Страшна тое, што людзі да канца не разумеюць, з якой праблемай сутыкнуўся ўвесь свет зараз

COVID-19 Безопасность и здоровье Мы говорим

Кацярына НАДУЛІНА-ЗГІРСКАЯ,валанцёр групы “Дапаможам медыкам Валожыншчыны”:

 – Ужо амаль два гады свет змагаецца з COVID-19. У першую хвалю, калі з-за невядомасці і навізны ўсё здавалася насамрэч намнога страшней, чым зараз, бо ні медыкі, ні людзі не ведалі, як змагацца з вірусам, калі ў аптэках быў дэфіцыт масак і антысептыкаў, а пульсаксіметраў, якімі вымяраюць сатурацыю, не хапала нават у бальніцах, мы з сябрамі сталі валанцёрамі і, як маглі, дапамагалі нашай паліклініцы і інфекцыйнаму шпіталю, што быў адкрыты на базе радзільнага аддзялення.

Ці быў у нас тады страх захварэць? Мы настолькі смела ўзяліся за справу, што проста не думалі пра гэта – было страшна толькі прынесці вірус сваім блізкім, таму што я была ўпэўнена, калі і перахварэю, то зусім бессімптомна, а пасля як-небудзь прыйду здаваць тэст на антыцелы і здзіўлюся таму, што яны ёсць.

Ішоў час. Зараз у любым магазіне можна набыць маскі і антысептыкі, урачы за гэтыя два гады выратавалі тысячы жыццяў людзей, пачалі з’яўляцца новыя штамы каранавіруса – кожны раз усё больш складаныя і складаныя. Сёлета летам нам прапанавалі прайсці абследаванне ў паліклініцы па праграме “Адзнака папуляцыйнага імунітэту да COVID-19” у Рэспубліцы Беларусь. Калі гаварыць прасцей – здалі кроў з вены і затым выявілі, ці ёсць у нас антыцелы, перахварэлі мы ці не. Праз нейкі час на пошту прыйшло пісьмо з вынікам даследавання: і, сапраўды, вельмі здзівілася, калі высветлілася, што за паўтара года (на той момант) не захварэла. Пасля падумала: а чаму здзіўляцца? Я ж заўсёды ў грамадскім месцы нашу маску і захоўваю дыстанцыю, стараюся менш мець зносіны з людзьмі і не наведваць масавыя месцы.

Яшчэ ў пачатку года ў нашай краіне пачалі вакцынаваць ад “кароны”, але былі некаторыя супрацьпаказанні, па якіх не змагла гэта зрабіць. Уся мая сям’я і сябры прышчапіліся адразу ж, калі з’явілася такая магчымасць. Для сябе вызначыла – зраблю прышчэпку ў 2022 годзе. Мне заставалася толькі спадзявацца на сваю адказнасць. Але, на жаль, не заўсёды ўсё залежыць ад нас. Калі, напрыклад, ты стаіш у магазіне, а ззаду ў чарзе жанчына без маскі ледзьве не лезе табе на шыю, хоць, здаецца, не засталося ніводнай гандлёвай кропкі ці грамадскага месца, дзе не было б напісана пра захаванне дыстанцыі і нашэнне масак. Калі мужчына на касе сварыцца з прадаўцом толькі таму, што тая папрасіла яго надзець маску. Калі падлеткі надзяваюць маску на вочы, на валасы, але зусім не па прызначэнні, і стаяць смяюцца – бо для іх гэта смешна.

Зусім не смешна – гэта страшна. Страшна тое, што людзі да канца не разумеюць, з якой праблемай сутыкнуўся ўвесь свет зараз. Успамінаецца адзін выпадак, калі была ў магазіне, і туды зайшла бабуля. Прадавец запыталася ў яе: “Бабуля, а дзе ж Ваша масачка?” На што тая адказала: “Ой, памру і добра, што мне тут засталося?!” Я не вытрымала і сказала: “А калі хтосьці памрэ з-за Вас?” І яна замоўкла. Сапраўды, носячы маску, мы ратуем не сябе, а кагосьці ад сябе, і, каб усе да гэтага адносіліся больш сур’ёзна, магчыма, сітуацыя па захворванні была б іншай.

