Каранавірусная інфекцыя ў дзяцей: што трэба ведаць бацькам!

COVID-19 Безопасность и здоровье

У большасці дзяцей каранавірусная інфекцыя працякае бессімптомна, у лёгкай ці ў сярэдняй ступені цяжкасці і заканчваецца выздараўленнем на працягу аднаго-двух тыдняў з моманту захворвання.

Самыя распаўсюджаныя сімптомы ў дзяцей: гарачка і кашаль. Цяжкасць цячэння інфекцыі залежыць ад узросту і наяўнасці фактараў рызыкі. У дзяцей ва ўзросце ад 0 да 9 гадоў часцей сустракаюцца гарачка, кашаль і рэдка – задышка. З іншых сімптомаў назіраюцца галаўны боль, насмарк, млоснасць, ірвота, болі ў жываце. У дзяцей ва ўзросце ад 10 да 19 гадоў сімптомы тыя ж, але больш выражаныя і працяглыя, акрамя таго, рэгіструюцца страта паху і смаку, стомленасць і дрыжыкі.

Улічваючы складаную эпідэміялагічную сітуацыю, распаўсюджванне індыйскага варыянта віруса (варыянт-дэльта), які характарызуецца больш кароткім інкубацыйным перыядам, неабходна ведаць пра высокі ўзровень верагоднасці развіцця ў інфіцыраваных дзяцей мультысістэмнага запаленчага сіндрома (далей – MIS-C).

Што такое MIS-C? Гэта рэдкі, але цяжкі стан, асацыіраваны з каранавіруснай інфекцыяй у дзяцей. Яго характэрнай асаблівасцю з’яўляецца мноства прыкмет і сімптомаў паражэння органаў, у тым ліку далучэння сэрца, страўнікава-кішачнага тракту, нырак, гематалагічныя, дэрматалагічныя, неўралагічныя сімптомы і павышаныя маркеры запалення.

MIS-C можа праяўляцца праз некалькі тыдняў пасля заражэння дзіцяці каранавіруснай інфекцыяй. Дзіця можа быць інфіцыравана ад бессімптомнага кантакту.  Наяўнасць пры аглядзе кан’юнктывіту, хейліту, ацёчнасці далоняў і (ці) ступні, сыпу любога характару, павелічэнне лімфатычных вузлоў у спалучэнні з гарачкай вышэй за 39 ці 38 градусаў працягласцю 4-5 дзён, дзіця павінна быць шпіталізавана ў бальніцу для выключэння MIS-C. Таксама дзіця павінна быць шпіталізавана пры наяўнасці цяжкіх спадарожных захворванняў: імунадэфіцытны стан – гэта значыць, лячэнне імунасупрэсіўнымі прэпаратамі; анкалагічныя і анкагематалагічныя захворванні; хваробы з парушэннямі сістэмы згусання крыві; прыроджаныя і набытыя парокі і захворванні сэрца, у тым ліку парушэнне рытму, кардыяміяпатыя; прыроджаныя і набытыя хранічныя захворванні лёгкіх; хваробы эндакрыннай сістэмы (цукровы дыябет, атлушчэнне); хранічныя цяжкія хваробы пячонкі, нырак, страўнікава-кішачнага тракту.

Паважаныя бацькі! Своечасовасць звароту за медыцынскай дапамогай дапаможа выратаваць жыццё вашаму дзіцяці. Не адмаўляйцеся ад прапанаванай шпіталізацыі.

Ірына ЮХНОЎСКАЯ,

урач раённы педыятр