Вірус не скідае карону

COVID-19

Колькі бед і няшчасцяў звалілася на чалавецтва ў апошнія гады – раней так, здаецца, не было. А, можа, проста мала пра гэта гаварылі і паказвалі? Паводкі затапляюць гарады. Вада змывае паселішчы і маёмасць, гінуць людзі. Вулканы, прачнуўшыся, заліваюць лавай жыллё. Бушуюць лясныя пажары, гіне ўсё жывое і зноў жа людзі.

Мала бед, дык з’явілася яшчэ няшчасце. Яго называюць і проста інфекцыяй, і пандэміяй, і кавідам, і каранавірусам. Але сутнасць адна: гэта хвароба захапіла ў палон усіх людзей свету. Не абмінула яна і Валожыншчыну – часткова і нашу сям’ю.

Усё пачалося з лёгкага кашлю і тэмпературы. Колькі дзён мы з жонкай змагаліся дома, але без бальніцы – ніяк. Было страшнавата, бо маем хранічныя захворванні. Але, дзякуй Богу, дапамаглі добрыя і спагадлівыя ўрачы – Дзямбіцкі, Дубінка, Лушчыцкія, Нехвядовіч, Якіменка. Можа, і не ўсіх назваў, бо ў касмічных касцюмах, бывае, і не пазнаць. З той групы ўрачоў, што лячылі менавіта мяне, “вядучым” быў Ілля Алегавіч Дзямбіцкі. Можна толькі здзіўляцца, колькі сіл і энергіі ў гэтага чалавека. Па некалькі разоў ён заходзіў у палаты ўдзень, а калі знаходзіўся на дзяжурстве, дык і ўначы. І, дзякуючы нашаму выратавальніку, хвароба стала адступаць.

Хочацца выказаць падзяку ўсім урачам, медыцынскім сёстрам, санітарачкам раённай бальніцы, тым, хто нас, так бы мовіць, карміў, за сумленную працу і спагаду да хворых. Пасля выпіскі з бальніцы колькі разоў медыкі наведваліся да нас дадому: мералі сатурацыю, давалі парады па рэабілітацыі. Участковы тэрапеўт Алена Уладзіміраўна Лушчыцкая спраўлялася аб здароўі, рэкамендавала патрэбныя лекі.

Але, вядома, пасля бальніцы яшчэ доўга трэба лячыцца дома. Агульная слабасць, нервовасць і іншыя сімптомы захоўваюцца працяглы час. І неабходна сабраць усю сілу волі, каб супрацьстаяць гэтай каварнай хваробе. Раім людзям выконваць масачны рэжым, прыслухоўвацца да парад урачоў і абавязкова прышчапіцца. Можа хто адносіцца да прышчэпкі з недаверам, але ўсе мы разумныя і цывілізаваныя людзі – глядзім тэлевізар, слухаем радыё, чытаем газеты, сочым за інфармацыяй у сацыяльных сетках, дзе пастаянна і з пацвярджэннем фактамі гавораць, што прышчэпленыя лягчэй пераносяць хваробу і рэдка паміраюць. Таму, паважаныя землякі, выбірайце здаровы і небяспечны лад жыцця, засцерагайце сябе і іншых – і тады гэты вірус аслабіць свае шчупальцы і скіне сваю карону.

Уладзімір БУРАКОЎСКІ,

жыхар Валожына,

член народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь” раённага Цэнтра культуры