягненні работнікам пенсійнага ўзросту з сабраных узносаў і даходаў ад іх інвесціравання выплачваецца дадатковая пенсія. Калі чалавек прыняў рашэнне атрымліваць страхавое забеспячэнне не адзін раз (адначасова), а на працягу вызначанага перыяду – гэта значыць, у выглядзе дадатковай пенсіі, то гэту пенсію можна атрымліваць пажыццёва ці па выбары на працягу 3, 5, 10 ці 15 гадоў.

 У накапляльнай пенсійнай праграме памер перыядычнай выплаты (пенсіі) залежыць не толькі ад аб’ёму пенсійных зберажэнняў, але і ад працягласці перыяду, на працягу якога будзе выплачвацца пенсія да поўнага зрасходвання зберажэнняў. Чым карацейшы тэрмін атрымання пенсіі, тым вышэйшы яе памер.

У Беларусі ў добраахвотным пенсійным страхаванні пакуль удзельнічаюць толькі каля 5 працэнтаў грамадзян, якія заняты ў эканоміцы. У асноўным гэта ініцыятыва наймальнікаў, што ўключаюць дадатковае пенсійнае страхаванне ў сацыяльны пакет прадпрыемстваў. У той жа час мець камфортны ўзровень даходу ў старасці жадаюць усе. Таму важнай задачай стала стварэнне пенсійных праграм.

У дакладзе на VI Усебеларускім народным сходзе Прэзідэнт Беларусі А. Р. Лукашэнка прапанаваў падрыхтаваць праграму “тры плюс тры”: работнік зможа пералічваць на свой рахунак да трох працэнтаў заработнай платы – столькі ж прыбавіць і яго работадаўца.

27 верасня 2021 года Прэзідэнтам краіны падпісаны Указ № 367 “Аб добраахвотным страхаванні дадатковай накапляльнай пенсіі”, згодна з якім з 1 кастрычніка 2022 года ўводзіцца дадатковы від пенсійнага страхавання – добраахвотнае страхаванне дадатковай накапляльнай пенсіі з фінансавай падтрымкай дзяржавы.

Пры гэтым з’яўленне новай добраахвотнай пенсійнай праграмы не закранае дзяржаўныя абавязацельствы па салідарнай пенсійнай сістэме. Канстытуцыйныя гарантыі па сацыяльным забеспячэнні грамадзян у старасці, інваліднасці, у выпадку страты карміцеля застаюцца нязменнымі. Усе гарантыі дзяржавы па працоўных пенсіях і іх павышэнні будуць няўхільна выконвацца. З прымяненнем норм указа пачне дзейнічаць новы фінансавы стымул – дзяржаўнае сафінансаванне. Яно заключаецца ў тым, што частка ўзносаў на накапляльную пенсію будзе аплачана з дзяржаўных сродкаў.

Як будзе працаваць новая праграма?

Работнік, які жадае ўдзельнічаць у страхаванні, з 1 кастрычніка 2022 года зможа плаціць дадатковы ўзнос на накапляльную пенсію (у дадатак да абавязковага 1-працэнтнага ўзносу на працоўную (салідарную) пенсію). Памер гэтага ўзносу – у працэнтах ад фактычнай заработнай платы – ён выбірае сам. Максімальны памер дадатковага ўзносу работніка – 10 працэнтаў. Калі работнік прыняў рашэнне ўдзельнічаць, то да гэтага падключаецца і яго работадаўца. Ён будзе абавязаны плаціць узнос у памеры ўзносу работніка, але не больш за 3 працэнты. Напрыклад, работнік выбірае ўзнос на накапляльную пенсію ў памеры 1 працэнта ад заработнай платы. У гэтым выпадку яшчэ 1 працэнт даплаціць яго работадаўца. У агульнай складанасці ў добраахвотныя пенсійныя накапленні гэтага работніка паступіць узнос у памеры 2 працэнтаў ад яго фактычнай зарплаты. Пры трохпрацэнтным узносе работніка работадаўца даплаціць ужо 3 працэнты. У пенсійныя накапленні работніка паступяць 6 працэнтаў ад яго заработнай платы. 5 працэнтаў плаціць работнік – яшчэ 3 працэнты работадаўца і гэтак далей.

