Гонар за Беларусь. Здароўе кожнага з нас – галоўная каштоўнасць

Безопасность и здоровье Общество

У рамках праекта “Школа Актыўнага Грамадзяніна” напрыканцы мінулага тыдня старшакласнікі другой гарадской школы і Гародзькаўскага і Сівіцкага вучэбна-педагагічных комплексаў дзіцячы сад-сярэдняя школа абмеркавалі пытанні, звязаныя з дасягненнямі ў ахове здароўя і фармацыі. Мерапрыемствы гэтага “ШАГу” прайшлі пад агульнай тэмай: “Гонар за Беларусь. Здароўе кожнага з нас – галоўная каштоўнасць”.

Медык разам з вучнямі Сівіцкай школы яшчэ раз узгадалі пра меры перасцярогі пры COVID-19.

Ключавая ідэя рэалізацыі праекта “ШАГ” для 8-11 класаў у 2021-2022 навучальным годзе – расказваць вучням пра важнейшыя дасягненні Рэспублікі Беларусь за гады незалежнасці з выкарыстаннем вынікаў шматгадовых сацыялагічных даследаванняў, якія характарызуюць развіццё розных сфер грамадскага жыцця краіны.Падчас сустрэчы ў СШ № 2 райцэнтра пра здароўе і вакцынацыю падрабязна расказала намеснік галоўнага ўрача райбальніцы Ганна Шурыгіна. Вельмі ажыўлена і прадукцыйна вучні абмеркавалі з Ганнай Валер’еўнай пытанні сучаснай сістэмы аховы здароўя Беларусі, даведаліся пра развіццё фармацэўтычнай галіны, пагутарылі пра бясплатную і даступную медыцынскую дапамогу, высокатэхналагічную і перадавую медыцынскую практыку. Абмеркаваць дасягненні айчыннай медыцыны ў барацьбе з віруснымі інфекцыямі, такімі, як адзёр, дыфтэрыя, гепатыт, туберкулёз, краснуха, каранавірус і інш.

Будучых выпускнікоў зацікавіла інфармацыя па прафарыентацыі: з першых вуснаў яны атрымалі дакладную інфармацыю пра навучальныя ўстановы, якія рыхтуюць медыцынскіх і фармацэўтычных работнікаў, а таксама аб тым, што ў нас налічваецца каля сотні медыцынскіх прафесій. І, як пасля высветлілася, сярод школьнікаў ёсць вучні, якія ў будучым плануюць звязаць свой жыццёвы шлях з гэтымі прафесіямі.

Старшакласнікі Гародзькаўскай школы ўважліва слухаюць медыцынскага работніка.

А вось перад старшакласнікамі Гародзькаўскага ВПК выступіла памочнік урача Гародзькаўскай амбулаторыі Алена Маразоўская. Разам яны абмеркавалі такія важныя пытанні: што з’яўляецца асноўнай задачай беларускай медыцыны; чаму Беларусь выбіраюць пляцоўкай не толькі для лячэння і аздараўлення, але і для атрымання медыцынскай адукацыі? Усе пагадзіліся з выказваннем: “Грошы згубіў – нічога не згубіў, час змарнаваў – многае ўпусціў, здароўе страціў – усё прапала”.

 

На заканчэнне хлопцы і дзяўчаты зрабілі вывад, што здароўе кожнага чалавека – у яго ўласных руках. Здаровы лад жыцця, крытычныя адносіны да шкодных звычак, умацаванне здароўя, актыўная жыццёвая пазіцыя, удзел у фізкультурна-аздараўленчых і спартыўна-масавых мерапрыемствах – вось тое, што з’яўляецца актуальным і важным для прадстаўнікоў маладога пакалення!

 

Наш кар.