Кастрычнік  2021 года. Нічога не прадвяшчала бяды. Менавіта ў гэту хвалю ў мяне чамусьці з’явіўся страх, якога дагэтуль не адчувала, але старалася па максімуме нікуды не хадзіць, а калі і патрэбна было – то вельмі хутка. Проста бачыла, што ўжо пачалі хварэць нават маленькія дзеці – і хварэць досыць цяжка, што вірус не шкадуе і нованароджаных, і цяжарных, і маладых, хто раней не быў у зоне рызыкі. Баялася недарэмна, таму што ўсё-такі захварэла. Запытаецеся, чаму? Гэта пытанне пакуль застаецца без адказу. Сапраўды, нават уявіць не магу, дзе і як заразілася. Усё пачалося як звычайная прастуда, таму на сто працэнтаў была ўпэўнена, што гэта менавіта яна: які кавід – я ж захоўвала ўсе меры перасцярогі. Адразу быў насмарк, але настолькі моцны, што некалькі дзён дыхала ротам. Праз два дні дадалася моцная ламата ў целе і слабасць – адчуванне, як у цябе вельмі высокая тэмпература, а па факце яна 36,5 градуса. Ужо на той момант закралася думка: штосьці тут не так, а на наступны дзень знік нюх. У мяне ўзялі пцр-тэст, але, чакаючы выніку, усё ведала і без яго. Праз пяць дзён увогуле не разумела, што адбываецца і дзе знаходжуся, а самае галоўнае, што непакоіла: калі ж стане лягчэй? Калі прыйшоў станоўчы вынік, а гэта быў шосты дзень хваробы, вечарам ні з таго, ні з сяго ўзнялася тэмпература, з’явіўся кашаль, які ўзмацняўся настолькі, што яго чулі суседзі за сцяной. Гэта значыць, аб папраўцы гаворкі не ішло – а наадварот.

На наступны дзень прыехала кантактная група, зрабіла рэнтген, і высветлілася, што пачынаецца пнеўманія. Давялося класціся ў бальніцу, бо стан толькі пагаршаўся. Узялі аналізы, назначылі лячэнне, і толькі на 10-я суткі крыху пасвятлела ў вачах. Хачу вельмі падзякаваць нашым паважаным урачам: яны настолькі турбуюцца, клапоцяцца і робяць усё магчымае для кожнага хворага, што хочацца нізка пакланіцца ім у ногі – за самаахвярнасць, за чуласць, спагаду, неабыякавасць, разуменне і падтрымку.

Ужо прайшлі тры тыдні з моманту, калі захварэла. Пакуль не ведаю, колькі спатрэбіцца часу, каб аднавіцца пасля віруса – ён настолькі непрадказальны: сёння быццам бы ўсё добра, а заўтра рэзка становіцца дрэнна. У бальніцы бачыла людзей пасля рэанімацыі: ведаеце, страшна пазіраць на тое, як дарослыя людзі не могуць самастойна рабіць элементарныя справы без дапамогі. Некалькі дзён пасля бальніцы проста прыходзіла ў сябе, праўда разумела, што лёгка “адкруцілася”, ніхто не мог прадказаць, што магло б здарыцца надалей.

Каранавірус не шкадуе нікога. Не магу заклікаць, магу толькі выказаць сваё меркаванне, і яно можа разыходзіцца з вашым. Першае, аб чым падумала пасля бальніцы: як толькі дазволіць самаадчуванне – адразу ж вакцынуюся. Хтосьці “за” вакцынацыю, хтосьці – “супраць”, але, толькі стварыўшы калектыўны імунітэт, мы зможам перамагчы каранавірус, а не ён нас. Пра прышчэпкі гавораць шмат, і многія гавораць не зусім праўдзівую інфармацыю. Калі вы сумняваецеся – пракансультуйцеся са спецыялістамі-медыкамі, няхай яны – тыя, хто непасрэдна з гэтым працуе і ў гэтым разбіраецца, – адкажуць вам на ўсе пытанні. Не слухайце суседку, якая прачытала незразумелы артыкул у інтэрнэце і пасля дае параду: варта прышчэплівацца ці не. З размоў са сваімі знаёмымі магу сказаць, што тыя, хто прышчапіўся і захварэў, сапраўды перахварэлі намнога лягчэй і хутчэй паправіліся.

Хачу пажадаць усім моцнага здароўя. Беражыце сябе, адносцеся да каранавіруса вельмі сур’ёзна: насіце маскі ў грамадскіх месцах, захоўвайце дыстанцыю. Нельга думаць, што вас ён не кране. Паверце майму вопыту – перахварэць нават у лёгкай форме – цяжка. Толькі тады, калі кожны пачне ўсведамляць сваю адказнасць перад іншымі людзьмі, разумець, што ад яго паводзін залежыць жыццё іншага чалавека, мы зможам штосьці змяніць. Калі адчуваеце сябе дрэнна, заставайцеся дома, не распаўсюджвайце вірус далей. Давайце зробім жыццё нашых урачоў, якія цэлыя суткі зараз змагаюцца за нашы жыцці, хоць крышачку лягчэйшым. Вялікі дзякуй ім за работу!

Вельмі спадзяюся, што гэта хутка скончыцца, і мы зажывём, як і раней. Усё залежыць толькі ад нас саміх.