Уступленне работніка ў новую праграму ніяк не адлюструецца на яго працоўнай (салідарнай) пенсіі. Яе памер вызначаецца на тых жа правілах, што і ў работнікаў, якія не прымаюць удзел у добраахвотным страхаванні, – зыходзячы з паказчыкаў стажу і заработку да звяртання за пенсіяй.

 Важна адзначыць, што пры ўступленні работніка ў новую праграму расходы яго работадаўцы на выплату пенсійных узносаў не павялічацца. Яго абавязковы 28-працэнтны ўзнос у бюджэт фонду сацыяльнай абароны насельніцтва суразмерна зменшыцца. Напрыклад, калі ў пенсійныя накапленні работніка неабходна будзе накіраваць 3 працэнты, то ў бюджэт фонду сацабароны будуць пералічаны 25 працэнтаў. У той жа час перадача часткі ўзносу работадаўцы ў пенсійныя накапленні работніку – гэта выпадаючыя даходы бюджэту фонду сацыяльнай абароны насельніцтва. Таму на гэтым этапе падключыцца дзяржава. Яна прыме на сябе абавязацельствы па захаванні даходаў бюджэту фонду для забеспячэння выплаты бягучых пенсій у рамках салідарнай пенсійнай сістэмы.

Для ўдзельнікаў новай праграмы прадугледжаны і іншыя фінансавыя стымулы: ільгота па падаходным падатку. Так, работнікам прадастаўляецца права на атрыманне сацыяльнага падаходнага выліку на суму выплачаных за кошт сродкаў работніка страхавых узносаў у будучую накапляльную пенсію. Гэта значыць, што памер заробку работніка, з якога работадаўцам вылічваецца падаходны падатак (13 працэнтаў), будзе паменшаны на велічыню страхавога ўзносу, выплачанага за кошт сродкаў работніка.

 Дадатковыя накапляльныя пенсіі таксама вызваляюцца ад падаходнага падатку з фізічных асоб; магчымасць атрымання ў спадчыну пенсійных накапленняў; гарантыя захаванасці пенсійных накапленняў. Ажыццяўленне добраахвотнага страхавання дадатковай накапляльнай пенсіі ўказам ускладзена на дзяржаўную страхавую арганізацыю – рэспубліканскае страхавое прадпрыемства “Стравіта”. Дзяржава гарантуе страхавыя выплаты па дагаворах страхавання, якія заключаны гэтым страхавым прадпрыемствам.

Хто можа ўдзельнічаць у новым страхаванні?

Права ўдзельнічаць у праграме прадастаўлена работнікам, за якіх іх работадаўцамі выплачваюцца абавязковыя ўзносы ў бюджэт фонду сацабароны. У большасці выпадкаў такі характар мае работа па працоўных і (ці) грамадзянска-прававых дагаворах, прадметам якіх з’яўляюцца выкананне работ, аказанне паслуг і стварэнне аб’ектаў інтэлектуальнай уласнасці.

Пачынаць удзельнічаць у новым страхаванні можна не пазней чым за тры гады да дасягнення агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту.

Памер будучай накапляльнай пенсіі

Памер накапляльнай пенсіі будзе вылічвацца з сум дадатковых узносаў з улікам даходаў ад іх інвесціравання: па прынцыпе – колькі назапасіў, столькі і атрымаў. Указам гарантуецца норма даходнасці па пенсійных зберажэннях у памеры стаўкі рэфінансавання Нацыянальнага банка, што дзейнічае ў адпаведным перыядзе. Акрамя таго, прадугледжваецца налічэнне дадатковай даходнасці (страхавога бонуса) па выніках інвестыцыйнай дзейнасці РУСП “Стравіта”.

Таксама на суму пенсіі ў месяц паўплывае і выбраны работнікам тэрмін яе атрымання – 5 ці 10 гадоў.

Як пачаць удзельнічаць у новай праграме?

З 1 кастрычніка 2022 года работнікам, якія жадаюць фарміраваць дадатковую накапляльную пенсію, неабходна звяртацца ў РУСП “Стравіта”. Падаць заяву і заключыць дагавор можна пры асабістым візіце ў гэту страхавую арганізацыю ці ў электронным выглядзе праз яе афіцыйны сайт. Пра заключэнне дагавора і ўдзел у новай праграме неабходна паведаміць яго работадаўцу. Дадатковыя ўзносы работніка на накапляльную пенсію па яго заяве будуць штомесячна пералічвацца самім работадаўцам.