У Беларусі ў кастрычніку выпала каля трэці кліматычнай нормы ападкаў

Кругозор Общество

У Беларусі ў кастрычніку выпала каля трэці кліматычнай нормы ападкаў, паведамілі БЕЛТА ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.

«У кастрычніку па краіне назіраўся недабор ападкаў: у сярэднім выпала 14,5 мм (29 працэнтаў кліматычнай нормы). Ападкі па тэрыторыі краіны выпадалі нераўнамерна. Найбольш увільготненай была Віцебская вобласць, на тэрыторыі якой выпала 30,7 мм, або 52 працэнты нормы за месяц. Менш за ўсё ападкаў выпала на тэрыторыі Гомельскай вобласці — 3,9 мм, або 8 працэнтаў кліматычнай нормы. Так суха тут другі раз за перыяд назіранняў з 1945 года», — расказалі ў Белгідрамеце.

Недабор ападкаў адзначаўся ва ўсіх трох дэкадах (14 працэнтаў, 35 працэнтаў і 38 працэнтаў адпаведна). Ападкі выпадалі ў выглядзе дажджоў, у асобныя суткі месцамі адзначалася выпадзенне мокрага снегу. Месцамі ў начны і ранішні час адзначаліся туманы, на станцыі Ліда 13 кастрычніка назіраўся галалёд, на станцыі Стоўбцы 14 кастрычніка — град. У асобных раёнах адзначалася ўзмацненне ветру парывамі 15 м/с і больш. Максімальная скорасць ветру адзначана на станцыі Слуцк 22 кастрычніка (21 м/с).

Сярэдняя па Беларусі тэмпература паветра за кастрычнік 2021 года склала плюс 7,3, што вышэй за кліматычную норму на 0,6 градуса. Тэмпературны рэжым на працягу месяца быў неаднародным. Першая і другая дэкады кастрычніка былі халоднымі з сярэдняй тэмпературай паветра на 0,7 і 0,9 градуса ніжэйшай за норму. Тэмпература паветра трэцяй дэкады была на 3 градусы вышэйшай за норму.

Тэмпература паветра ўдзень знаходзілася ў межах 6-13 градусаў цяпла, а ў самыя цёплыя суткі дзённыя тэмпературы перавышалі 15-градусную адзнаку. Максімальнага значэння тэмпература паветра дасягнула 21 кастрычніка на станцыі Брагін і склала плюс 21,1 градуса.

Начныя тэмпературы большую частку месяца знаходзіліся ў інтэрвале ад мінус 3 да плюс 9, у самыя халодныя ночы апускаліся да мінус 5 і ніжэй. Мінімальная тэмпература паветра зарэгістравана на станцыі Езярышча 9 кастрычніка і склала мінус 6,6 градуса.