Разумееш, што заўтра можа і не быць…

COVID-19 Безопасность и здоровье

Наталля ДУДАР, жыхарка Валожына:

 – У нашай сям’і ўсё пачалося адразу пасля Новага года. Дрэнна сябе адчуў муж: у яго паднялася тэмпература. Не марудзячы, пайшоў у паліклініку, здаў тэст. Тэмпература не зніжалася, пачалася ламата ў целе, а праз тры дні прыйшлі станоўчыя вынікі аналізаў на кавід. На наступны дзень да нас прыехалі з бальніцы, узялі мазкі ў мяне і ў сына.

 Што мы адчувалі ў гэты час? Адразу ж – паніка, дадалося нейкае незвычайнае самаадчуванне: унутры круціла-ламала, здавалася, што кожны орган сам па сабе баліць. Усё гэта складана і, па праўдзе кажучы, страшна, бо не маглі знайсці позы, як лепш сесці ці легчы. Смак і пах зніклі пазней. Пацвердзілася і тое, аб чым шмат гаварылі спецыялісты: кавід і сапраўды “б’е” па самых слабых месцах. У нас з мужам ёсць не зусім хранічныя, а, так бы мовіць, захворванні, якія дрэмлюць, і яны “ажывіліся”: я нават па “хуткай дапамозе” ў бальніцу патрапіла. Аднак сам кавід у мяне з сынам прайшоў больш-менш у сярэдняй ступені, хаця і з запаленнем лёгкіх. А вось муж быў пасля аперацыі, таму яму давялося лячыцца ў стацыянары 12 дзён на кіслароднай масцы – да ШВЛ, дзякуй Богу, не дайшло. Памятаю, як адыходзіў у бальніцу, а ў мяне ў думках: “А ці вернецца?..” З другога боку, надзея, безумоўна ж, была, бо дапамогу аказвалі прафесіяналы.

Да таго ж літаральна ў снежні ў нашай шматпавярхоўцы ад кавіду памерлі два мужчыны. Калі гавораць па тэлевізары пра хваробу – здаецца, гэта ўсё недзе там, далёка, да нас, можа, і не дойдзе, а калі ўвачавідкі сутыкаешся з лятальнымі выпадкамі, тым больш з людзьмі, якіх добра ведаў, становіцца не па сабе. Бо, зразумела, калі цяжка дыхаць, адчуваеш неймаверную слабасць – 10-15 хвілін не можаш стаяць на нагах, трэба абавязкова прылегчы, проста гарыш ад тэмпературы, тады стараешся лячыцца праз сілу: літрамі п’еш ваду, якая проста ў цябе не ўліваецца, шукаеш хоць што-небудзь, што дапаможа. Хвароба ж пакуль зусім невядомая – ніхто не ведае, чаго ад яе чакаць.   

Зараз ужо думаю: уратавала і дапамагло, што своечасова звярнуліся за лячэннем. А дзе заразіліся? Напэўна, у грамадскім месцы. Хаця ўсіх мер перасцярогі прытрымліваліся строга – і па родзе дзейнасці, і па самасвядомасці.

Хачу аддаць даніну павагі нашым медыкам: тэлефанавалі кожны дзень, даведваліся пра здароўе, праз дзень прыязджала брыгада “хуткай дапамогі” – мы былі “на кантролі”, але ў добрым сэнсе слова.

Калі пачалася вакцынацыя, муж прышчапіўся адным з першых, я з сынам – крыху пазней. Так, прышчэпка пакуль што “сыраватая”, аднак у кожнага ёсць ШАНС і НАДЗЕЯ (інакш не назаву): як кажуць, лепш зрабіць і не пашкадаваць, чым не зрабіць,а пасля шкадаваць. Пацвярджэнні дзейснасці вакцынацыі атрымліваю часта. Вось на рабоце многія калегі зрабілі прышчэпкі ў чэрвені-ліпені, адна з іх нядаўна перахварэла на кавід даволі лёгка. І прызналася: “Я ўпэўнена, што прышчэпка мне дапамагла”.

Усе павінны зразумець: нікуды ад кавіду мы не дзенемся, і колькі з ім давядзецца жыць – невядома. Трэба прыняць: ну такое выпрабаванне выпала на наш век. Зразумець, прыняць і ратавацца – тымі спосабамі, якія прапануюць вучоныя і медыцына. Бо на працягу многіх стагоддзяў менавіта вакцынацыя ўратоўвала ад эпідэмій. Будзем спадзявацца, што не падвядзе яна і зараз.

Дарэчы, на кавід сёлета паспела перахварэць двойчы. У другі раз увогуле не ведала, што хворая. Ізноў жа, каб некаторыя захворванні не абвастрыліся і не давялося абследавацца: перад тым, як паклалі ў бальніцу, узялі экспрэс-тэст, а ён даў станоўчы вынік. Кавід аказаўся ў самай актыўнай форме, хаця працякаў увогуле без усялякіх сімптомаў. Калі ж здала аналізы на антыцелы, іх аказалася дастаткова, каб супрацьстаяць каварнай хваробе.

У мінулым годзе на кавід перахварэла сям’я майго брата, а ў гэтым вясной захварэла мая матуля. Мне трэба было хадзіць, даглядаць – там, думаю, і “падчапіла” гэту заразу. У яе слабым месцам аказалася сэрца: не ведалі, як будзе. Знайшлі кісларод, і яна праз трубачкі дыхала ім дома. Але ўсё роўна без бальніцы не абышлося – праўда, ляжала ў Маладзечне 10 дзён. Ад’язджала на лячэнне – з намі развітвалася ў прамым сэнсе слова. Ужо пасля прызналася, што ўсё помніць, як у тумане, баялася казаць, наколькі дрэнна ёй было, каб не палохаць.

У свае 73 гады і з цэлым “букетам” балячак яна таксама зрабіла прышчэпку. Нават нікуды ісці не давялося – медыкі прыехалі на дом: участковы ўрач і так ведае ўсе хваробы, але памераў ціск і сатурацыю, паслухаў дыханне, запытаўся пра самаадчуванне. Безумоўна, вельмі зручна, больш спакойна і бяспечна, асабліва для пажылых людзей. Хаця суседкі на лавачцы каля дома прыводзілі свае довады і меркаванні, а яна адназначна вырашыла для сябе: трэба засцерагчыся. Дарэчы, матуля летась упершыню зрабіла прышчэпку ад грыпу і лічыць, што, у нейкай ступені дзякуючы ёй, яна і выкарабкалася падчас кавіду. Таму сёлета таксама хоча яшчэ прышчапіцца і ад грыпу.

Перанёсшы на сабе і адчуўшы на сваёй сям’і COVID-19, перажыўшы і асэнсаваўшы, сёння зусім інакш гляджу на гэты свет. Змяніліся каштоўнасці і многае іншае. Жыву па прынцыпе: нельга адкладваць на заўтра тое, што можна зрабіць сёння, бо… заўтра можа і не быць. Ёсць жа такія выпадкі, калі хвароба “з’ядае” чалавека за лічаныя дні. Размаўляю і вяду сябе так, быццам бы гэта апошняя сустрэча. Так-так, я не перабольшваю, кажу сур’ёзна, бо страшна ўспамінаць. Пахі да цяперашняга часу не ўсе адчуваю, з’явіліся новыя захворванні, якія дагэтуль ніяк не праяўляліся.

Беражыце сябе, нікога не слухайце, самі думайце, разважайце і прымайце разумнае рашэнне. Не хварэйце і будзьце здаровыя!